weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 3° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4432
1 долар 2.1666
100 рас.руб. 3.2497
23.02.2011 10:38 ,

Каледж зарабляе, таму і інтэрнаты яго добрыя (+фота)

У Вілейскага прафесійна-тэхнічнага каледжа – два інтэрнаты, дзевяці- і пяціпавярховы. “Мы маем магчымасць уладкаваць усіх дзяцей, якія маюць у патрэбу ў жыллі”, – не без гонару адзначае кіраўніцтва каледжа.

Каледж утварыўся шляхам рэарганізацыі двух прафесійна-тэхнічных вучылішчаў – №48 і №124. У кожнага з іх быў інтэрнат, таму цяперашні каледж такі “заможны”. Жыллём забяспечаныя 399 навучэнцаў.

У дзевяціпавярховым будынку не толькі жывуць навучэнцы, але і размяшчаецца музейны пакой, бібліятэка з чытальнай залай, дзе ёсць і камп’ютар, падключаны да хуткаснага Інтэрнэту. Тут жа – гасцініца каледжа, у якой могуць пераначаваць дзеці з аздараўленчых лагераў, госці Вілейкі. Гэты інтэрнат – блочнага тыпу: у жыхароў кожных васьмі пакояў – асобная кухня, туалет і душ – на чатыры пакоі.

Мы наведалі пяціпавярховы інтэрнат, дзе жывуць толькі навучэнцы каледжа. Ім, – расказала намеснік дырэктара каледжа па выхаваўчай рабоце Святлана Мацецкая, ад 16 да 20 гадоў. Хоць і маладыя, але дарослыя людзі. Некаторыя на апошніх курсах ужо маюць сям’ю, дзяцей. Напрыклад, Кацярына Харук і Максім Гурыновіч пазнаёміліся ў каледжы. Ён вучыцца на вадзіцеля-аўтаслесара, яна – на повара-кулінара. Праўда, цяпер Кацярына – у акадэмічным адпачынку, бо гадуе дзіця, якому пайшоў другі год. Сям’і выдзелілі асобны пакой. Пасля заканчэння каледжа іх пастараюцца размеркаваць на работу ў адзін населены пункт.

Уваход у адзін з інтэрнатаў Вілейскага прафесійна-тэхнічнага каледжа.

Пакой, у якім жывуць Аксана і Надзея Нейфельд і Надзя Лісоўская, – лепшы на ўсім трэцім паверсе.

Пяціпавярховы інтэрнат – калідорнага тыпу. На кожным паверсе – 24 пакоі, кухня, пакой адпачынку, прыбіральня і душ. На кухнях і ў прыбіральні нядаўна зрабілі рамонт, не толькі касметычны, але і замянілі плітку, сантэхніку. Электрычныя пліты новыя, з сучаснымі таймерамі для гатавання. Перад імі, як патрабуюць правілы тэхнікі бяспекі, – гумовыя дыванкі.

У пакоях жывуць па два, па тры, рэдка па чатыры чалавекі. Калі адносіны ў суседзяў не складваюцца – жывыя людзі з рознымі характарамі, усякае здараецца, – камендант дазваляе перасяліцца. З мэблі, акрамя ложкаў, ёсць стол, кніжныя паліцы, шафа для рэчаў, тумбачкі.

На апошнім паверсе – медпункт. На першым – пакой псіхалагічнай разгрузкі. Тут працуе сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба, псіхолаг праводзіць індывідуальныя кансультацыі. Навучэнцы звяртаюцца з распаўсюджанымі ў такім узросце праблемамі – адных, як героя старога савецкага фільма, не разумеюць блізкія і сябры, іншым надакучыла вучыцца ці засумняваліся ў выбары прафесіі…

Тут жа дзейнічае выстава работ гуртка “Дэкаратыўна-прыкладной творчасці”, які працуе на базе каледжа. Гурток – ім кіруе Анастасія Міхайлава – мае некалькі накірункаў: салонная лялька, роспіс гаршкоў і традыцыйная лялька. “Не роспіс, – папраўляе мяне Анастасія Міхайлава, – а дэкарыраванне паверхні ў тэхніцы “дэкупаж”. Мы выкарыстоўваем папяровыя сурвэткі: выразаем з іх узор, прыклейваем, крыху прамалёўваем, пакрываем лакам – вырабы нават можна мыць. Гэта добры спосаб для тых, хто не ўмее маляваць”.

Салонную ляльку – ёсць сярод іх і дамы ў сярэдневяковых убраннях, Кот у ботах, і шашлычнік, грыбнік – робяць з палімернай гліны. Пасля абпальвання лялькі вельмі падобныя на фарфоравыя – цікавы сучасны накірунак творчасці. Анастасія Міхайлава прадэманстравала і зярнушку – ляльку з тканіны, якую напаўнялі зернем з добрага ўраджаю і ставілі ў чырвоны кут, каб у доме быў дастатак і праз год таксама мець багаты ўраджай.

Анастасія Міхайлава на занятках гуртка вучыць рабіць лялек з палімернай гліны.

Дзмітры Арцем’еў і Руслан Ракіцкі вучацца на вадзіцеляў-аўтаслесараў.

У вольны час Дзмітры Арцем’еў і Руслан Ракіцкі клеяць царкву з запалак.

Лялькамі і дэкупажом цікавяцца дзяўчаты. А хлопцы маюць магчымасць навучыцца ляпіць гаршкі: у інтэрнаце на гэта ёсць спецыяльны пакой з электрычным ганчарным колам, ваннай для захоўвання гліны. Вучыць моладзь ганчарнаму майстэрству Наталля Сідэрчык.

У год Труса ганчарныя вырабы ўпрыгожваюць адпаведна.

Таксама для маладых людзей працуюць два гурткі більярднага спорту – “Клуб джэнтэльменаў” і “Залатая луза”, якімі кіруюць Іосіф Мароз і Сяргей Краснянкоў. Дзяліць памяшканні ім не даводзіцца – у інтэрнаце ў асобных пакоях ёсць два більярдныя сталы.

У інтэрнаце каледжа ёсць куток адпачынку з зімовым садам і акварыўмам. Каця Грышкевіч з Мядзельскага раёна і Юры Падбярэзска з Докшыцкага раёна.

У вольны час можна паглядзець тэлевізар ці фільм на дыску – на кожным паверсе ёсць тэлевізар і ДВД-прайгравальнік. А можна завітаць у пакой выхавальніка. На кожным паверсе працуе свой выхавальнік – з 14 да 23 гадзін без выхадных. Кожны чацвер яны ладзяць тэматычныя мерапрыемствы. Нядаўна адзначалі Дзень Святога Валянціна – конкурсная праграма для пар. На Каляды навучэнцы пяклі хрушчы, пераапрануўшыся, калядавалі.

У пакоі выхавацелькі Ірыны Сінькевіч.

Акрамя выхавальнікаў, у інтэрнаце ад 17 да 23 гадзін дзяжураць майстры, ад 23 да 8 гадзін – начны майстар.

У пральным пакоі.

Кіраўніцтва каледжа клапоціцца пра добрыя бытавыя ўмовы навучэнцаў: ёсць у інтэрнаце пакой для мыцця, абсталяваны пральнай машынай-аўтамат, ваннай і спецыяльным, як у цырульні, крэслам для мыцця і афарбоўкі валасоў. Тут жа можна сушыць вымытае адзенне. Асабліва запатрабаваны пральны пакой у сірот – юнакоў і дзяўчат, якім няма куды ехаць у выхадныя дні. “У нас вучацца дзеці-сіроты не толькі з вілейскай школы-інтэрната – з усяго рэгіёна: з Мінска, Валожынскага раёна, Радашкавіцкай школы-інтэрната, – расказала ў інтэрв’ю “РГ” Святлана Мацецкая. – Яны жывуць у інтэрнаце. За некаторымі з іх замацаванае жыллё (засталося ад бацькоў). Іншыя атрымоўваюць сацыяльнае жыллё. Напрыклад, Дзіма Хмялеўскі некалькі дзён таму атрымаў аднапакаёвую кватэру ў Мінску. Будуецца падобнае жыллё і ў Вілейцы”.

Інтэрнаты каледжа – дагледжаныя і ўтульныя. Такія ўмовы навучальная ўстанова забяспечвае за свае сродкі. “Падчас навучання выхаванцы каледжа робяць на продаж каваныя вырабы, дзверы, вокны, працуе наша СТА, міні-гасцініца, ёсць групы на платнай аснове – усё гэта прыносіць даход. І мы маем магчымасць укладваць сродкі ў рамонт будынкаў і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы”, – патлумачыла Святлана Мацецкая.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце