weather -5° Маладзечна
weather -5° Вілейка
weather -3° Смаргонь
weather -5° Ашмяны
weather -4° Валожын
weather -5° Мядзел
weather -3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4042
1 долар 2.122
100 рас.руб. 3.1935
31.03.2011 12:03 ,

Вёскі пераязджалі разам з пагостамі

Жыхары вёскі Рыбчына ў 1960-х гадах да апошняга не верылі, што на месцы іх малой радзімы разальецца вадасховішча, а самі яны вымушаныя будуць пераехаць жыць хто куды. Але гэта адбылося і для многіх стала сапраўднай трагедыяй.

Для таго, каб пабудаваць Вілейскае вадасховішча, на Вілейшчыне напрыканцы 1960-х гадоў было знесена 10 вёсак. Жыхароў перасялілі ў іншыя населеныя пункты. 15 студзеня вадасховішчу, як частцы Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, споўнілася 35 гадоў. Рыбчына была самай вялікай вёскай, якая знікла з карты Вілейскага раёна. Тут было 117 двароў, жылі 504 чалавекі.

Перасяляйся, куды хочаш

Калі было прынятае рашэнне аб зносе вёсак, жыхарцы Рыбчына Раісе Соніч было 20 гадоў. Для маладой жанчыны гэта не падавалася вялікай бядой. Наадварот, моладзь радавалася магчымасці пераехаць з вёскі ў горад, тым больш, што тады існавала праблема перабрацца ў раённы цэнтр. І толькі цяпер Раіса Пятроўна цалкам і да канца разумее слёзы і перажыванні сваіх бацькоў, якія яна бачыла ў апошнія месяцы існавання Рыбчына.

– У вёсцы пачалі хадзіць размовы, што нас будуць высяляць, – успамінае Раіса Соніч. – Спачатку вяскоўцы не звярталі на гэтыя размовы ўвагі. І нават калі прыехалі раённыя ўлады, правялі сход і афіцыйна паведамілі пра высяленне, рыбчане ўсё адно да самага канца не верылі, што прыйдзецца з’язджаць. Як жа так? Шмат гадоў жыў чалавек на адным месцы, прывык да гэтых мясцінаў. І раптам – перасяляйся, куды хочаш.

Але пачалася вялікая падрыхтоўка да перасялення. Ацэньвалі маёмасць жыхароў для выплаты кампенсацый. Лічылі кожнае дрэўца ў садзе, кожны кусцік. У інтэрв’ю “РГ” Раіса Пятроўна расказвае, што была маладая і не прымала ўсё гэта блізка да сэрца. А вось што сапраўды ўразіла нават маладых рыбчан – “перасяленне могілак”.

Перажыць пахаванне двойчы

Могілкі знаходзіліся ў вёсцы Пахомава. Жыхароў Рыбчына хавалі там.

– Прыехала брыгада з трох чалавек, – расказвае суразмоўца “РГ”, – доктар і два капальнікі. Яны казалі, што іх брыгада па пераносе могілак – адзіная ў Савецкім Саюзе. Перад гэтым працавалі ў Сярэдняй Азіі, цяпер прыехалі да нас. Кожную раніцу перад тым, як выйсці на работу, доктар і капальнікі рабілі сабе прышчэпкі. Работа была шкодная. Затое добра аплачвалася. Плацілі 30 рублёў за кожную выкапаную труну.

За дзень, па словах Раісы Соніч, выкопвалі па пяць-шэсць трун. Астанкі памерлых пасыпалі хлоркай. Калі труна не развальвалася, яе перавозілі разам са змесцівам. Калі гэта было зрабіць немагчыма, астанкі даставалі і складалі ў скрыні – па пяць-шэсць у кожную. Хавалі ў другі раз людзі сваіх родных у вёсках Вязынь і Кобузі – хто куды збіраўся пераязджаць. На агульных магілах зверху клалі камяні – па колькасці пахаваных у ёй астанкаў.

Кожны чалавек па-новаму перажываў пахаванне, – распавядае Раіса Пятроўна. – Мая цётка памерла, калі ёй было 22 гады. Яна не была замужам, таму перад пахаваннем ёй надзелі заручальны пярсцёнак. Калі труну адкапалі і адкрылі, капальнікі знялі пярсцёнак і аддалі маці памерлай, маёй бабулі. Бабуля насіла яго да самай сваёй смерці. Вось так той пярсцёнак другі раз пайшоў у зямлю…

Карова вярталася ў Рыбчына

Перасяляліся людзі па-рознаму. Хтосьці перавозіў сваю хату на новае месца ў іншую вёску ці горад, камусьці, хто не мог перавезці свой дом, давалі кватэру ў Вязыні.

На пачатку 1970-х бацькі Раісы перавезлі свой дом з Рыбчына ў Маладзечна. А Раіса Соніч з мужам пераехалі ў Вілейку яшчэ раней, у 1970 годзе. Спачатку жылі ў часовай пабудове, а ў 1974 годзе завяршылі будаўніцтва вялікага дома. Разам з імі жыла цётка мужа Раісы. Падчас пераезду з Рыбчына забралі з сабой і карову цётчыну, перавезлі яе на машыне. Карова была вельмі дарагая жанчыне, была карміцелькай. Неяк аднаго разу рагуля знікла. Шукалі яе доўга па палях і лугах вакол Вілейкі, распытвалі людзей – ці не бачыў хто? Усё безвынікова. І тут хтосьці падказаў: а ці не пашукаць у Рыбчыне? Прыехалі туды. Знайшлі ў хлеве, які яшчэ не быў знесены. Карова там стаяла.

– Вы можаце сабе ўявіць, што перажывалі людзі, развітваючыся з роднай вёскай, калі нават жывёліна вярнулася ў яе, пераадолеўшы 20 кіламетраў, – кажа Раіса Пятроўна. – Для нас так і засталося загадкай, як яна перабіралася праз рэчку. Пасля таго, як карова зрабіла другое такое падарожжа, мы здалі яе. Ды і цяжка было трымаць жывёліну ў горадзе.

Суседзі збіраюцца разам

А ў 1976 годзе на месцы Рыбчына і іншых знесеных вёсак разлілося Вілейскае вадасховішча, самы вялікі штучны вадаём Беларусі, які забяспечвае вадой сталіцу. На яго адкрыцці была і Раіса Соніч. Урачыстасць адкрыцця і памеры вадасховішча ўражвалі.

У 1997 годзе ў Раісы Пятроўны ўзнікла ідэя сабраць былых жыхароў Рыбчына і іх сем’і на малой радзіме. Ад таго часу кожны год на Сёмуху рыбчане збіраюцца разам на месцы зніклай вёскі. Папярэдне не дамаўляючыся, садзяцца адзін ля аднаго так, як стаялі іх хаты. І гэта зразумела. Кожнаму хочацца падзяліцца навінамі са сваім суседам…

Жыхары вёскі Рыбчына ў 1960-х гадах да апошняга не верылі, што на месцы іх малой радзімы разальецца вадасховішча, а самі яны вымушаныя будуць пераехаць жыць хто куды. Але гэта адбылося і для многіх стала сапраўднай трагедыяй.

Жыхары вёскі Рыбчына ў 1960-х гадах да апошняга не верылі, што на месцы іх малой радзімы разальецца вадасховішча, а самі яны вымушаныя будуць пераехаць жыць хто куды. Але гэта адбылося і для многіх стала сапраўднай трагедыяй.

Раіса Соніч і Леанід Буслаўскі – былыя жыхары Рыбчына. Яна цяпер жыве ў Вілейцы. Леанід Буслаўскі – у Маскве.

Першая сустрэча рыбчан на месцы роднай вёскі. 1997 год.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота з альбома Раісы СОНІЧ.

Яшчэ публікацыі з праекта «І стала Вілія морам»:

І стала Вілія морам.

Будаўнікі працуюць па Злобінскім метадзе.

Водная сістэма змяніла жыццё Вілейкі.

 


Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце