weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 3° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4432
1 долар 2.1666
100 рас.руб. 3.2497
26.05.2011 17:14 ,

Ліўнёўку затопленага дома адрамантавалі

Камунальнікі адрамантавалі ліўнёўку затопленага ліўнем дома №11 па вуліцы Віленскай 24 мая, на наступны дзень пасля здарэння.

Намеснік начальніка домакіраўніцтва №5 Андрэй Асмалоўскі паведаміў, што адрамантаваны месяц таму дах не вытрымаў выпрабавання стыхіяй з-за парушэнняў ліўневай каналізацыі, зробленых падрадчыкам пад час рамонту.

Ад ліўня пацярпелі жыхары паверхаў 9, 8, 7 і 6. Сцены кватэр на верхніх паверхах былі мокрыя, многім вада заліла мэблю.

Але найбольш дасталася кватэры №95 на дзевятым паверсе, у якой жыве Валеры Зянько.

− Як пачалася навальніца, адразу хлынула вада, − расказвае гаспадар кватэры. − За шпалерамі вада сцякала проста ручаямі, выбівалася на падлогу фантанамі. У прыхожай і кухні вада цалкам пакрывала плінтусы. А пераехалі з сям’ёй сюды толькі ў студзені, ужо паспелі зрабіць рамонт.

Спачатку гаспадары кватэр на верхніх паверхах падстаўлялі слоікі і вёдры, але потым кінулі: вады усё адно не меншала.

− Пачалі званіць адразу ў МНС (раённы аддзел Міністэрства  па надзвычайных сітуацыях) і домакіраўніцтва, − гаворыць Соф’я Шчасная, гаспадыня кватэры №91 на восьмым паверсе. − У МНС не было каго да нас накіраваць, усе на выкліках. А з домакіраўніцтва прыйшоў сантэхнік.

− Вада ў нас стаіць у кватэры дагэтуль, − паведаміў Валеры Зянько на наступны дзень, раніцай 24 мая. − Электрычнасцю другі дзень не карыстаемся. Сумняваюся, што праводка будзе прыгодная пасля такога падтаплення.

− Супрацоўнікі домакіраўніцтва і прадстаўнікі падраднай арганізацыі прыехалі на месца здарэння 24 мая, − гаворыць Андрэй Асмалоўскі. − Склалі акты падтаплення. Праз дзесяць дзён арганізуем паўторнае абследаванне. Была парушаная герметычнасць ліўневых стыкаў. Падрадчык пераклаў ліўнёўкі, пакуль не адмаўляецца ад пакрыцця ўрону. У аўторак яны ўсё адрамантавалі, запрацавала электрычнасць.

Майстар домакіраўніцтва №5 Вольга Асіповіч паведаміла, што ў час навальніцы ў дыспетчарскую паступіла 26 заявак са скаргамі на затапленне. У 11 дамах з іх запланаваны капітальны рамонт на бягучы год.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

Чытайце яшчэ на гэту тэму:

Лівень затапіў кватэры

На наш рэгіён абрушыліся вецер з дажджом (+фота, відэа)

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце