weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 3° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4432
1 долар 2.1666
100 рас.руб. 3.2497
23.06.2011 09:58 ,

"Вольнае паветра" адбудзецца ў жніўні

Міжнародны фестываль новага этна "Вольнае паветра", які меўся адбыцца 2 ліпеня на хутары Шаблі Валожынскага раёна, перанесены на канец жніўня з-за недахопу супрацоўнікаў міліцыі, паведамілі ў прэс-службе фестывалю.

Як сказаў арганізатар мерапрыемства Уладзімір Шаблінскі, «перанос звязаны з тым, што міліцыя Валожынскага раёна ў святочныя дні будзе задзейнічана ў забеспячэнні бяспекі ў Мінску і таму не зможа працаваць на фестывалі».

«Перанесці мерапрыемства на нейкі невялікі тэрмін мы не можам, бо графік запрошаных артыстаў, тэхнічных і бытавых службаў распісаны як мінімум на месяц наперад, – сказаў ён. – У выніку, каб забяспечыць высокі ўзровень музычнай праграмы і абслугоўвання на пляцоўцы, мы пераносім яго на канец жніўня. Кошт білетаў застанецца сімвалічным (20 тыс. рублёў. – БелаПАН.)».

Арганізатар растлумачыў, што новая дата правядзення фестывалю і яго ўдакладненая праграма з’явіцца максімум праз два тыдні.

Фестываль «Вольнае паветра», які неафіцыйна ўжо некалькі гадоў збірае разам беларускіх этнамузыкантаў, сёлета набудзе прынцыпова новы фармат. Яго сутнасць, як сказаў арт-дырэктар фестывалю Аляксандр Багданаў, заключаецца ў тым, што на фестывалі не будзе хэдлайнераў (самых чаканых удзельнікаў мерапрыемства). «Мы не робім аднаго хэдлайнера, каб людзі не прыязджалі толькі на яго дзеля гучнага імя, а прыехалі пачуць новую музыку і пазнаёміцца з актуальнымі тэндэнцыямі сучаснай этнікі», – сказаў ён.

Як адзначылі ў прэс-службе мерапрыемства, удзел у музычным свяце возьмуць артысты з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы і Сербіі, якія «ў сваёй творчасці спалучаюць сучасную музыку і аўтэнтычную культуру розных краін свету».

Выступленні пройдуць на дзвюх канцэртных сцэнах. Акрамя гэтага,арганізатары прадугледзелі некалькі дадатковых пляцовак з дзіджэямі, а таксама кінатэатр пад адкрытым небам. Госці фестывалю змогуць паўдзельнічаць у розных гульнях і забавах.

На месцы правядзення мерапрыемства будзе арганізаваны паўнацэнны сэрвіс – «ад туалетаў да харчавання і палатачнага гарадка», паведамілі ў прэс-службе фестывалю.

Паводле БелаПАН.

Фота gazetaby.com

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце