У Крэве прайшоў "Крэўскі кірмаш"

На сцэне каля сцен замка выступалі паэты Уладзімір Някляеў, дзяцінства якога прайшло ў Крэве, Валярына Кустава, Анатоль Івашчанка, Усевалад Сцебурака, барды Раман Яраш, Таццяна Беланогая, спяваў гурт “Горынь”, іншыя.
Паэтка Валярына Кустава.
Фолк-рок-гурт «Alte Mente».
Кірмаш сабраў не толькі местачкоўцаў, але і гасцей з розных гарадоў Беларусі.
Шмат хто з выступоўцаў казаў, як любіць прыязджаць у гэтае мястэчка. На што Усевалад Сцебурака адзначыў, што Крэва – сталіца.
– Так было раней і так ёсць. І Вы – людзі, якія тут жывуць, – соль зямлі, – сказаў ён, выйшаўшы на сцэну.
На пляцоўцы каля замка працавалі гандлёвыя пункты з упрыгажэннямі, вырабамі з гліны, цацкамі, беларускай музыкай і фільмамі. Дзяўчаты з гурту “Горынь” праводзілі майстар-клас па вырабе традыцыйнай лялькі.
Майстар-клас.
Падчас фестывалю праходзіў конкурс у розных намінацыях. Званне “Крэўскі князь” атрымаў Павел Карнюшын, “Крэўская князёўна” – Ганна Андруковіч. Абое яны вучацца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.
Крэўскія князёўна і князь Ганна Андруковіч і Павел Карнюшын.
Іншыя намінацыі размеркаваліся наступным чынам:
— крэўскі паэт – Уладзімір Някляеў;
— крэўскі бард – Таццяна Беланогая;
— крэўскі цуд – Віктар і Вера Жыбулі;
— крэўская традыцыя – гурт “Горынь”;
— крэўскі валанцёр – Аляксей Друпаў, студэнт гістарычнага факультэта БДУ.
Усе пераможцы атрымалі падарункі ад фонду.
“Крэўскі майстар” не выбраны. У намінацыі “Крэўскі авангард” (гурт, які лепш за ўсё адлюстроўвае эксперыментальны накірунак беларускай музыкі) за званне пераможцы ў хуткім часе ў Мінску пазмагаюцца “Князь Мышкін”, “Балцкі субстрат” і “Інфрачырвоны выдых”. Па словах дырэктара фонду Вольгі Кастрамінавай, запланаваная вечарына, дзе будзе добрая апаратура для выступлення.
Дырэктар фонду «Крэўскі замак» Вольга Кастрамінава.
Фестывалем засталіся задаволеныя і гледачы, і арганізатары.
– Надвор’е крыху перашкодзіла. Але ў цэлым добра: сёлета выступалі не толькі добра вядомыя, але і новыя паэты, барды. Майстар-клас ад гурту “Горынь” карыстаўся папулярнасцю, – адзначыла ў інтэрв’ю “РГ” Вольга Кастрамінава.
Святлана ЦІШКО.
Фота Валерыя ТРАЦЯКА.



