weather 7° Маладзечна
weather 7° Вілейка
weather 5° Смаргонь
weather 7° Ашмяны
weather 4° Валожын
weather 7° Мядзел
weather 5° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4488
1 долар 2.082
100 рас.руб. 3.1507
30.06.2011 16:15 ,

“Памру – ніхто не раскажа” (+аўдыё)

Жыхароў вёскі Боркі фашысты спалілі 5 мая 1943 года. Праз тыдзень пасля Вялікадня, на Радаўніцу. У жывых засталася толькі адна дзяўчынка. Тады ёй ішоў дванаццаты год.

Час многае сцёр з памяці Фаіны Анасовіч (Кучкі). А той страшны дзень пакінуў. Быццам бы спецыяльна. Каб сама помніла і ўсім людзям расказала пра апошнія хвіліны з жыцця Борак, якія так і не адрадзіліся пасля вайны…

“Цяжка мне гаварыць, – прыкладаючы руку да грудзей, праводзіць нас у пакой Фаіна Сяргееўна. – Яно і без таго ўвесь час душа баліць, а як развярэдзіш старыя раны, тыдзень ходзіш сам не свой. Таму я адразу таблетак нап’юся, а пасля  “пойдзем” з табою ў вёску. Хто ведае, колькі мне жыць засталося. Памру – ужо ніхто не раскажа”.

… Да вайны ў іх вёсцы было 20 двароў. Жыхароў – крыху больш за 90. Працавалі на сваёй зямлі, мелі гаспадарку, з таго і жылі. Не скажаш, каб багата. Так, перабіваліся. Маці Фаіны, Вольга, дзяцей падымала адна. “Старэйшаму майму брату на той час споўнілася 17 гадоў, – успамінае жанчына, – ён і быў у хаце за гаспадара, бо бацька памёр рана, мне тады былі ўсяго два гадкі. Малыя былі і брат Лёня, і сястра Валя. Усе яны разам з мамай згарэлі”.

Боркі лічыліся партызанскай вёскай. Але народныя мсціўцы, па словах Фаіны Анасовіч, тут ніколі не стаялі. Праўда, у адной з хат яны зрабілі своеасаблівы пост і пасадзілі там дзяжурнага. Людзі казалі, што гэта нейкі сувязіст, бо ля дома была пастаўленая высокая вышка.

Першы раз у іх вёсцы немцы з’явіліся ў красавіку 1943 года. За тыдзень да Вялікадня. Прыехалі на конях, з паліцаямі ды такі гармідар устроілі, што пасля іх ад’езду мо яшчэ гадзіну пер’е над вуліцай лятала. Хапалі ўсё, што траплялася пад рукі: курэй, гусей, парасят. Выносілі з кладовак сала, яйкі, малако. “Дзетачкі, зараз і да нас прыйдуць”, – шаптала ў роспачы маці Фаіны. Чужынцы перапаролі ўсе шафы, забралі яйкі, тварог, падрыхтаваныя да свята, ды пацягнуліся з пажыткамі да абозу.

Праз нейкі час нагружаныя дабром павозкі пакінулі вёску, і людзі ўздыхнулі з палёгкай. Маўляў, хай хоць усё забіраюць, галоўнае, нас бы не чапалі.

Не паспелі вяскоўцы апомніцца, як на вуліцы паказалася конніца. Гэта партызаны, на падводах гэтак дваццаці, ляцелі наўздагон немцам. Бой быў такі, што ў вокнах трэсліся шыбы. “Маці загадала нам класціся на падлогу, – успамінае Фаіна Анасовіч, – так і ляжалі радком, пакуль не перасталі страляць”.

Вечарам толькі і размоў было, што пра тую бойку. “Не даруюць нам немцы, канец будзе”, – казалі мужчыны. І ў той жа час ніводзін з іх не ведаў, што рабіць. У партызанскі атрад усёй вёскай не пойдзеш, у лесе надоўга не схаваешся. А вясна тым часам брала сваё. З кожным днём станавілася цяплей, пачало распускацца на дрэвах лісце. І людзі вырашылі сеяць.

Днём працавалі на сваіх надзелах, а вечарам, сабраўшыся ля якой-небудзь хаты, трывожыліся. Хтосьці сказаў, што трэба павыносіць лепшае і схаваць. Бо, калі немцы налятуць, народ застанецца ні з чым.

“У панядзелак, 4 мая, у гадзін дзесяць, на дарозе з боку Любчы падняўся пыл. Адтуль на конях прыскакалі два мужчыны і адразу ж сталі збіраць людзей, – успамінае жанчына. – Пайшла і наша мама, а за ёй следам – мы”. Партызаны сказалі, што Любчу і Боркі не сёння, дык заўтра будуць паліць. “Хочаце – хавайцеся ў лесе, хочаце – ідзіце ў суседнія вёскі да сваякоў, – папярэджвалі яны людзей. Інакш усім будзе канец”.

“Маці бегала па хаце і не ведала, што рабіць, – успамінае Фаіна Сяргееўна. – У Борках быў дом, такая-сякая гаспадарка, лапік засеянай зямлі. Ды і не чакаў нас ніхто нідзе. Да каго было прытуліць галаву. Вайна ж на дварэ, кожны жыве са сваім горам. Заваліся сям’ёй з пяці душ да каго-небудзь, на колькі дзён прытуляць, ды скажуць, каб дамоў збіраліся. Бедныя мы былі, бязбацькавічы. Нават лапцяў, каб усіх абуць, маці не мела”.

Раніцай у аўторак мужчыны вырашылі выгнаць у поле скаціну. З жывёлай выйшлі 11 пастухоў, у тым ліку і Фаіна. “У гадзін дзевяць у вёсцы пачалася страляніна, – успамінае жанчына, – адразу над Любчай, а пасля і над Боркамі ўзняўся дым. Дарослыя пачалі гадаць, што там адбываецца і чаму немцы паляць не ўсю вёску, а толькі асобныя будынкі. Яснасць унеслі два мужчыны, якія беглі полем. Валасы ў іх былі абгарэлыя, адзенне таксама. Яны і расказалі, што немцы сагналі ўсіх жыхароў у Станкевічаў ток  і жывымі падпалілі”.

Дзесьці ў абед да пастухоў прыйшлі два паліцаі і загадалі гнаць жывёлу дадому. “Божачка, як жа рыкалі каровы, як кідаліся, бы звар’яцелыя, то ў адзін, то ў другі бок. Бяду адчувала і я. Ішла ні жывая ні мёртвая”, – расказвае Фаіна Сяргееўна.

“Дзе твой бацька?” – спытаўся на вуліцы ў дзяўчынкі паліцай. “Памёр”, – нясмела адказала яна. І Феню пусцілі ў двор.

Хату яна не пазнала. Усё ў ёй было перарытае, параскіданае. Паклікала сваіх – нікога. Толькі ў суседскім доме печ паліцца ды немцы на губным гармоніку іграюць. Што рабіць, куды кідацца. Беднае дзяўчо без памяці выйшла з хаты.

На запрэжаным возе сядзелі два дзядзькі. “Твой бацька Сяргей, а маці Волька з Кавалёў?” – раптам спытаў у яе адзін з іх. Фенечка ў знак згоды кіўнула галавой. “Што рабіць? – пытаецца адзін мужчына ў другога. – Вывезці на возе мы яе не зможам. Схаваць – расстраляюць усіх разам”. “Лезь вунь у тое галлё, што ў садзе, і сядзі да таго часу, пакуль цябе не паклічуць, – падказаў дзяўчынцы адзін з мужчын. – Нават калі тут будзе рабіцца самае страшнае, усё адно не вылазь. Ты ўжо дарослая, павінна ўсё разумець”.

У той кучы галля яна праседзела аўторак і сераду. Галодная, без кроплі вады і крошкі яды ў роце, не магла ўжо ні плакаць, ні гаварыць. Толькі моўчкі назірала, як у яе родных Борках гаспадараць немцы і выносяць, і вывозяць з хат апошняе.

У чацвер вёску падпалілі. “Яна загарэлася ў двух месцах адначасова, – успамінае жанчына. – Наша хата занялася зразу. З яе перакінуліся галавешкі на хлеў, пасля на дзядзькаву сядзібу. Толькі тры дамы на самым краі вёскі і ўцалелі”. Туды, калі ўсё сціхла, і падалося дзяўчо.

“Я ведала гэты дом, – успамінае Фаіна Анасовіч, – і гаспадароў таксама. Яны часта запрашалі мяне пабыць за няньку, пагуляць з іх маленькім сынам. Мішкі малога нідзе не было. Засталіся толькі яго люлька і цацкі. На стале стаяў гладыш малака і ляжаў кавалак хлеба. Я не ела некалькі дзён. І не  скажу, каб была галодная. Унутры ўжо ўсё замерла, акалела ад гора і страху. Села за стол, адрэзала скібачку хлеба, і тут раптам загудзеў  і спыніўся ля дома легкавы аўтамабіль. Я кінулася шукаць сабе схованку. Нічога лепшага, як заціснуцца за шафу, не прыдумала. Немцы заўважылі мяне з двара. І, як толькі зайшлі ў хату, адзін з іх па-польску загадаў: “Хто ёсць, выходзь”. Затаіўшы дыханне, не жывая і не мёртвая, яна стаяла за той шафай. Раптам цішыню разарвала аўтаматная чарга. 70 гадоў прайшло, а жанчына па сённяшні дзень памятае, як звінелі вокны і на дробныя кавалкі рассыпалася драўляная шафа.

Яна выйшла. Стала перад немцамі. “Ты не параненая”, – спытаўся мужчына ў цывільным адзенні, які быў у немцаў за шафёра. “Не ведаю”, – адказала дзяўчынка.

Феню вывелі ў трысцень і загадалі распрануцца. “Заб’юць, – падумала яна пра сябе, – і стала сцягваць з плячэй ватовачку”. Немец правёў рукой па яе спіне, агледзеў ногі, рукі. “40 гадоў пражыў, такога цуда не бачыў. Стралялі па дзіцяці, каб забіць, і нават не паранілі. Я больш не падыму на яе аўтамат”, – сказаў па-польску свайму напарніку і выйшаў з дома.

Ідзі адсюль, толькі павольна ідзі і не азірайся, шаптаў ёй шафёр. Пабяжыш – застрэляць. На ватных нагах дзяўчынка пасунулася ў бок свайго дома. Затым схадзіла да пуні, дзе ляжалі згарэлыя целы аднавяскоўцаў, выйшла на вуліцу.

Пазней той шафёр з Ільі скажа, што толькі дзякуючы яму Феня засталася жывая. Маўляў, прасіў за яе, казаў, што забярэ дзяўчынку да сябе, дагледзіць.

“Хто ведае, праўда гэта ці не, – разважае Фаіна Анасовіч, – але немцы і сапраўды загадалі мне сесці ў машыну і прывезлі ў Ілью, дзе ў іх было нешта падобнае на дзіцячы дом. Адтуль мяне на наступны дзень і забралі дзед з цёткай Ганнай у Бязводнае. Ды нядоўга я ў іх пажыла. Пераправілі мяне праз нейкі час да другой цёткі – Каці. Яна была бяздзетная, жыла багацей. Так і апынулася я ў Рабуні. Па-рознаму жыла. Цяжка працавала, у школу не пускалі. А пасля замуж выйшла, дзеткі нарадзіліся. Траіх мы з мужам паднялі, вывучылі. Унукаў дачакаліся. Нічога сабе, жывём. Вось каб яшчэ сэрца не балела ды ўспаміны не даймалі. Як прачнуся сярод ночы, так і прыходзяць да мяне мае Боркі. Як жывыя ўсе вяскоўцы стаяць. Можа, трывожыцца. Дарога да нашай вёскі, дзе стаіць помнік, зарасла. Як ні старайся – транспартам не даедзеш. Хіба што пешкі дабярэшся. Старыя ўжо мае ногі. Баюся, прыйдзе час, не дайду. Вось яны і хвалююцца…”

Марына Сліж.

Фота аўтара.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце