weather -5° Маладзечна
weather -5° Вілейка
weather -3° Смаргонь
weather -5° Ашмяны
weather -4° Валожын
weather -5° Мядзел
weather -3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4042
1 долар 2.122
100 рас.руб. 3.1935
13.08.2011 08:24 ,

Рабунь – вёска за дамбай

У ахвяру Вілейскаму вадасховішчу было прынесена 10 вёсак. Рабунь не перасялілі, толькі аднеслі ўглыб населенага пункта 17 хат.

Рэдакцыя “Рэгіянальнай газеты” працягвае праект “І стала Вілія морам”, прымеркаваны да 35-годдзя з моманту ўводу ў эксплуатацыю Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Будаўніцтва яе пачалося значна раней, яшчэ ў красавіку 1968 года. І доўжылася восем гадоў.

Вадасховішча змяніла не толькі лад жыцця людзей, якія былі выселеныя з вёсак, што падлягалі затапленню. У кагосьці з’явіліся суседзі – перасяленцы, хтосьці памяняў не толькі работу, але і месца жыхарства, бо вырашыў, што менавіта яго рабочых рук не хапае на будаўніцтве новага і важнага аб’екта. Вы памятаеце, як пачыналася будаўніцтва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, маеце фотаздымкі той пары альбо можаце падзяліцца ўспамінамі? Калі ласка, тэлефануйце ў рэдакцыю. Наш тэлефон – 769667.

“Пра тое, што ў нашай мясцовасці пабудуюць вадасховішча, людзі ведалі загадзя, – расказвае мясцовая жыхарка Фаіна Анасовіч. – Як збяромся, бывала, вечарам з суседзямі, размовы толькі пра гэта. Вельмі хваляваліся. Гэта ж не жартачкі, сарвацца з наседжанага месца і ехаць абжывацца ў суседнюю вёску альбо кудысьці ў горад. Таму ўсе з нецярпеннем і ў той жа час страхам чакалі прыезду спецыяльнай камісіі, якая павінна была распарадзіцца нашымі лёсамі”.

Усю Рабунь вырашылі не перасяляць. Людзі ад улады загадалі толькі перанесці ўглыб вёскі 17 жылых дамоў.

“Усе, хто жыў у тых хатах, – успамінае Фаіна Анасовіч, – перасяліліся ў нашу вёску з хутароў. – Патрабаванне ў той час было такое, не дазвалялася жыць аднаасобна. Хто пытаўся, хочуць людзі таго ці не. Далі тыдзень на пераезд, ды і ўсё. Але не паспелі яны абжыцца, абуладкаваць сваё жыллё ў вёсцы, як зноў атрымалі загад перасяляцца. Лічы, на той самы хутар”.

Часам у Рабунь прыходзілі розныя навіны з населеных пунктаў, якія адсялялі. Асабліва страшна было тады, калі прыехала спецыяльная брыгада і ўзялася за перапахаванне астанкаў з вясковых могілкаў. “Пахавальная каманда”, так ахрысцілі мясцовыя людзі тых мужчын, расказвала шмат неверагодных гісторый. Напрыклад, што ў адной з магіл чалавек ляжаў ніцма. У другой – падціснуўшы пад сябе ногі. Людзі хрысціліся і гадалі, як такое магло здарыцца. Пасля адказ на пытанне ўсё ж знайшлі. Цалкам магло быць такое, што іх пахавалі жывымі. Раней жа пакойнікаў не вазілі ў трупярню на ўскрыццё. Мясцовы фельчар даваў даведку, з ёй хавалі. І ніхто ў 50 – 60-х гадах нават не ведаў пра тое, што чалавек можа знаходзіцца ў стане клінічнай смерці.

Ва ўсім гэтым можна было б сумнявацца, калі б не сведкі. Адзін з жыхароў Рабуні, які ў той час працаваў трактарыстам, расказаў, што ў ненатуральнай позе ляжалі чатыры чалавекі. А яшчэ ўспомніў, што кожнаму члену брыгады за перапахаванне адной магілы плацілі 25 рублёў.

“Бедна ў вас народ жыў, – дзівіліся мужчыны, што працавалі на могілках. – Нідзе ні пярсцёнка залатога няма, ні зубоў. Мы да гэтага на Украіне падобнай справай займаліся. Там – багацейшыя”.

Мясцовыя людзі кажуць, што ніякіх асаблівых змен у іх быт вадасховішча не ўнесла. Дзеці, як і звычайна, хадзілі ў школу, дарослыя – на работу. Працавалі пераважна ў калгасе. Хто на ферме, хто механізатарам, а хто проста на палявыя работы хадзіў. Жылі амаль аднолькава. Апраналіся ў мясцовым магазіне, там жа куплялі прадукты: хлеб, цукар, алей, соль, селядцы. Усё астатняе – са сваёй гаспадаркі. “У нас жа ў кожнага ў двары свой малаказавод быў, – успамінае Фаіна Анасовіч, – людзі трымалі па дзве каровы. Зімой калолі па тры-чытыры парсюкі. Так што былі мяса, сала, тлушч, кілбасы. Ну і,  канешне ж, яйкі, гародніна. Гэта цяпер вёска састарэла,  дык усё больш у магазін цягнецца, аўталаўку чакае, а раней мы самі сябе забяспечвалі прадуктамі”.

Будынак школы.

У выхадныя і святы рабуньцы ходзяць у царкву.

Побач са звычайнымі вясковымі хатамі красуюцца і такія вось катэджы.

Летась у Анасовічаў не ўрадзіла бульба. З надзелу ў 30 сотак накапалі пяць кошыкаў. “Вымакла, – кажа гаспадыня. – І не без суму ў голасе дадае: ды і ў склепе ў нас непарадкі, кожны год падыходзіць вада. Што толькі не рабілі: пясок падсыпалі, спецыяльныя падмосткі будавалі”. Усё гэта хутчэй з-за блізкага суседства з вадасховішчам. Ды, як кажуць мясцовыя людзі, гаруй не гаруй, нічога не зробіш. Неяк будзем дажываць”.

А вось дачнікаў блізасць вады не палохае. Наадварот, дзякуючы вадасховішчу дамы ў Рабуні ідуць нарасхват і каштуюць не так каб ужо і танна. Купляюць іх і віляйчане, і мінчане. Ну і, канешне ж, пачынаюць перабудоўваць на свой лад. Каб з прасторнай кухняй, альтанкай у двары. Многія гараджане бяруць участкі і пачынаюць будавацца з нуля. Дамы ўзводзяць прыгожыя, на некалькі паверхаў.

“Трыста дамоў у нас было раней, – разважае Фаіна Анасовіч, – а людзей колькі, дык і злічыць цяжка. Цяпер у хатах усё больш па адным, два чалавекі пазаставалася. У асноўным пажылыя. Неяк палічыла, дык у брыгаду ходзіць не больш за чатырох чалавек. А раней жа як пачнуць людзі раніцай на работу ісці, размінуцца цяжка”.

Жанчына кажа, што вёска іх у хуткім часе зусім састарэе. Застануцца толькі адны дачнікі, якія будуць прыязджаць сюды пакупацца, пазагараць, рыбкі палавіць, грыбоў ды ягад пазбіраць. Ну і, можа, цыбуліну якую ў зямельку ўткнуць. А гэта ўжо не гаспадары! І не тая Рабунь, што была раней!

Марына СЛІЖ.

Фота аўтара.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце