weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 4° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 3° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 4° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4253
1 долар 2.1329
100 рас.руб. 3.1894
10.03.2011 16:56 ,

Водная сістэма змяніла жыццё Вілейкі

Будаўніцтва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы назаўсёды змяніла жыццё Вілейкі і Вілейскага раёна: былыя будаўнікі аселі ў горадзе, сталі віляйчанамі, а на вадасховішчы цяпер адпачываюць не толькі мясцовыя людзі, прыязджаюць і з Маладзечна, і з Мінска.

Як будавалася водная сістэма, успамінае Мікалай Шчытнікаў – начальнік вілейскага цэха помпавых станцый і гідратэхнічных збудаванняў, які ў 1969 годзе ўладкаваўся майстрам па будаўніцтве левабярэжнай агараджальнай дамбы.

Даведка “РГ”. Мікалай Шчытнікаў – начальнік вілейскага цэха помпавых станцый і гідратэхнічных збудаванняў. У 1969 годзе ўладкаваўся майстрам у будаўнічае ўпраўленне №1 трэста “ВіліяМінскводбуд”. Затым працаваў на розных пасадах. Напрыканцы будаўніцтва – галоўны інжынер ПМК-91. Ад 1979 года – начальнік вілейскага прадпрыемства гідразбудаванняў (цяпер вілейскі цэх помпавых станцый і гідратэхнічных збудаванняў).

Мікалай Шчытнікаў.

Працавалі і свае, і прыезджыя

На будаўніцтве Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, асабліва на адказных, кіруючых пасадах, працавалі пераважна прыезджыя. Сярод будаўнікоў – прадстаўнікі больш за 20 нацыянальнасцяў. Мясцовых людзей, віляйчан, –адзінкі. Як, напрыклад, Уладзімір Кульбацкі, які працаваў на асушэнні катлавана, затым начальнікам вадасховішча. “Гэта была ўнікальная будоўля: вялікія аб’ёмы, падобны аб’ект будаваўся ўпершыню, задзейнічалі самую сучасную і складаную на той час тэхніку – мясцовых спецыялістаў працавалі адзінкі. Больш прыезджыя – інжынеры, механізатары, скрэперысты, бульдазерысты…” – успамінае Мікалай Шчытнікаў.

Амаль усе гэтыя людзі пасля заканчэння будоўлі засталіся ў Вілейцы ці Заслаўі, сталі мясцовымі: большасць перабралася на Вілейшчыну разам з сям’ёй, узрост набліжаўся да пенсійнага, урэшце жыллё атрымалі ў Вілейцы. Дзеля іх на поўначы горада пабудавалі квартал Касманаўтаў – двухкватэрныя, а таксама 4-8-кватэрныя дамы. Карэспандэнты “РГ” плануюць наведаць той мікрараён, пагаварыць з будаўнікамі воднай сістэмы, іх нашчадкамі.

Цяпер большасць спецыялістаў, што будавалі водную сістэму, – на пенсіі. Мікалай Шчытнікаў не проста памятае шмат каго з тых, хто ствараў яе, але і ведае іх далейшы лёс. Васіль Лузік, начальнік будаўнічага ўпраўлення №1, які з цягам часу стаў намеснікам кіраўніка трэста “ВіліяМінскводбуд” па эканоміцы, цяпер жыве ў Мінску. Згадаў і Генадзя Сасяноўскага, які ў 1975 годзе быў начальнікам ПМК-91. Па выніках работы на будаўніцтве Вілейска-Мінскай воднай сістэмы да дзяржаўнай узнагароды быў прадстаўлены экскаватаршчык Міхаіл Хоміч. Цудоўным спецыялістам быў і бульдазерыст Вітаўтас Венцлаўскас.

Іван Гушчонак, які працаваў галоўным механікам, пасля завяршэння будаўніцтва ў Вілейцы не застаўся, паехаў працаваць на Камчатку, дзе, на жаль, заўчасна памёр.

Леанід Целеш быў і галоўным інжынерам вілейскага прадпрыемства гідразбудаванняў, затым – намеснікам начальніка вілейскага цэха помпавых станцый. Цяпер выйшаў на пенсію, але працуе на гэтым прадпрыемстве.

Даведка “РГ”. Вілейскі цэх абслугоўвае водную сістэму да мяжы Вілейскага і Маладзечанскага раёнаў. Уключае гідравузел з паводкавым вадаскідам і земляной плацінай, дамбы, чатыры дрэнажныя станцыі, дзве (з пяці) помпавыя станцыі. Дзве гідраэлектрастанцыі, пабудаваныя ўжо ў часы незалежнасці Рэспублікі Беларусь, выпрацоўваюць у сярэднім 7,5-8 мільёнаў кілават у год. У вілейскім цэху працуюць каля 120 чалавек розных спецыяльнасцяў. Дзяжурныя электраманцёры, машыністы помпавых установак працуюць кругласутачна.

Праект давялося карэктаваць

Будоўля была ўнікальная, адзначае Мікалай Шчытнікаў. Падобны аб’ект, які дазваляе перакінуць ваду з Вілейскага раёна ў Мінск – на 68 кіламетраў, падымаючы яе праз узгоркі Мінскага ўзвышша, на 71 метр вышэй, стваралі ўпершыню. Таму часам не абыходзілася без памылак. Праект будаўніцтва рыхтаваў кіеўскі праектны інстытут “Укрводаканалпраект”, які меў вопыт праектавання аналагічнай сістэмы ва Украіне. Дзеля праектавання вадасховішча папярэдне зрабілі аэрафотаздымку мясцовасці, па якой складалі каштарысную дакументацыю. Паводле папярэдніх разлікаў, агульны кошт будаўніцтва воднай сістэмы павінен быў скласці каля 40 мільёнаў рублёў у цэнах 1973-1975 гадоў. З іх каля 400.000 рублёў планавалася выдаткаваць на падрыхтоўку ложа Вілейскага вадасховішча. Падчас будаўніцтва каштарыс давялося карэктаваць – кошт ложа вадасховішча ўзрос у 10 разоў і склаў каля 5 мільёнаў рублёў. І гэта пры тым, што аб’ём некаторых работ скарацілі.

Бетаніраванне дна Вілейскага вадасховішча.

Карэктавалі і іншыя аб’екты. Некаторыя зрабілі ў выніку меншымі, чым планавалі першапачаткова. Напрыклад, праект дарогі Ілья–Вязынь з мостам праз Ілію, перагледзелі. Мост планаваўся даўжынёй 200 метраў. Пасля праект змянілі, мост зрабілі 90-метровы.

Кошт узрос у тым ліку з-за таго, што аэрафотаздымкі не давалі (прынамсі ў той час) жаданай дэталёвасці. На мясцовасці аказалася, што 3,5 тысячы гектараў знаходзяцца пад лесам – давялося выкарчоўваць. Перасяляць давялося не толькі людзей, але і пераносіць некалькі могілак.

“Усё рабілі ўпершыню – памылкі здараліся як з боку будаўнікоў, так і з боку праекціроўшчыкаў. Так што і з-за росту цэн, і з-за карэкціровак канчатковы кошт воднай сістэмы склаў каля 88 мільёнаў рублёў”, – тлумачыць Мікалай Шчытнікаў.

Будучыня воднай сістэмы

У 70-х гадах ХХ стагоддзя перад Вілейска-Мінскай воднай сістэмай ставілі тры асноўныя задачы: забяспечыць тэхнічнай вадой мінскія прамысловыя прадпрыемствы, пітной – паўднёва-заходні раён Мінска і зрабіць раку Свіслач больш паўнаводнай. Да пачатку будаўнічых работ праекціроўшчыкі разглядалі некалькі варыянтаў. Для больш дэталёвага параўнання спыніліся на трох асноўных: дзве трасы ішлі ад басейна ракі Бярэзіна, адна – ад Віліі. Вілейскі варыянт аказаўся і дзешавейшым і менш праблемным для суднаходства. Да таго ж вілейская вада была лепшай па якасці. Гэты варыянт зацвердзілі ў 1964 годзе, пасля чаго пачалі распрацоўваць падрабязны праект Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.

З таго часу прайшло больш за 40 гадоў. Камунальнікі Мінска схіляюцца да меркавання, што ад выкарыстання вілейскай вады для харчовых мэтаў трэба адмовіцца, замяніць яе артэзіянскай. “Хоць вада і праходзіць спецыяльную апрацоўку на ачышчальнай станцыі, але якасць паверхневай вады ўсё ж не такая, як у артэзіянскай, – адзначыў Мікалай Шчытнікаў. – Магчымасць пераходу на артэзіянскую ваду абмяркоўвалася. Але гэта – перспектыва, на гэта патрэбна не менш за 10 гадоў”.

Патрэбы ж сталіцы ў тэхнічнай вадзе, як і абвадненне Свіслачы, па-ранейшаму будзе забяспечваць Вілейска-Мінская водная сістэма.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО і з архіва Вілейскага краязнаўчага музея.

Яшчэ па тэме:

Будаўнікі працуюць па Злобінскім метадзе.

І стала Вілія морам. Творчы праект «Рэгіянальнай газеты»

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце