weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 2° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 2° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4432
1 долар 2.1666
100 рас.руб. 3.2497
01.02.2011 17:24 ,

Вадзіцелі нашага рэгіёну атрымліваюць новыя правы

Фота: Александр.

Ажыятаж у міжраённым рэгістрацыйна-экзаменацыйным аддзяленні маладзечанскай дзяржаўтаінспекцыі (МРЭА ДАІ) узнік сёння, 1 лютага, у першы дзень абмену беларускіх вадзіцельскіх правоў на правы еўрапейскага ўзору.

Ад самай раніцы вадзіцелі стаялі ў чарзе, каб напісаць заяву на абмен правоў кіравання. А палове трэцяй гадзіны дня ўжо было выдадзена 11 новых правоў, напісана больш за 20 заяў. Яшчэ каля 50 чалавек чакалі сваёй чаргі, каб пакінуць заяву. Начальнік МРЭА ДАІ Іван Карпец сказаў у інтэрв’ю “РГ”:

– Я не ведаю, колькі правоў мы сёння выдадзім і калі гэты дзень скончыцца. Народ пачуў інфармацыю аб абмене, але недачуў яе. Вельмі многія не разумеюць: мяняць правы трэба толькі тым, хто збіраецца выязджаць за мяжу. Пры гэтым пры ўездзе ў Шэнгенскую зону правы нашага старога ўзору перастануць быць сапраўднымі толькі пасля 29 сакавіка. Я разумею вадзіцеляў-міжнароднікаў, якія спяшаюцца атрымаць правы еўрапейскага ўзору, але шмат і тых, хто прыйшоў сёння проста дзеля спартыўнага інтарэсу, за мяжу не збіраецца, а тэрмін дзеяння яго старых правоў заканчваецца праз дзевяць гадоў.

Старыя беларускія правы:

Правы еўрапейскага ўзору:

Новыя правы, як і старыя, выдаюцца тэрмінам на 10 гадоў. Працэдура абмену не адрозніваецца ад працэдуры выдачы. Трэба напісаць заяву, мець пры сабе медыцынскую даведку, пашпарт і квітанцыю аб аплаце.

Па словах Івана Карпца, спецыялісты ДАІ могуць надрукаваць і зрабіць не больш за 12 правоў за гадзіну.

Закон дазваляе работнікам дзяржаўтаінспекцыі рыхтаваць гэты дакумент на працягу пяці працоўных дзён. Але начальнік МРЭА кажа, што яны будуць імкнуцца мяняць правы за адзін дзень, калі народ не будзе ствараць ажыятаж.

– Застаецца спадзявацца, што хваля ахвотных тэрмінова здзейсніць абмен праз дзень-два спадзе, – сказаў Іван Карпец.

У людзей, якія стаялі ў чарзе, каб напісаць заяву, – свая праўда. Яны абураліся тым, што заявы прымаюць толькі ў адным акенцы. Два іншыя – не працуюць. Вадзіцель-міжнароднік Уладзімір Грыневіч можа б і не пайшоў сёння мяняць правы, але якраз ён у адпачынку, а ў рэйс толькі праз тыдзень.

– Сёння толькі першы дзень абмену і першы дзень тыдня, – кажа Уладзімір Грыневіч. Таму так многа народу. Упэўнены, што ўжо заўтра ажыятаж спадзе. Але пакуль мне не трэба ў рэйс, хачу вырашыць гэту задачу. Стаю ў чарзе ад дзевяці гадзін раніцы і ніяк не магу напісаць заяву. Працуе толькі адно акенца з трох…

МРЭА маладзечанскай ДАІ абслугоўвае Маладзечанскі, Вілейскі, Мядзельскі і Валожынскі раёны. У папяровай версіі “РГ” у пятніцу, 4 лютага, наша выданне апублікуе пералік дакументаў, неабходных для абмену правоў, кошт гэтай працэдуры і рэжым работы спецыялістаў МРЭА.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце