weather 11° Маладзечна
weather 11° Вілейка
weather 16° Смаргонь
weather 11° Ашмяны
weather 13° Валожын
weather 11° Мядзел
weather 16° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4702
1 долар 2.0035
100 рас.руб. 3.2694
25.11.2010 20:43 , AЎТАР(Ы): Марына Сліж

Стары альбом

Жанчына купіла сабе кватэру ўвосень. Былыя гаспадары не вельмі стараліся надаць ёй таварны выгляд. І новай гаспадыні давялося добра папацець, пакуль павыносіла нікому не патрэбныя рэчы і смецце.

Альбом з фотаздымкамі яна знайшла на антрэсолях сярод кучы старых газет. І ў той жа дзень стала шукаць нумар тэлефона былых гаспадароў. Пагаварыць атрымалася дзесьці праз дні тры. “Я альбом тут ваш знайшла”, – пачала жанчына нясмела. “Выкіньце”, – сказалі ёй на другім канцы проваду і паклалі трубку.

Нейкі час знаходка ляжала ў пакоі на падаконніку. Рука не падымалася вынесці на сметнік альбо здаць у макулатуру. У вольныя хвіліны жанчына гартала яго пажоўклыя старонкі, углядалася ў твары на фотаздымках, з надзеяй убачыць каго-небудзь знаёмага і прапанаваць забраць рэч сабе. Не выйшла…

Праз нейкі час яна ўсё ж пазбавілася ад радасных і сумных момантаў чужога жыцця. Вынесла альбом на вуліцу і паклала ля смеццевага кантэйнера. А раптам хто-небудзь з жыхароў дома пазнае на фота сваіх суседзяў і захоча, як памяць, забраць сабе.

Пасля гэтага яна яшчэ некалькі месяцаў запар “дамаўлялася” са сваім сумленнем. “Дарма ты гэта зрабіла, трэба было пакінуць альбом сабе”, – казала яно жанчыне ў панядзелак. “Навошта табе чужая энергетыка, і чаму ты павінна перажываць за чужыя фотаздымкі, якія не патрэбныя радні”, – схіляла да іншай думкі ў аўторак.

Не адзін месяц прайшоў з таго часу. Але жанчына па сённяшні дзень адчувае сябе няёмка. Быццам бы не фотаздымкі, а людзей вынесла на сметнік. І ім там холадна, крыўдна і балюча.

Своеасаблівы летапіс сям’і ў фотаздымках мы збіраем усё жыццё. Нарадзіўся чалавек – фатаграфуем. Усміхнуўся, зрабіў першы крок, пайшоў у першы клас – усё стараемся зафіксаваць, пакінуць на памяць. “Ведаеш, пасля твайго расказу мне стала страшна, – прызналася знаёмая, пачуўшы гэту гісторыю. – Каторы дзень перабіраю фотаздымкі, раскладваю па альбомах і думаю: а раптам і з маімі так унукі зробяць? Будзе насіць іх вецер па вуліцах горада. А пасля хтосьці знаёмы вылавіць з якой-небудзь лужыны і скажа: “Глядзіце, гэта ж мая былая выкладчыца?”

Гэта цяпер у кожным доме ёсць фотаапарат, і здымак можна зрабіць у любы час дня і сутак. Раней да гэтай падзеі рыхтаваліся загадзя. Людзі апраналі на сябе ўсё самае лепшае. Нярэдка, перш чым сесці ў крэсла да прафесійнага фатографа, жанчыны нават рабілі прычоскі. “Гэта ж памяць, – казалі яны. – Унукі будуць глядзець, праўнукі”.

У мяне дома ёсць фотаздымак бабулі, на якім яна, яшчэ дзяўчынка, стаіць разам са сваёй сястрой, бацькам і маці на фоне вясковай царквы. Знайшла яго ўжо пасля бабулінай смерці. На самым дне старога драўлянага куфра, куды яна любіла складваць сваё адзенне. Кругленькі дзіцячы тварык з курносым носам і чорненькімі, бы намаляванымі, броўкамі падаўся мне тады такім знаёмым! І толькі праз нейкі час зразумела, што ў дзяўчынкі з фотаздымка, зробленага ў 1930 годзе, і майго малодшага сына, які нарадзіўся ў 1995-м, ёсць падобныя рысы твару.

Выкінуць такое фота, бы кавалак сэрца адарваць. Угледзьцеся ў старыя фотаздымкі!

Марына СЛІЖ.

 

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце