weather -1° Маладзечна
weather -1° Вілейка
weather 4° Смаргонь
weather -1° Ашмяны
weather 2° Валожын
weather -1° Мядзел
weather 4° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.425
1 долар 2.1472
100 рас.руб. 3.162
09.04.2011 11:51 ,

Вайна на хвалях Нарачы. Новае пра Нарачанскую аперацыю

Нарачанская наступальная аперацыя – найбуйнейшая бітва першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі – паўплывала на ўвесь ход вайны.

Германскае камандаванне вымушанае было на два тыдні спыніць атакі на Вэрдэн і перакінуць частку сваіх рэзерваў на Усходні фронт. Францыя атрымала неабходную ёй перадышку, каб перагрупаваць войскі і з новай сілай супрацьстаяць немцам.

2 сакавіка 1941 года, у пярэдадзень 25-й гадавіны Вялікага наступлення пад Нараччу, начальнік штаба галоўнага камандавання узброеных сіл Германіі генерал-фельдмаршал Вільгельм Кейтэль склікаў прэс-канферэнцыю. На ёй выступіў прадстаўнік германскага вярхоўнага камандавання, які заявіў: “У ваеннай гісторыі рускіх моцна недаацанілі. Ніколі ў поўным аб’ёме не было прызнанае тое, што зрабіў рускі салдат для англічан і французаў у 1916 годзе”.

Маторны катар. Даўжыня 7,62 м, шырыня 2,18 м, асадка 0,61 м, магутнасць рухавіка 14 к.с., хуткасць 13 вуз. На ўзбраенні адна 37-мм гармата. Рэканструкцыя паводле Івана Чэрнікава.

Асобная марская брыгада асобага назначэння

Пасля трагічных падзей, баявыя дзеянні ў раёне нарачанскіх азёраў разгортваліся наступным чынам. Камандаванне Заходняга фронту па-ранейшаму разглядала наступленне рускіх войскаў у раёне возера Нарач як найбольш перспектыўнае і эфектыўнае. Да чэрвеня 1916 года ў састаў 2-й арміі уваходзілі 5, 15, 27, 34, 36 і 1-ы Сібірскі армейскія карпусы. У войсках налічвалася нямала беларусаў, прызваных на папаўненне страт у арміі Расійскай імперыі.

Адначасова з наступленнем рускіх войскаў 20 чэрвеня (3 ліпеня) 1916 года на Баранавічы (Баранавіцкая аперацыя) разгарнуліся ўпорныя баі на фронце 2-й арміі ў раёне Нарачанскіх азёр.

З загада камандуючага 2-й арміяй генерала Уладзіміра Смірнова: “…Усім карпусам арміі мець на ўвазе, што пры ўдачным развіцці дзеянняў 4-й арміі мяркуецца агульны пераход у рашучае наступленне ўсёй 2-й арміі, таму карпусам працягваць работу па разбурэнні акопаў, бліндажоў, кулямётных гнёздаў і штучных перашкод праціўніка, не даючы яму магчымасці выпраўляць ужо зробленыя разбурэнні”.

Прааналізаваўшы сітуацыю на фронце арміі, камандаванне 2-й арміі ў рапарце ад 24 чэрвеня 1916 года, №3526, прапанавала штабу Заходняга фронту свой план дзеянняў. Ён грунтаваўся на ранейшай дырэктыве Стаўкі Вярхоўнага камандавання аб наступленні ў агульным напрамку на Вільню і прадугледжваў скіраваць асноўныя намаганні арміі на поўнач ад возера Нарач, дзе абарона і групоўка праціўніка былі больш слабыя. Галоўны ўдар накіраваць на ўчастак паміж азёрамі Доўжынскае і Мядзіёль (Мядзель). Асцярожны і няспешны А.Эверт вельмі доўга і прыдзірліва разглядаў план Смірнова-Сакоўніна, пакуль 26 чэрвеня (9 ліпеня) Стаўка прыняла рашэнне аб пераносе галоўнага ўдару з заходняга на паўночна-заходні накірунак (Брусілаўскі прарыў). Аб выкананні намечанай аперацыі, а тым больш аб наступленні на Вільню, цяпер ужо думаць не прыходзілася.

Між тым абстаноўка на фронце 2-й арміі складвалася даволі спрыяльная. Праціўнік нерваваўся. Немцы пасля сакавіцкага наступлення рускіх у поўным аб’ёме ацанілі маштаб той катастрофы, які мог бы спасцігнуць нямецкую армію ў выпадку паспяховага наступлення рускіх у сакавіку. Таму ўсё лета, нягледзячы на баі, нямецкае камандаванне пастаянна ўмацоўвала “сцягу Гіндэнбурга”, так яны называлі ўсходні фронт.

Камандаванне рускіх войскаў разумела, з якімі цяжкасцямі давядзецца сутыкнуцца пры прарыве такой абароны. Але тут былі і слабыя месцы – лінія фронту праходзіла па акваторыі азёр Нарач і Мядзель. Камандаванне рускіх войскаў вырашыла скарыстаць такую магчымасць.

Па ініцыятыве камандуючага 1-й арміі ў 1916 годзе быў створаны марскі полк асобага назначэння. Згодна з загадам галоўнага камандуючага Заходняга фронту ад 31 мая 1916 года, на базе гэтага палка была разгорнутая асобная марская брыгада асобага назначэння. Атрад катараў №3 марской брыгады асобага назначэння, у якую ўваходзіла тры групы катараў, быў перакінуты з Прыпяці ў акваторыю нарачанскіх азёраў. Месцам базіравання атрада №3 была вёска Качаргі на возеры Мястра, камандаваў атрадам катараў лейтэнант Альшэўскі. Гэта марская брыгада падпарадкоўвалася сухапутнаму камандаванню. З гэтай базы катары мелі магчымасць весці баявыя дзеянні ў акваторыі возера Нарач. Група катараў з гэтага атрада была перакінутая на возера Мядзель.

Узбраенне і тэхнічныя характарыстыкі катараў

Састаў атрада: узбраенне і тэхнічныя характарыстыкі катараў на возеры Нарач (база в.Качаргі):

1. “Сцерлядзь” – 1 кулямёт і 1-37 мм пушка

2. “Ласось” – 1 кулямёт і 1-37 мм пушка

3. “Скат” – 1 кулямёт

4. “Касатка” – 1 кулямёт

5. “Налім” – 1 кулямёт

6. “Альбатрос” – 1 кулямёт

7. “Аскалот”

8. “Краб” – 1 кулямёт

9. “Судак”

10. “Спрут” – 1 кулямёт і 1-3-дзюймовы бамбамёт

11. “Сіг”

12. “Шчупак”

13. “Коран”

14. Браніраваны катар №4. 1 кулямёт і 1-37 мм пушка

15. Браніраваны катар №14. 1 кулямёт і 1-37 мм пушка

Дазорныя катары. Водазмяшчэнне 6,5 т, даўжыня 9,15 м, шырыня 2,44 м, асадка 0,61 м. Рухавік магутнасцю 80 к.с. круціў адзін вяслярны вінт і забяспечваў хуткасць 11 вуз. Адзін кулямёт, адна 37-мм гармата. Асабовы састаў – 6 чалавек.

Экіпаж ад чатырох да шасці чалавек. Катары мелі рухавікі магутнасцю ад 14 да 80 к.с. Габарыты: у даўжыню ад 7,62 м да 9,15 м , у шырыню – ад 2,18 м да 2,44 м. Водазмяшчэнне – да 6,5 тоны. Асадка – не больш за 0,61 м.

Найбольш баяздольнымі і магутнымі былі бранякатары №4 і №14. Яны былі пабудаваныя па заказе Ваеннага ведамства Расіі фірмай “Мулінс і К” у ЗША. Акрамя таго, мелася 16 васьмівёславых  і 16 шасцівёславых катараў-шлюпак агульнай грузападымальнасцю звыш 600 чалавек. Гэта дазваляла высадзіць у тыле ворага, пад прыкрыццем катараў суправаджэння, салідны дэсант і ўнесці разгубленасць і паніку ў абароне праціўніка.

У 1916 годзе быў створаны марскі полк асобага назначэння. Згодна з загадам галоўнага камандуючага Заходняга фронту ад 31 мая 1916 года, на базе гэтага палка была разгорнутая асобная марская брыгада асобага назначэння. Пра вынікі дзейнасці маракоў на Нарачанскіх азёрах чытайце сёння. (Заканчэнне. Пачатак у мінулым нумары)

Аператыўныя зводкі штаба 2-й арміі

З аператыўных зводак штаба 2-й арміі, які размяшчаўся ў вёсцы Будслаў, цяпер Мядзельскі раён.

27 ліпеня, 8.45. Ноч на фронце арміі прайшла ў ружэйнай і артылерыйскай перастрэлцы і пошуках. Група катараў лейтэнанта Альшэўскага на возеры Нарач абстраляла тыл і акопы праціўніка ў раёне вёскі Пасынкі.

27 ліпеня, 23.50. З 16.00 да 22.00 на фронце арміі ружэйны і артылерыйскі агонь больш ажыўлены на ўчастку Антоны і Мацішкі. Падчас абстрэлу тылу непрыяцельскай пазіцыі каля вёскі Пасынкі з катараў лейтэнанта Альшэўскага ў ноч на 27 ліпеня ў праціўніка была заўважаная моцная разгубленасць. Пражэктары былі патушаныя і толькі праз 20 хвілін пасля пачатку абстрэлу засвяцілі зноў. Праціўнік адкрыў па возеры артылерыйскі агонь.

29 ліпеня, 8.40. На фронце арміі з 22 гадзін да 5 раніцы – ружэйны і артылерыйскі агонь і пошукі. Каля гадзіны ночы на возеры Нарач была выяўленая непрыяцельская маторная лодка, якая адкрыла агонь па нашым пражэктары на захад ад возера Бляда. Пасля абстрэлу ружэйным агнём лодка знікла. Да трох гадзін ночы закончылася змена часцей 34-га корпуса.

Узнагароды пераможцаў

Загад №223 ад 10.07.1916 года па 15-м армейскім корпусе: «Ніжэйназваныя ніжнія чыны за заслугі ў баях з непрыяцелем узнагароджваюцца Георгіеўскімі крыжамі і Георгіеўскімі медалямі:

3-й групы катараў Рачной флатыліі Георгіеўскім крыжам 4 ступені №575617 узнагароджаны рулявы боцман Мяфодзій Іваноў Кушнер за тое, што падчас камандавання кулямётнай групай катараў пры нападзе на паўвостраў Дубавое ў ноч на 5 чэрвеня 1916 года і цалкам замяняючы афіцэра, атрымаў загад абстраляць кулямётным агнём частку паўвострава Дубовае і ўнесці замяшанне сярод праціўніка і з поспехам выканаў. Прычым выканаў сваё даручэнне пад моцным ружэйным агнём.

Арт.67, п.54. Георгіеўскім медалём 4 ступені №670768 узнагароджаны страявы ўнтэр-афіцэр Ігнат Пятровіч Пятроў, Георгіеўскім медалём 4 ступні №670769 – марскі ўнтэр-афіцэр Пётр Андрэеў Громаў – за тое, што, камандуючы катарам у ноч на 5 чэрвеня 1916 года, пры нападзе на востраў Дубавое на воз. Мядзіёл, пад моцным ружэйным агнём праціўніка разрыўнымі кулямі хутка і дакладна выконваў загады, чым садзейнічаў паспяховаму выкананню нападзення.

Арт.145, п.2. Георгіеўскім медалём 3 ступені №22437 узнагароджваецца  камендор Міхаіл Міхайлавіч Вахрушкін – за тое, што, стоячы камендорам ля 37-міліметровай пушкі, прывёў у замяшанне праціўніка і, правільна карэктуючы стральбу, даў некалькі пападанняў у зямлянкі пры нападзе на паўвостраў Дубавое па возеры Мядзіёл».

Лёс маракоў і катараў

З таго часу прайшло шмат гадоў. Як склаўся лёс маракоў, што ваявалі на нашых нарачанскіх азёрах, мы не ведаем. Камусьці пашанцавала вярнуцца дадому жывым, хтосьці застаўся назаўсёды ляжаць у нарачанскай зямлі ў магілах, які параслі травой.

Пацвярджэнне таму пахаванні абаронцаў Айчыны ў вёсцы Княгіна (5000 салдат), урочышчы “Гушчар” (700 салдат), вёсцы Брусы (400 салдат). Недарэмна людзі кажуць: каб даведацца пра краіну, у якой вы знаходзіцеся, дастаткова наведаць два месцы – рынак і могілкі. Пабыўшы на рынку, вы зможаце ацаніць ўзровень матэрыяльнага дабрабыту народа, наведаўшы могілкі – узровень культуры і духоўнасці.

Лёс катараў Нарачанскай флатыліі аказаўся больш шчаслівым, чым лёс людзей, што ваявалі на іх. Пасля Брэст-Літоўскага мірнага дагавора 1918 года катары былі захопленыя германцамі, частка з якіх выкарыстоўвалася імі на Дняпры. У лістападзе 1918 года, пры адступленні, немцы кінулі іх, і яны дасталіся пятлюраўцам, зімой 1919 года катары захапіла ў Кіеве Чырвоная Армія.

Катары, якія засталіся ў раёне Нарачанскіх азёр, пасля Савецка-Польскай вайны і Рыжскага мірнага дагавора 1921 года дасталіся Польшчы. На 21 ліпеня 1921 года на базе Модлін у Польшчы знаходзіліся катары “Ласось”, “Сіг”, “Краб” і “Спрут”.

Пра два катары Нарачанскай флатыліі нічога невядома па сённяшні дзень. Спадзяюся, дайверы не будуць шукаць рэшткі верталёта, закінутага па неабдуманасці ў возера Рудакова, а добра абследуюць дно азёраў Нарач, Мястра, Мядзель і, магчыма, праясняць лёс катараў, ветэранаў першай сусветнай вайны.

Генадзь МАЛЫШАЎ.

P.S. Усіх, хто цікавіцца першай сусветнай вайной, аўтар запрашае на экскурсіі па тэмах:  “Нарачанскае рэха Вердэна”, “Сцяна Гіндэнбурга”, “Скарб генерала Вебеля”. Тэл.(8-029) 6111536.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце