weather -5° Маладзечна
weather -5° Вілейка
weather -3° Смаргонь
weather -5° Ашмяны
weather -4° Валожын
weather -5° Мядзел
weather -3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4042
1 долар 2.122
100 рас.руб. 3.1935
01.09.2011 10:54 ,

На вырабы маладзечанцаў толькі глядзелі

Адной з пляцовак фестывалю "Маладзечна-2011" стала Цэнтральная плошча, на якой размясцілі сцэну і горад майстроў.

Гледачы сядзелі на драўляных лавах, а самыя ўдзячныя з іх, пераважна дзеці, танцавалі перад сцэнай. Для іх выступалі калектывы мастацкай самадзейнасці з Валожыншчыны, Вілейшчыны і іншых раёнаў.

Горад майстроў быў багаты на вырабы традыцыйнага беларускага ўмельства: сплеценыя з лазы, выразаныя з дрэва, злепленыя з гліны. Госці фестывалю набывалі рэчы, прывезеныя з іншых гарадоў, а вось на творы маладзечанскіх майстроў можна было толькі паглядзець. Тут яны мелі выставачны характар, а зацікаўленым майстры абяцалі ўсё прадаць на “Дажынках”.

Прадстаўлялі ўвазе гледачоў і дзіцячыя работы − выхаванцаў школ горада, дзіцячай мастацкай школы, інтэрната для дзяцей, хворых на скаліёз.

Акрамя вырабаў у нацыянальным стылі − паясоў, ручнікоў, саламяных конікаў з яблыкамі, былі і менш звыклыя. Напрыклад, майстар з Гомеля Мікалай Сухаў прывёз насценныя гадзіннікі і паўзбаны, сасуды для малака, дэкараваныя арнаментам у егіпецкім стылі. Па словах умельца, найбольшым попытам карысталіся гадзіннікі коштам ад 45 да 60 тысяч рублёў.

Зімовыя шапкі са жлобінскага футра прывезла гомельскі майстар Ала Новікава.

− У Гомелі глядзела вашую статую па тэлевізары штодзень, − сказала жанчына. − Прагулялася па горадзе − убачыла ўжывую. Мне ўсё ў вас вельмі спадабалася. Ды і гандаль ідзе нармальна, ужо прадала сем шапак.

Кіраўнік клуба народных умельстваў “Вытокі” Маладзечанскага раённага Цэнтра рамёстваў Таццяна Цыпкіна паведаміла, што выстава, падрыхтаваная да фестывалю − трэніроўка перад удзелам у “Дажынках”.

− Настрой ва ўсіх нашых майстроў “пераддажыначны”, − гаворыць Таццяна Цыпкіна. − Заўважыла вялікую зацікаўленасць у людзей, разглядаюць, пытаюцца, колькі каштуць вырабы, шкадуюць, што мы сёння нічога не прадаём. А мне найбольш прыемна тое, як абноўлены горад выхоўвае людзей. Паглядзіце, на плошчы ніводнай паперкі не валяецца, а колькі тут сёння ўжо людзей прайшло. Цэняць тое, што для іх зрабілі.

Вольга Казлова.

Майстрыха Маладзечанскага раённага Цэнтра рамёстваў Вольга Казлова прадставіла свае вырабы, зробленыя ў тэхніцы валагодскіх карункаў. Гэтая тэхніка даволі рэдкая з-за сваёй складанасці і працаёмкасці. Адну шалю жанчына рабіла сабе два гады. І нават седзячы за столікам са сваімі вырабамі, займалася каклюшкамі. Кажа, што вельмі хочацца паспець закончыць сюрпрыз да “Дажынак”. Але што майстры Цэнтра рамёстваў прадставяць гасцям свята − пакуль сакрэт. Умельцы спадзяюцца здзівіць гледачоў.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

Даведка “РГ”. Каклюшка − прыстасаванне для пляцення карункаў.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце