weather -5° Маладзечна
weather -5° Вілейка
weather -3° Смаргонь
weather -5° Ашмяны
weather -4° Валожын
weather -5° Мядзел
weather -3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4042
1 долар 2.122
100 рас.руб. 3.1935
04.02.2011 12:46 ,

І стала Вілія морам. Творчы праект "Рэгіянальнай газеты"

Самае буйное ў Беларусі штучнае вадасховішча будавалі восем гадоў. Афіцыйным днём яго нараджэння лічыцца 8 верасня 1973 года. Але будаўнікі тут з’явіліся значна раней…

Рэдакцыя “Рэгіянальнай газеты” пачынае новы праект “І стала Вілія морам”, прымеркаваны да 35-годдзя з моманту ўводу ў эксплуатацыю Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Будаўніцтва яе пачалося значна раней, яшчэ ў красавіку 1968 года. І доўжылася восем гадоў.

Вадасховішча змяніла не толькі лад жыцця людзей, якія былі выселеныя з вёсак, што падлягалі затапленню. У кагосьці з’явіліся суседзі – перасяленцы, хтосьці памяняў не толькі работу, але і месца жыхарства, бо вырашыў, што менавіта яго рабочых рук не хапае на будаўніцтве новага і важнага аб’екта. Вы памятаеце, як пачыналася будаўніцтва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, маеце фотаздымкі той пары альбо можаце падзяліцца ўспамінамі? Калі ласка, тэлефануйце ў рэдакцыю. Наш тэлефон – 769667.

Задума перакінуць рачны сцёк да Мінска і зрабіць раку Свіслач паўнаводнай спела даўно. У пачатку 1960-х было прынятае рашэнне пачаць праектныя работы па выбары воднай крыніцы, з якой можна ўзяць ваду, і распрацоўцы трасы яе перакідвання.

Разглядаліся розныя варыянты: з вярхоўяў Нёмана, Пцічы, Бярэзіны, Гайны, Віліі і іншых рэк. Для больш дэталёвага параўнання спыніліся на трох асноўных варыянтах сістэмы водазабеспячэння: дзве трасы ішлі ад Бярэзінскага басейна і адна – ад Віліі. Выбар паў на варыянт перакідвання сцёку з Віліі. Гэта было танней і плюс да ўсяго вілейская вада аказалася лепшай па якасці.

Усё пачыналі з нуля

Першыя земляныя работы тут пачаліся ў красавіку 1968 года. Калектывы БУ-1 і УМ-5 ва ўмовах бездарожжа, на вялікай плошчы, якая перавышала 70 квадратных кіламетраў, штурмавалі гушчары, балоты, пяскі.

Неабходна было высечы лясы, якія займалі больш за палову плошчы будучага вадасховішча, перанесці ці пабудаваць нанава каля 500 жылых дамоў для перасяленцаў, бо ў ахвяру вадасховішчу паклалі ажно 10 вёсак.

За кошт дзяржавы людзям пабудавалі дамы ў перспектыўных населеных пунктах. А з раёна вадасховішча вывезлі сотні тысяч кубаметраў дзелавой драўніны. Драбналессе, хмызняк і пні карчавалі, палілі або глыбока хавалі ў зямлю.

Першы аб’ект — дамба

Першым аб’ектам, з якога пачалося будаўніцтва галоўнага гідравузла, была левабярэжная агараджальная дамба. Але перад тым, як пачаць яе адсыпку, давялося пракласці дарогу, па якой і была перакінутая ў пачатку мая магутная землекапальная і іншая тэхніка.

“Сярод тых, хто паклаў першыя кубаметры грунту ў збудаванне, — расказвае “Мінская праўда” за 20 верасня 1973 года, — былі машыністы экскаватараў І. М. Новік, М. М. Хоміч, П. Р. Пагуда, бульдазерысты У. Ф. Валынец, Г. С. Лях і іншыя механізатары”.

Амаль адначасова пачалі адсыпку земляной плаціны, крыху пазней – пракладку падводнага ўчастка магістральнага канала.

У сакавіку 1969 года на базе ўчастка стварылі будаўнічае ўпраўленне №1. І… закіпела работа.

Дзень нараджэння вадасховішча

Прайшло пяць гадоў. За гэты час калектыў упраўлення выканаў аб’ём работ каштарысам на 17 мільёнаў рублёў. На фініш былі выведзены ўсе аб’екты. Будоўля ўступіла ў завяршальны этап.

“Кожны член нашага калектыву, — расказваў у інтэрв’ю газеце “Мінская праўда” начальнік будаўнічага ўпраўлення №1 В. К. Лузік, — мае права з гонарам заявіць: усё, што зроблена тут, тварэнне і яго рук. Гэта яны ўзвялі і плаціны, і вадаскід, і агараджальныя дамбы, і дрэнажныя помпавыя станцыі, і магутную вытворчую базу з чыгуначнай веткай, бетонным заводам, аўтаматычным складам цэменту, майстэрнямі і іншымі аб’ектамі. Гэта яны пабудавалі на ўскрайку Вілейкі жылы мікрараён імя Касманаўтаў, дзе пражывае 11 сем’яў рабочых БУ-1 і УМ-5.

Нараджэнне Вілейскага вадасховішча прымеркавалі да часу перакрыцця Віліі. Гэта падзея адбылася ва ўрачыстай абстаноўцы 8 верасня 1973 года.

“Ніколі раней не збіралася столькі народу на берагах Віліі, як у суботу, 8 верасня, — расказвае “Мінская праўда”. – Сюды, да жалезабетоннага цела вадаскіду, прыйшлі будаўнікі, жыхары з навакольных вёсак, госці з Мінска, Маладзечна, Вілейкі, каб стаць сведкамі знамянальнай падзеі – перакрыцця ракі”.

На галоўны гідравузел прыехаў у гэты дзень першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Пётр Машэраў. А ўрачысты мітынг адкрыў першы сакратар Вілейскага райкома КПБ В. Рудакоўскі.

І вось настае хвалюючы момант. Па сігнале з каманднага пункта лепшыя бульдазерысты УМ-5 пачынаюць штурм Віліі. Усё вузейшым і вузейшым робіцца праран. Праз 50 хвілін рака была перакрытая. Яе воды пайшлі ў абход праз вадаскід да свайго старажытнага рэчышча. І адразу ж яна пачала выходзіць з берагоў, затапляць ачышчаную пойму. Такім быў дзень нараджэння самага буйнога ў Беларусі штучнага вадасховішча.

Вада ідзе ў Мінск

Тым часам работы па будаўніцтве канала працягваліся. Асноўныя работы былі закончаны да канца лістапада 1975 года. Спецыяльна прызначаная рабочая камісія праверыла гатоўнасць тэхнічных збудаванняў да пропуску вады. У пачатку студзеня была разабраная зямельная перамычка, і вілейская вада атрымала свабодны доступ у канал. Для гэтага стваральнікам сістэмы спатрэбілася амаль восем гадоў.

Сённяшняя сістэма ўяўляе сабой комплекс складаных гідратэхнічных збудаванняў. Вілейска-Мінская водная сістэма цягнецца на 140 кіламетраў з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Даўжыня галоўнай вадасцёкавай сістэмы складае больш за 200 кіламетраў. Максімальная вышыня вадаскіду над узроўнем мора складае 342 метры.

У межах вадаскіду знаходзілася больш за 900 сельскіх населеных пунктаў, каля 100 калгасаў і саўгасаў, некалькі падсобных гаспадарак, шмат дачных пасёлкаў.

Вёску Рыбчына вось-вось затопяць.

Каля 30 працэнтаў тэрыторыі вадаскіду займаюць лясы, пяць рэк – Вілія, яе прыток Сэрвач, Дзвіноса, Ілія, Свіслач, а таксама 35 іншых рэк даўжынёй больш за 10 кіламетраў, на ручаях і малых рэках створана шмат сажалак.

Вілейскае вадасховішча самае буйное ў рэспубліцы. Плошча яго 64,6 кіламетра квадратных, найбольшая глыбіня 13 метраў, даўжыня 27 кіламетраў, найбольшая шырыня 3 кіламетры. Даўжыня берагавой лініі складае 137 кіламетраў, аб’ём вады 238 мільёнаў метраў кубічных, плошча водазабору – 4120 кіламетраў квадратных. Сярод усіх вадаёмаў Беларусі як прыродных, так і штучных яно займае другое месца пасля возера Нарач.

Па матэрыялах Вілейскага краязнаўчага музея матэрыял да друку падрыхтавала Марына СЛІЖ.

Фота з фондаў Вілейскага краязнаўчага музея.

Працяг праекта:

«Будаўнікі працуюць па Злобінскім метадзе».

Водная сістэма змяніла жыццё Вілейкі.

Вёскі пераязджалі разам з пагостамі.

Анфісіна яма.

Мінску патрэбна вілейская вада.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце