weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 3° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4432
1 долар 2.1666
100 рас.руб. 3.2497
30.11.2010 16:19 ,

Шыльды на прыпынках крадуць і ламаюць

Новыя прыгожыя пластыкавыя расклады руху транспарту доўга не жывуць – невядомыя псуюць і ламаюць шыльды на аўтобусных прыпынках у горадзе.

Па словах начальніка аддзела пасажырскіх перавозак маладзечанскага аўтапарка №4 Аляксандра Кавалёва, для прадпрыемства гэта – вялізная і балючая праблема. Менавіта пластыкавымі шыльдамі ў горадзе абсталяваныя 35 прыпынкаў са 155. “З прыпынку каля спартыўнай школы і каля рынку іх ужо кралі – у гаспадарцы ўсё спатрэбіцца. У Зялёным Гарадку шыльду фарбай запэцкалі. Каля спартшколы замянілі расклад – тры дні павісеў, і зноў яго паламалі. Каля рэчавага рынку ці не раз на два месяцы даводзіцца мяняць. Ды што пластыкавыя – нават металічныя згінаюць і ламаюць”, – сказаў ён.

На прыпынку каля магазіна “БазаР” ад шыльды з раскладам руху засталіся толькі “рожкі” – “ножкі” нехта адарваў.

Аўтапарк, па словах Аляксандра Кавалёва, заказвае пластыкавыя шыльды на адным з маладзечанскіх прадпрыемстваў. Метр квадратны там каштуе 122 тысячы рублёў. Так што аўтапарк церпіць страты з-за хуліганаў і зладзеяў.

Затрымаць іх, каб спагнаць грошы за нанесеную шкоду, цяжка. Але магчыма: калі відавочцы тэрмінова па тэлефоне паведамілі ў міліцыю ці нарад быў побач. Аляксандр Кавалёў успамінае, што гады тры-чатыры таму, калі хлопцы ноччу ламалі металічную шыльду ля Палаца культуры, іх затрымаў нарад міліцыі, і яны атрымалі штраф.

Намеснік начальніка маладзечанскага аддзела дэпартамента аховы Уладзімір Васількоў згадаў і свяжэйшы выпадак. 19 кастрычніка на вуліцы Будаўнікоў жыхар Светлагорска ламаў не толькі расклад, але і сам прыпынак. Мужчына, які жыве паблізу і ўбачыў здарэнне праз акно, патэлефанаваў у міліцыю. Хулігана затрымалі.

Для чаго людзі псуюць і крадуць расклады? Металічныя – каб здаць на лом і атрымаць грошы. У гэтым супрацоўнікі і міліцыі, і аўтапарка не сумняваюцца. Такія злачынцы не толькі шыльды, але і сметніцы крадуць. А вось пластыкавыя… “Не ад вялікага розуму, – лічыць Уладзімір Васількоў. – Яны і самі наўрад ці змаглі б патлумачыць, навошта. Два тыдні таму мы патрулявалі горад. Едзем па вуліцы, бачым – б’ецца моладзь, пяцёра хлопцаў гадоў па 15-16. Спыніліся, расцягнулі іх. Што здарылася, хто пацярпелы, хто напаў – нічога адказаць не могуць. Прэтэнзій адно да аднаго нібыта не маюць. І з выгляду цвярозыя. Ну што тут скажаш? Як у той байцы: “Калі няма разумніка другога, Пабіцца каб удвух, Дык ён разгоніцца ды ў сцену – бух!”

У суседняй Вілейцы пластыкавых шыльдаў пакуль няма. Але і металічныя, як і ў Маладзечне, здымаюць. “Зрываюць ці згінаюць. І ў горадзе, і на раёне. На раёне часцей летам, бо моладзь любіць на прыпынку адпачываць. Ці здаюць як металалом, не ведаю – няма ў мяне такіх фактаў. У наступным годзе плануем замяніць шыльды на пластыкавыя – яны не ржавеюць, як металічныя. Спадзяюся, што віляйчане не стануць іх ламаць”, – расказаў “РГ” начальнік аддзела перавозак аўтапарка №5 Аляксандр Галко.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце