weather 14° Маладзечна
weather 14° Вілейка
weather 18° Смаргонь
weather 14° Ашмяны
weather 16° Валожын
weather 14° Мядзел
weather 18° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4702
1 долар 2.0035
100 рас.руб. 3.2694
18.12.2010 07:07 , AЎТАР(Ы): Марына Сліж

Што ў жыцці галоўнае?

“Жадаю вам, паважаная Ганна Аляксандраўна, душэўнага спакою, сямейнага цяпла і пабольш здароўя. Астатняе – прыложыцца”.

Мне гадоў 16, не больш. Слухаю словы ў адрас юбіляркі, якой споўнілася 40, моршчуся. Ну і віншаванне. Душэўнага спакою, здароўя. Быццам бы гэта ў жыцці самае галоўнае. Кахання трэба жадаць, шчасця, цікавых сустрэч, здзяйснення мар, фінансаў, ды каб без рамансаў.

Цяпер мне ўжо нават крыху больш, чым той юбілярцы. Я даўно так не думаю. І вельмі люблю, калі людзі жадаюць адно аднаму здароўя і душэўнага спакою. Бо кожны дзень за кагосьці баліць сэрца: за мужа, які ў далёкай камандзіроўцы, за здароўе малодшага сына, за экзамен па паліталогіі ў старэйшага, а яшчэ за бацькоў, сваякоў, у якіх таксама не ўсё і не заўсёды ладзіцца, нават калег. Бо за час, што працуем разам, яны таксама, як свае. І іх боль, іх праблемы даходзяць і да твайго сэрца.

Я ведаю, што так жыць нельга, што на многія рэчы трэба глядзець прасцей. І нават кажу сабе час ад часу: “Паглядзі: цячэ вада, расце трава, раніцай узыходзіць сонца. Усё гэта без твайго ўдзелу. Адпусці сітуацыю. Хай ідзе, як ідзе. І ўсё наладзіцца, усё прыйдзе ў норму”. Бывае – дапамагае, часам – не.

Адна мая прыяцелька, разважаючы пра жыццё, любіць казаць: “Чаго баішся, ад таго не ўцячэш”. І расказвае пра матэрыяльнасць думкі. “Не паспею, — кажа, — падумаць пра што-небудзь, як зробіцца. Ды каб жа добрае. Абавязкова нейкая непрыемнасць ці бяда. Тады сядзеш, абхопіш галаву рукамі. Божачка, падумаеш пра сябе, як жа добра было ўчора. І чаму я гэтага не разумела. Бурчала, сварылася на мужа, ганяла дзяцей, якія не прыбралі ў сваім пакоі. Якія ж гэта дробязі ў параўнанні з тым, што можа табе паднесці жыццё”.

 “Некалі я думала, што галоўнае ў жыцці – дабрабыт і грошы, — падзялілася гады два таму сваімі думкамі мая выпадковая спадарожніца, якая ехала электрычкай ад дачкі з Мінска. — Бегала па магазінах, стаяла ў чэргах, цягнула ў дом посуд, пасцельную бялізну, закладвала шафы новымі коўдрамі, цэлымі вечарамі думала над тым, дзе б гэта прыхаваць ад злодзея шкатулачку з золатам і кашалёчак з далярамі. А захварэла ўнучка, і мне ўсё гэта раптам стала непатрэбным. У адзін дзень зразумела, што ні за тое перажывала.

Цяпер для мяне шчасце, калі яна гаворыць: “Бабуля, мне сёння не баліць”. Я магу на пальцах пералічыць усе дні, у якія яна ўсміхалася, добра ела, гуляла. Каб падняць дзіця на ногі, грошы трэба таксама. Але цяпер я над імі не трасуся, як некалі. Яны не мэта майго жыцця. Я іх атрымліваю, не шкадуючы трачу. Разумею, што не дзеля грошай павінен жыць чалавек. І, напэўна, вось гэта бяда ў наш дом прыйшла не проста так. Хтосьці вырашыў гэтым самым навучыць мяне. Назапашваючы талеркі і каструлі, я не проста эканоміла на сям’і, я ніколі не паклала ў талерку ні мужу, ні дзецям дзве сасіскі ”…

“Што для вас у жыцці галоўнае?” – спыталася неяк у бабулі, якая размяняла восьмы дзесятак. “Мая сям’я”, — усміхнулася яна. “Светка, а што для цябе ў жыцці галоўнае”, — гэта ўжо чапляюся да калегі. “Каб Ганулька мая не хварэла”, — кажа яна і цяжка ўздыхае. За здароўе галасуюць і іншыя калегі. Толькі вясёлы дзядзька Ігар прызнаўся, што ў жыцці галоўнае добра пад’есці і паспаць. Але, напэўна, ён так не думае. Толькі гаворыць. Бо самае частае слова, якое апошнім часам ужывае – “укрепление”.

Марына СЛІЖ.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце