weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 0° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather -1° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 0° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4377
1 долар 2.1564
100 рас.руб. 3.2572
07.08.2011 08:07 ,

Жыць у сваёй кватэры хоча кожны

Шыльды на дзвярах гэтага інтэрната няма. Таму, каб знайсці яго, давялося арыентавацца на адрас: Галіцкага, 12 “А”.

− Ну ясна ж, што ўсе хочуць сваю кватэру, − такімі словамі сустрэла мяне выканальніца абавязкаў загадчыка інтэрната маладзечанскага рамонтна-будаўнічага  ўпраўлення  ААТ “Універсалрамбуд” Наталля Казак. – Але ў жыцці не ўсё бывае адразу. Таму людзі стараюцца, каб нават часовае жыллё выглядала прыстойна.

Сямейны чатырохпавярховы інтэрнат абуладкаваны на 58 сем’яў. Хтосьці займае адзін, хтосьці два пакоі. На кожным паверсе – агульная кухня, па дзве кабінкі мужчынскіх і жаночых прыбіральняў, тры ўмывальнікі. Тут гаспадыні мыюць бялізну, а ў асобным пакоі яе сушаць.

Месца для мыцця бялізны.

Тры ўмывальнікі працуюць не заўсёды.

На першым паверсе адзін на ўвесь інтэрнат душ − тры мужчынскія і шэсць жаночых кабінак. Ёсць і прасторнае месца для мыцця бялізны, а ў сушылцы можна нават дываны пакідаць. Калясачнай у інтэрнаце няма, пры неабходнасці дзіцячы транспарт жыхары ставяць каля кабінета загадчыка інтэрната.

З васьмі вечара да васьмі раніцы дзяжурыць вахцёрка, якая сочыць, каб не гарэла без патрэбы святло, па будынку на хадзілі чужыя. У 23:30 яна зачыняе інтэрнат на ключ.

Экскурсія па паверхах

На калідорах каля ўваходных у пакой дзвярэй стаяць замкнёныя драўляныя скрыні, дзе жыхары захоўваюць закаткі, бульбу, не самыя патрэбныя рэчы. Ля многіх скрыняў заўважылі вёдры ці пакеты са смеццем, якія людзі выстаўляюць, каб не трымаць дома.

Ля дзвярэй пакоя.

Некаторыя сцены ў пакоях для ўмывання і на лесвіцы пайшлі цвіллю. На кухні на першым паверсе адтуль, дзе павінна свяціць лямпачка, толькі тырчыць провад. Уздоўж сцен на калідоры сустракаецца вырваная праводка. У лінолеуме дзіркі.

Заўважыла, што бачком для зліву карыстаюцца не ўсе жыхары. Напэўна, раніца, якая пачынаецца з такой прыбіральні, не мае шанцаў стаць добрай. На кожным падаконніку ўладкаваныя месцы для курэння − стаяць бляшанкі з-пад кавы, побач − некалькі крэслаў.

У інтэрнаце суседзі бліжэй

Гаспадыня Вера Тукайла ставіць на столік у кухні паднос з курыным філе. Адбівае яго, пасля смажыць. Расказвае, што з суседзямі ўжываюцца, разам нават весялей. За гэты час прызвычаіліся да сумеснага жыцця. Няма ніколі ў іх чаргі ні ў душ, ні ў прыбіральню.

Жанчына жыве ў інтэрнаце з 1999 года, калі выйшла замуж за Артура Тукайлу. Пакой атрымлівала свякроў, супрацоўніца рамонтна-будаўнічага ўпраўлення. Яна і перадала жыллё ў карыстанне маладой сям’і.

Гаспадары спрабавалі пабудаваць уласную кватэру, але па пэўных абставінах давялося выйсці з кааператыва. У інтэрнаце нядрэнна. Аднак падрастаюць дзеці, і з-за гэтага яшчэ больш хочацца мець асобнае жыллё.

Карына Тукайла дзеліць гэты пакой з сястрой.

У Веры тры дачкі. Карыне 12 гадоў, Юлі шэсць, Аліне − тры. Гаспадыні вялікай сям’і, шматдзетнай маці клопату хапае з раніцы да ночы. Часам даводзіцца некуды выйсці, і суседзі ніколі не адмаўляюцца прыгледзець за дочкамі.

− З аднаго боку, гэта вельмі зручна, − адзначае Вера Тукайла. − Заўсёды ёсць каму дапамагчы. У інтэрнаце хочаш не хочаш, але суседзі становяцца нашмат бліжэйшыя, чым у кватэрах. Колькі жывуць побач, столькі адзін аднаму дапамагаюць. Але ж нішто не параўнаць са сваёй кватэрай.

Любая справа з чалавека пачынаецца

− Адразу ж бачна, што інтэрнату неабходны капітальны рамонт, а на гэта ў арганізацыі няма грошай, − расказвае Наталля Казак. – Але любая справа з чалавека пачынаецца. Жыхары сваімі сіламі спрабуюць палепшыць умовы, як могуць. Дзяўчаты заўсёды нешта падфарбоўваюць, прыбіраюць.

Па меры фінансавай магчымасці інтэрнат добраўпарадкоўваюць. Летась зрабілі рамонт даху. Сёлета адрамантавалі адзін вугал будынка. З восені пачнуць усталёўваць лічыльнікі на ваду.

− Не лепшыя ўмовы, безумоўна, − выходзячы са свайго пакоя, адзначае Уладзімір Сяргееў. − Але жыць можна.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

Яшчэ па тэме:

Ці змаглі б вы дзяліць кухню і санвузел з чужымі людзьмі?

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце