weather 6° Маладзечна
weather 6° Вілейка
weather 5° Смаргонь
weather 6° Ашмяны
weather 5° Валожын
weather 6° Мядзел
weather 5° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4197
1 долар 2.0988
100 рас.руб. 3.2132
26.02.2011 08:15 ,

Ці быць смяротнаму прыгавору ў Беларусі: “за” і “супраць”

За мінулы год на Маладзечаншчыне здзейсненае адно злачынства, склад якога падпадае пад пакаранне смерцю.

Па словах Вадзіма Шукрынава, старэйшага следчага пракуратуры Мінскай вобласці па Маладзечанскім раёне, у 2009 годзе такіх злачынстваў пракуратура разглядала тры.

За што ў нашай краіне чалавек можа атрымаць смяротны прыгавор і як выконваюць гэтае пакаранне?

У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадугледжаны часовы характар гэтай кары: “смяротнае пакаранне да яго адмены можа выкарыстоўвацца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суда”.

Крымінальны кодэкс прадугледжвае 12 відаў злачынстваў у мірны час і яшчэ два ў ваенны, за якія суд можа вынесці смяротны прыгавор.

Смяротныя прыгаворы, якія вынеслі раённыя суды, можна абскардзіць. Падаць гэты прыгавор на касацыю можна ў абласны суд. Надзор за працэсамі, звязанымі са смяротным пакараннем, здзяйсняе  Вярхоўны суд у якасці суда першай інстанцыі. Ён мае права прыняць для разгледжвання па асабістай ініцыятыве любую крымінальную справу. Права памілаваць асуджанага мае толькі Прэзідэнт Беларусі.

Да гэтай меры пакарання, згодна з заканадаўствам, могуць прысудзіць толькі мужчын, старэйшых за 18 гадоў і маладзейшых за 65. Прыгаворанага не публічна расстрэльваюць.

Пытанне захавання ці скасоўвання смяротнага пакарання выклікае дыскусіі.

Па словах юрыста Валянціна Стэфановіча, большасць меркаванняў сыходзіцца ў тым, што абыходжанне з целамі пакараных смерцю занадта жорсткае. Праваабаронца падкрэслівае, што Савет ААН прыраўноўвае яго да катавання.

Асуджанага не папярэджваюць, калі ён будзе пакараны. Не папярэджваюць і яго сваякоў. Яны не маюць права развітацца з асуджаным і прысутнічаць на пакаранні. Яго асабістыя рэчы таксама не выдаюцца.

Пры выкананні пакарання знаходзіцца пракурор, прадстаўнік установы, у якой здзяйсняецца пакаранне, доктар.

Пасля выканання прыгавору сваякі не могуць развітацца з нябожчыкам і пахаваць яго так, як лічаць патрэбным. Целам распараджаюцца супрацоўнікі СІЗА, дзе прыгавор выконваецца. Праваабаронца працаваў па справах прыгавораных да смерці і кажа, што аб выкананні прысуду сваякі даведваюцца прыкладна праз месяц, калі даводзіцца афармляць пасведчанне аб смерці.

– У выніку родныя пакаранага смерцю не толькі губляюць блізкага чалавека, але і пазбаўляюцца магчымасці наведваць яго магілку. Яны хаваюць якія-небудзь рэчы свайго роднага, каб было куды прыходзіць, – расказвае Валянцін Стэфановіч.

Заканадаўцы ў Беларусі разглядаюць магчымасць адмены гэтага віда пакарання. Згодна з пастановай Канстытуцыйнага суда за 1 сакавіка 2004 года, Канстытуцыя Беларусі дазваляе прымяніць мараторый на выкарыстоўванне смяротнага пакарання ці поўнасцю яго адмяніць. Акрамя таго, суд вырашыў, што некаторыя артыкулы Крымінальнага кодэкса (пункт 11 першай часткі артыкула 48 і артыкул 59) супярэчаць Канстытуцыі, бо ў іх не указваецца на часовы характар смяротнага пакарання.

Беларусь застаецца адзінай дзяржавай і сярод еўрапейскіх, і  сярод краін СНД, у якой існуе смяротнае пакаранне. Увядзенне мараторыя на гэты від кары з’яўляецца адной з асноўных умоў Беларусі для аднаўлення статуса спецыяльна запрошанай у Парламенцкую асамблею Савета Еўропы.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Злачынствы, за якія ў Беларусі могуць прысудзіць да смяротнага пакарання, згодна з Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, прынятым Палатай прадстаўнікоў 2 чэрвеня 1999 года, адобраным Саветам Рэспублікі 24 чэрвеня 1999 года :

—         развязванне ці вядзенне агрэсіўнай вайны,

—         міжнародны тэрарызм,

—         тэрарыстычны акт супраць прадстаўніка замежнай дзяржавы ці міжнароднай арганізацыі з мэтай правакацыі міжнародных ускладненняў ці вайны,

—         тэрарызм, здзейснены арганізаванай групай ці звязаны з забойствам чалавека,

—         тэрарыстычны акт. Замах на жыццё дзяржаўнага ці грамадскага дзеяча, звязаны з яго дзейнасцю з мэтай дэстабілізацыі грамадскага парадку, ці ўздзеянне на прыняцце пастаноў дзяржаўнымі органамі, ці супраціўленне палітычнай альбо грамадскай дзейнасці, ці помсты за такую дзейнасць,

—         генацыд,

—         прымяненне зброі масавага забойства,

—         здрада дзяржаве, звязаная з забойствам,

—         дыверсія, якая выклікала смерць людзей ці іншыя цяжкія наступствы, альбо здзейсненая арганізаванай групай,

—         захоп ці ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, які выклікаў смерць людзей ці звязаны з забойствам,

—         злачынства супраць бяспекі чалавека (дэпартацыя, незаконнае ўтрыманне, заключэнне ў рабства, масавае ці сістэматычнае здзяйсненне пакаранняў без суда; выкраданне людзей, у выніку якога яны знікаюць; катаванні і акты жорсткасці, якія здзяйсняюцца ў сувязі з расавай, этнічнай, нацыянальнай прыналежнасцю, палітычнымі перакананнямі, веравызнаннем чалавека),

—         парушэнне законаў і парадку вайны. Наўмыснае забойства асоб, якія здалі зброю ці не маюць сродкаў абароны, параненых, хворых, пацярпелых караблекрушэнне, ваеннапалонных, медыцынскага, санітарскага, духоўнага персаналу, грамадзянскага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі ці ў раёне ваенных дзеянняў, іншых асоб, якія карыстаюцца міжнароднай абаронай падчас ваенных дзеянняў,

—         забойства работніка міліцыі пры выкананні ім сваіх службовых абавязкаў.

Найбольшая колькасць смяротных пакаранняў прысуджаецца за наступныя забойствы з цяжкімі наступствамі, апісанымі ў артыкуле 139, частцы 2:

—         забойства дзвюх і больш асоб;

—         заведама малалетняга, старога ці нямоглага,

—         заведама цяжарнай жанчыны,

—         забойства, звязанае з выкраданнем ці захопам заложніка,

—         здзесненае агульнанебяспечным чынам,

—         здзейсненае з асаблівай жорсткасцю,

—         звязанае са згвалтаваннем ці гвалтоўнымі дзяннямі сэксуальнага характару,

—         з мэтай утойвання іншага злачынства ці для аблягчэння яго здзяйснення,

—         з мэтай выкарыстоўвання трансплантанта ці частак трупа,

—         асобы ці яго блізкіх у сувязі са здзяйсненнем імі службовай дзейнасці ці выкананнем грамадскага абавязку,

—         асобы ці яго блізкіх за адмову ад удзелу ў злачынстве,

—         з карыслівай мэтай, па найме, звязанае з разбоем ці бандытызмам,

—         з хуліганскім намерам,

—         па матывах расавай, рэлігійнай, нацыянальнай варожасці ці рознасці,

—         здзейсненае групай асоб, здзейсненае асобай, якая ўжо здзейсніла забойства, за выключэннем забойства маці нованароджанага, забойства па неасцярожнасці, пры перавышэнні мяжы неабходнай абароны, пры перавышэнні мер, неабходных для затрымання асобы, якая здзейсніла злачынства; забойства, здзейсненага ў стане афекту.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце