weather 11° Маладзечна
weather 11° Вілейка
weather 16° Смаргонь
weather 11° Ашмяны
weather 13° Валожын
weather 11° Мядзел
weather 16° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4702
1 долар 2.0035
100 рас.руб. 3.2694
19.06.2011 08:30 , AЎТАР(Ы): Марына Сліж

Лёгкая рука

Садзіць грады бабуля давярае толькі ўнучцы. Рука ў яе лёгкая. Усё, што ні кіне ў зямлю, не проста расце, буяе. “Ды ну, забабоны нейкія”, – не вераць ёй суседкі і прапануюць правесці эксперымент.

І што вы думаеце, на той градзе, што садзіла Ленка, буракі і ўзышлі раней, і сілы набраліся хутчэй. Ды й часнок у яе стаіць роўнай зялёнай сцяной. А на бабулінай градзе не расце, а мучыцца. Нейкі тонкі, з пажоўклымі кончыкамі і апушчанымі “вушамі”. І палівалі, і падкормлівалі, адзін толк.

Па адной з легенд лёгкая рука – гэта прыроджаная здольнасць. На погляд маёй знаёмай – проста інтуіцыя, выпрацаваная ў выніку назірання і здольнасці бачыць і адчуваць патрэбы расліны. Я ёй веру. Бо ні ў адной кватэры яшчэ не бачыла столькі пакаёвых кветак. І ўсе зялёненькія, свежыя, нейкія, я б сказала, радасна-вясёлыя. “Ты колькі разоў на тыдзень паліваеш сваю пальму?” – пытаюся ў знаёмай. “А навошта мне гэта запамінаць, – смяецца яна. – Хоча расліна піць – апырскаю. Не – проста пагавару з ёй, пацераблю за доўгія косы. І яна бачыш якая, бы на выставе”.

У маім дзяцінстве ў магазіне культтавары прадаваліся кніжныя латарэйныя білецікі. Каштавалі яны 25 капеек, самы вялікі выйгрыш быў – рубель. Тапталіся мы ў той краме ледзь не кожны дзень. Рэдка каму ўсміхалася шчасце. Хіба што “лёгкай руцэ” – Таццяне. Яна і сабе магла шчаслівы білецік выцягнуць, і яшчэ каму-небудзь. Нават прадаўцы дзівіліся. А сярод нас, дзяцей, дзяўчына лічылася сапраўдным героем.

У маёй сястры была адна ўдачлівая аднагрупніца. Да экзаменаў яна звычайна рыхтавалася не больш за дзве гадзіны. Адкрывала сшытак, выбірала для сябе білет пад пэўным нумарам, вучыла. А назаўтра выцягвала. “Наташка, – церабіла яе за полы сяброўка, – падкажы, дзе сёмы білет будзе ляжаць?” “Заходзь са мной, – казала тая, – угадаем!” І што вы думаеце, угадвала. І нават дар свой другім “перадавала”. Перад тым, як студэнт заходзіў у аўдыторыю, клала яму сваю лёгкую руку на спіну.

Кажуць, што чалавек з лёгкай рукой любую справу зробіць хутка і добра. З цяжкай – абавязкова заваліць. Сядзеш у крэсла да такога цырульніка, валасы будуць адрастаць доўга-доўга. Хаця, гэта не самая вялікая бяда. Горш стаць пацыентам медсястры з цяжкой рукой. Дасць укол – тыдзень будзеш тэлевізар стоячы глядзець!

Марына СЛІЖ.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце