weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 0° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather -1° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 0° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4377
1 долар 2.1564
100 рас.руб. 3.2572
22.08.2011 14:12 ,

Разбой 12-гадовай даўніны. Прыгавор – восем гадоў зняволення

Да васьмі гадоў пазбаўлення свабоды з канфіскацыяй маёмасці ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму прыгаварыў суд Валожынскага раёна 50-гадовага Леаніда М. за ўдзел у разбойных нападзеннях у Ашмянах і Валожыне ў 1999 годзе.

Амаль 12 гадоў спатрэбілася для таго, каб абвінавачаны атрымаў пакаранне за асабліва цяжкае злачынства – разбой з пранікненнем у жыллё, здзейснены групай асобаў. Разбойнікаў было чацвёра. Траіх з іх асудзілі адразу пасля злачынстваў. Леанід, які раней быў чатыры разы судзімы за крадзяжы і згвалтаванне, тады паспеў уцячы ва Украіну і ўвесь гэты час знаходзіўся ў вышуку.

У маі гэтага года ўкраінская міліцыя затрымала беларускага грамадзяніна за незаконнае захоўванне халоднай зброі і падробны пашпарт. Калі высветлілася, што мужчына знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі, украінскія праваахоўнікі перадалі Леаніда беларускім калегам.

Асноўным сведкам на судовым працэсе быў таксіст, які ў снежні 1999 года вазіў разбойнікаў з Бабруйска ў Ашмяны і Валожын. Вадзіцель тады не ведаў з якой мэтай мужчыны ездзілі ў гарады нашага рэгіёну. На судзе кіроўца таксі ўпэўнена апазнаў Леаніда як чалавека, які 12 гадоў таму быў яго пасажырам.

У віну Леаніду быў пастаўлены ўдзел у двух разбойных нападзеннях. У першым выпадку 22 снежня 1999 года каля 17 гадзін з абрэзамі паляўнічых стрэльбаў і металічным прутом разбойнікі ў масках уварваліся ў дом жыхара Ашмянаў на завулку Красным. Ударыўшы гаспадара прутом па галаве і руках, налётчыкі забралі ў яго 32 мільёны рублёў.

З тымі ж абрэзамі і ў масках на наступны дзень злачынцы абрабавалі жанчыну ў Валожыне на вуліцы Гастэла. Гаспадыню дома звязалі скотчам і паклалі на стол. Забралі радыётэлефон, відэамагнітафон, тры залатыя пярсцёнкі, залаты ланцужок і 4 мільёны рублёў. Агульная матэрыяльная шкода ў гэтым выпадку склала 92 мільёны рублёў.

З таксістам зламыснікі разлічыліся залатым ланцужком, які ў якасці доказу злачынства вадзіцель таксі прадставіў у судзе.

Леанід не прызнаў сваю віну. Па яго версіі, ён не мог здзейсніць разбой у снежні 1999 года, таму што ў гэты час знаходзіўся ва Украіне. Суд расцаніў довады абвінавачанага як спосаб абароны і не прыняў іх да ўвагі. Па меркаванні суда, віна Леаніда пацвярджаецца паказаннямі таксіста і іншымі доказамі.

Мужчына быў прызнаны рэцыдывістам і адпраўлены на восем гадоў у калонію ва ўмовах строгага рэжыму.

На момант напісання матэрыяла прыгавор не ўступіў у законную сілу. Абвінавачаны мае права абскардзіць яго ў суд Мінскай вобласці.

Андрэй ЖУКОЎСКІ, памочнік пракурора Валожынскага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце