weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 3° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4432
1 долар 2.1666
100 рас.руб. 3.2497
11.07.2011 10:11 ,

Галерэя Харашэвіча − у музеі Купалы

За месяц да 84-годдзя маладзечанскага мастака Кастуся Харашэвіча адкрылася галерэя яго жывапісных твораў на малой радзіме творцы, у філіяле дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне.

Ідэя стварыць такую галерэю належыць дырэктару музея Святлане Ціс. Яна прысутнічала на прэзентацыі кнігі Харашэвіча “Зведанае і перажытае” ў 2004 годзе і там пачула, што мастак нарадзіўся ў вёсцы Літва, непадалёк ад Яхімоўшчыны, у ноч на Купалле, 6 ліпеня.

− Заўсёды, калі адзначаю дзень свайго нараджэння, узгадваю, як у дзяцінстве маці чытала мне вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа, − дзеліцца ўспамінамі Кастусь Харашэвіч. − Літаратурныя творы нашаніўскага перыяду, выдадзеныя ў Вільні, захаваліся ў нашай хаце з часоў дзейнасці ў Заходняй Беларусі “Грамады” пад кіраўніцтвам Браніслава Тарашкевіча.

Святлана Ціс прапанавала, каб карціны Харашэвіча некаторы час пабылі экспанатамі музея. Будынак музея − гэта былая летняя кухня. У час, калі тут працаваў Янка Купала, гаспадарамі яхімоўскага маёнтка і гаспадарчых пабудоў былі паны Любанскія, пазней − паны Свентаржэцкія.

Два пакоі карцін

У 1997 годзе пры ініцыятыве тагачасных старшыні СВК “Яхімаўшчызна” Генадзя Бажко і дырэктара музея Жанны Даткюнас увесь будынак былой летняй кухні адышоў пад музей, і знайшліся два вольныя пакоі. Мастак абдумваў прапанову чатыры гады, але потым вырашыў, што музей годны яго работ.

Карціны Кастуся Харашэвіча.

У гэтым доме ў 1906 годзе жыў 24-гадовы Янка Купала, які на той час працаваў у Яхімоўшчыне на панскім бровары. Разам з ім жыў панскі эканом. Цяпер у пакоях сабраныя рэчы Купалы, газеты “Наша ніва” і “Наша доля”, рукапісы, арыгінал зборніка “Жалейка”, этнаграфічныя рэчы мясцовых жыхароў. А ў другой частцы летняй кухні і месціцца ў двух пакоях галерэя.

− Карціны я развешвала сама, − гаворыць Святлана Ціс. − Праўда, Канстанцін Іванавіч іх крыху паправіў, патрэбна, каб ніжняя рама вісела ў 120 сантыметрах над падлогай, некаторыя пераставіў месцамі. Упрыгожыла адну з залаў выразанымі з дрэва фігурамі, якія папрасіла з Вязынскага музея. Набралася смеласці папрасіць, каб творца пакінуў музею “Бабу Насту” − гэта для мяне асабліва блізкая карціна. Як едзеш праз нашы вёскі, дзе-нідзе заўсёды сустракаеш такую бабу Насту, якая сядзіць і ўсё чакае.

«Баба Наста».

Папіць гарбаты з Купалам і Харашэвічам

Кастусь Харашэвіч падарыў музею каля дваццаці сваіх твораў. Усе яны сугучныя з экспазіцыяй музея. Тут можна ўбачыць беларускія вясковыя краявіды, напрыклад, “Дарогу ў Гальшаны”, “Восень у Гальшанах”, “Дарогі майго юнацтва”, партрэты вядомых беларусаў пачатку XX стагоддзя: Францішка Багушэвіча, Вацлава Ластоўскага, Браніслава Тарашкевіча.

Самае пачэснае месца займае праца з выявай Янкі Купалы. У 1982 годзе да 100-гадовага юбілею з дня нараджэння песняра Саюз мастакоў арганізаваў рэспубліканскую выставу. І мастак з вёскі Літва прапанаваў твор пад назвай “Янка Купала ў Яхімоўшчыне”.

“Янка Купала ў Яхімоўшчыне”.

Па словах Кастуся Харашэвіча, у сваёй карціне ён упершыню ў беларускім выяўленчым мастацтве падаў выяву мясціны, у якой пэўны час жыў і працаваў славуты пясняр на Маладзечаншчыне.

У гэтым жа пакоі знаходзіцца аўтапартрэт Кастуся Харашэвіча, зроблены са спіны. Калі мастака пытаюцца, чаму ён выбраў такі ракурс, той жартуе: каб не глядзелі на яго зморшчыны.

Кастусь Харашэвіч працягвае займацца дапрацоўкай твораў, якімі плануе папоўніць галерэю. Сярод іх і асабліва значная для мастака праца “Кастусь Каліноўскі”, якую размесцяць насупраць партрэта Янкі Купалы.

Цяпер партрэт песняра вісіць у галаве стала, за якім Святлана Ціс частуе наведнікаў музея гарбатай з сабраных ёй у Яхімоўшчыне траў.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце