weather 11° Маладзечна
weather 11° Вілейка
weather 16° Смаргонь
weather 11° Ашмяны
weather 13° Валожын
weather 11° Мядзел
weather 16° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4702
1 долар 2.0035
100 рас.руб. 3.2694
13.11.2010 08:38 , AЎТАР(Ы): Марына Сліж

Краіна “саветаў”

“У апошнія гады я палюбіла адзіноту, – гаворыць знаёмая жанчына. –  Ёсць час, лепш кніжку якую пачытаю альбо кіно пагляджу. Стамілася ад людзей. І нават ведаю чаму: у нас ніхто не ўмее слухаць. Толькі парады даюць”.

Як я яе разумею! У самой ёсць знаёмыя, гатовыя вучыць з раніцы да вечара. “Ой, ты кілбасу купіла, — заглядваючы ў мой пакет з прадуктамі тараторыць жанчына, — а гэта ж так шкодна. Я наогул ніколі кілбасу не купляю, толькі мяса. З яго і фарш можна скруціць, і раніцай на сняданне падсмажыць”. Я слухаю і маўчу. Усё адно, пакуль не раскажа пра тое, колькі батона кладзе ў катлеты альбо якімі кавалкамі рэжа ў салат агуркі, не супакоіцца.

І нават калі я мільённы раз скажу ёй, што смажанага сала з яйкамі, як заведзена ў іх сям’і, мае на сняданне не ядуць, жанчына не запомніць. Бо правільна ўсё робіць толькі яна.

“Сёння прыязджае свякроў, — расказвае мне знаёмая. – Іду на працу, цэлую кішэню ключоў нясу: ад пісьмовага стала, ад шафы, секцыі. Перад яе прыездам я дэманстратыўна ўсё запіраю. Бо, застаўшыся ў кватэры адна, залезе ў кожны кут, а пасля цэлы месяц будзе тэлефанаваць і вучыць, як трэба складваць адзенне і прасаваць пасцельную бялізну. І хоць бы сама ідэальная была”.

Нядаўна адну жанчыну каляжанкі адпраўлялі ў дэкрэт. “Гэта ж так добра, — раілі ёй, — пасля сарака раджаць – самае тое. Памаладзееш, падужэеш, і ціску не будзе, і суставы балець перастануць”. Цікава, а самі б яны на такі подзвіг асмеліліся, ды яшчэ маючы двух студэнтаў?

…Гаспадыня  выносіць у падвал “закаткі”. За ёй пільна назіраюць тры бабулі-пенсіянеркі, што выйшлі падыхаць паветрам. “Чацверты раз з сумкамі пайшла. Мусіць, зімой адны агуркі будзе есці”, – канстатуе адна з іх. І тут жа дадае: “Панасаджваюць на дачы немаведама колькі, пасля цягаюць. Я на рынку 10 кілаграмаў купіла, закруціла ды хопіць. Навошта людзям столькі. Ад сквапнасці пазадушваюцца”.

“Невядома хто першы”, — нядобра думаю пра гаваркую цётку. І вельмі здзіўляюся, што яе субяседніцы ў знак згоды ківаюць галовамі. Правільна, каму ж, як не ім ведаць, колькі той жанчыне трэба агуркоў.

“Мама, ні на што не трэба звяртаць увагі, — раіць мне час ад часу старэйшы сын. — Ты дзе нарадзілася? У краіне саветаў! Краіна распалася, саветы засталіся. У нас усе ведаюць, як трэба апранацца, лячыцца, жыць”.

“Не трэба было Верцы прадаваць хату, ой, не трэба было, — склаўшы на грудзях рукі адна суседка гаворыць пра другую. – З дзецьмі жыць цяжка. То тое будзе не так, то гэта. Наплачацца!”.

Тыдзень таму Верка прыязджала ў вёску. Паправіць родныя магілы, паставіць напярэдадні свята на іх кветкі. Да аўтобуса часу было багата. Каб не мерзнуць, зайшла да радні. З падарункамі, пачастункамі.  Казала, што жывецца ёй у дзяцей добра. Ды і без таго было бачна, што за год гарадскога жыцця жанчына стала лепш выглядаць. Паправілася, паружавела.

“Хвалілася Верка, — насіла навіны па вёсцы ўсё тая ж суседка. – а што ёй цяпер казаць. Хаты ж няма, не вернешся”. А я ўсё думала, чаму ёй так хочацца, каб той жанчыне было дрэнна…

Марына СЛІЖ.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце