weather 3° Маладзечна
weather 3° Вілейка
weather 1° Смаргонь
weather 3° Ашмяны
weather 0° Валожын
weather 3° Мядзел
weather 1° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4377
1 долар 2.1564
100 рас.руб. 3.2572
30.04.2011 08:31 ,

Вуліца без тратуара

Гараджане, якія жывуць каля вуліцы Таміліна, цяпер удвая занепакоеныя сваёй бяспекай. Участак Таміліна ад ЗАГСА да Лібава-Роменскай − вуліца без тратуара.

Нязручнасці жыхарам дадаў і рамонт вуліцы Буйніцкага, што ідзе ад Лібава-Роменскай паралельна Таміліна. Там якраз укладаюць бардзюры, і па абодвух баках выйсці ў бок Вялікага Гасцінца можна толькі па праезнай частцы.

Вуліца размешчаная ў прыватным сектары, толькі насупраць помніка паравозіку ля чыгункі − шматпавярхоўкі, якія называюць дваром чыгуначнікаў. Па Таміліна ідуць, каб трапіць на чыгунку, на гэтай вуліцы размешчаная чыгуначная паліклініка, непадалёк − гімназія №7, ЗАГС.

Уздоўж вуліцы − прыватныя дамы, перад імі – зямля, якая павінна выконваць функцыю тратуара. Ля самага асфальту растуць дрэвы, некалькі кустоў, перад варотамі гаспадары часам насыпаюць пясок, выгружаюць дровы, пакуль не перанеслі ў двор, ставяць машыны, а сам тратуар не аддзелены ад праезнай часткі  бардзюрам.

Таму калі насустрач едзе машына, то не заўсёды можа пашчасціць збочыць з дарогі − можна трапіць у кусты ці пясок. Застаецца спадзявацца на асцярожнасць вадзіцеля. Калі ў гэты момант машыны раз’язджаюцца, пешаходу цяжка знайсці месца і для сябе.

− Людзей тут жыве многа, між сабой скардзімся, − расказвае жыхарка дома №1 па вуліцы Буйніцкага Ніна Чабай. − Буйніцкага адрамантуюць − выдатна. Але часта даводзіцца хадзіць па Таміліна. Напрыклад, весці сына ў садок ля ЗАГСа. Помню, як страшна было, калі Сашу яшчэ ў калясцы вазіла. Цяпер столькі вуліц рамантуюць, але тыя ўжо хаця б адгароджаныя бардзюрамі ад тратуара.

Загадчыца вытворча-тэхнічнага аддзела “Камунальніка” Таццяна Паляковіч расказала ў інтэрв’ю “РГ”: у першапачатковым плане падрыхтоўкі да “Дажынак” Таміліна была ў спісе вуліц, на якіх планавалася зрабіць рэканструкцыю. Згодна з планам, з аднаго боку вуліцы павінны былі зрабіць пешаходную дарожку.

Але, па словах Таццяны Паляковіч, потым узнікла неабходнасць скараціць спісы вуліц для рэканструкцыі, каб план адпавядаў бюджэту “Дажынак”. У новым плане месца для вуліцы Таміліна не знайшлося.

− Магчыма, Таміліна мы будзем рэканструяваць ужо пасля “Дажынак”, за свае сродкі, − гаворыць загадчыца вытворча-тэхнічнага аддзела “Камунальніка”. − З цэнтральных вуліц цяпер здымаем плітку. Яе можна будзе ўсталяваць на вуліцах, што не ўвайшлі ў праграму “Дажынак”. Магчыма, і на Таміліна.

Старшы інжынер па арганізацыі дарожнага руху маладзечанскай ДАІ Уладзімір Мумрыкаў расказаў, што Таміліна − не адзіная ў горадзе вуліца без тратуара. У асноўным яны размешчаныя ў прыватным сектары, дзе дарожны рух нязначны.

− На такіх участках дарогі трэба быць асабліва ўважлівымі, − папярэджвае Уладзімір Мумрыкаў. − Вадзіцелям − захоўваць хуткасны рэжым, пешаходам − ісці насустрач транспартнаму сродку па краі праезнай часткі, калі няма абочыны.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце