weather -5° Маладзечна
weather -5° Вілейка
weather -3° Смаргонь
weather -5° Ашмяны
weather -4° Валожын
weather -5° Мядзел
weather -3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4042
1 долар 2.122
100 рас.руб. 3.1935
03.12.2010 09:08 ,

З'явіліся першыя ахвяры марозу

У нашым рэгіёне ўжо ёсць першыя ахвяры марозу. У Маладзечанскім раёне, непадалёк ад вёскі Вязынка, 27 лістапада знайшлі цела мужчыны, які памёр ад пераахаладжэння.

У Вілейскім раёне пакуль што ўсіх уратавалі. Загадчык аддзялення “Хуткай дапамогі” вілейскай цэнтральнай раённай бальніцы Васіль Канівец расказаў раніцай 2 снежня, што на гэтым тыдні яго супрацоўнікам дастаўляць у бальніцу абмарожаных не даводзілася: “Некаторыя людзі мелі магчымасць абмарозіцца – перабраўшы алкагольных напояў, яны ўкладваюцца “адпачыць” проста на вуліцы. Але ж цяпер ва ўсіх ёсць мабільныя тэлефоны. Праз пяць хвілін пасля “ўкладкі” нам тэлефануюць прахожыя, і мы выязджаем. Калі здароўю чалавека нічога не пагражае і ён можа назваць дамашні адрас, вязём дадому. Калі зусім у бессвядомасці ці яму патрэбна медыцынская дапамога – у прыёмны пакой”.

Ад пачатку гэтага тыдня і да серады, 1 снежня, тэмпература паветра паніжалася: на вілейскай гідраметэастанцыі самая нізкая тэмпература за 29 лістапада – -13,2 °С, за 30 лістапада – -15,5 °С, за 1 снежня – -19,9 °С, што ніжэй за кліматычную норму на сем-адзінаццаць градусаў. Да канца тыдня метэаролагі прагназавалі пацяпленне да -8-2 °С.

Гэта на руку транспартнікам. Пры вялікіх маразах часта замярзае дызельнае паліва, аўтобусы выбіваюцца з графіку руху, пасажыры хвалююцца і скардзяцца на нязручнасці.

У сераду, 1 снежня, не ўсе маладзечанцы своечасова трапілі на працу. Ранішні маршрут “двойкі” адпраўленнем з “Хлебазавода” у 7:05 спазніўся на 15 хвілін. Людзі спрабавалі ўціснуцца ў маршрутку, але на ўсіх той не хапіла.

“У “двойкі”, якая выйшла ў рэйс, замкнула аўтаправодку, – патлумачыў намеснік дырэктара аўтапарка № 4 Віктар Рудкоўскі. Таму на замену паслалі іншы. Хаця прычыны непаладак аўтобусаў бываюць розныя. Пры такім надвор’і часта бывае, што замярзае дызельнае паліва. Але мы знайшлі выйсце – у дызель дабаўляем газу. Так паліва не замярзае, аўтобусы хутчэй “прачынаюцца” і менш ламаюцца”.

На азёрах і вадасховішчах устанаўліваецца лёд. Але ён, па словах начальніка вілейскай выратавальнай станцыі Аляксандра Роўды, яшчэ вельмі слабы і небяспечны. Тым не менш некаторыя рыбакі ўжо спрабавалі лавіць шчупакоў на першым лёдзе.

Першыя маразы не спужалі камунальнікаў. У Маладзечне і раёне не паступіла ні адной скаргі на ацяпленне, паведаміла  аператар пульта кіравання аварыйна-дыспатчарскай службы “Камунальніка” Зоя Вярынская.

Сярэдняя тэмпература паветра ў снежні чакаецца на адзін градус ніжэй за норму, – папярэджваюць метэаролагі.

Зоя ХРУЦКАЯ, Святлана ЦІШКО.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце