weather 3° Маладзечна
weather 3° Вілейка
weather 1° Смаргонь
weather 3° Ашмяны
weather 0° Валожын
weather 3° Мядзел
weather 1° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4377
1 долар 2.1564
100 рас.руб. 3.2572
04.09.2011 08:09 ,

“Забудова” працуе на “Дажынкі”

Тратуарнай пліткай і бардзюрамі чысцінскага прадпрыемства “Забудова” выкладаюцца вуліцы і плошчы Маладзечна. “Забудова” актыўна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы горада і раёна да “Дажынак”, а ў фінансавы крызіс кіраўніцтва захавала сацыяльныя гарантыі рабочым.

– У пастаўцы тратуарнай пліткі ў Маладзечна мы манапалісты, – расказаў у інтэрв’ю “РГ” намеснік генеральнага дырэктара холдынга “Забудова” Генрых Кутас. – Акрамя гэтага, у рамонце горада выкарыстоўваюць нашы сухія будаўнічыя сумесі і бетон. У арганізацыях і жылых дамах устаўляюць чысцінскія вокны, некаторыя дахі крыюць чарапіцай, зробленай на “Забудове”. А ў цэнтрах сельскіх саветаў раёна ставяць агароджы нашай вытворчасці.

Па словах Генрыха Кутаса, адкрытае акцыянернае таварыства “Забудова” сёння адчувае сябе дастаткова ўпэўнена. Недахопу ў заказах няма. Плошчы, дзе сладаецца прадукцыя, на тэрыторыі прадпрыемства амаль пустыя. Прадукцыя адгружаецца заказчыкам, а тое, што яшчэ пакуль засталося, ужо праплачана кліентамі.

Генрых Кутас расказвае, што ў першам паўгоддзі “Забудова” спрацавала з прыбыткам. Гэта дазволіла захаваць усе сацыяльныя выплаты работнікам – матэрыяльныя дапамогі да вяселляў і пахаванняў, таварныя крэдыты і крэдыты на падрыхтоўку дзяцей да школы і іншае.

– Мы здолелі спыніць адток кадраў, – кажа суразмоўца “РГ”. – Захавалі касцяк калектыва. У канцы мая кіраўніцтва кампаніі прыняло рашэнне павялічыць прэміі ад 20-30 да 80 працэнтаў. Сярэдняя зарплата на “Забудове”, дзе працуе 1880 чалавек, цяпер складае 1 мільён 800 тысяч рублёў.

Людзі, якія працуюць у тры змены, – большасцю жыхары Чысці. Але ёсць і маладзечанцы. Раней гараджане ездзілі на работу на электрычцы. Цяпер фінансавае становішча прадпрыемства дазваляе кожную змену прывозіць работнікаў на працу і адвозіць дамоў на сваім аўтобусе.

Станочніца дрэваапрацоўчага завода холдынга “Забудова” Святлана Есмановіч у інтэрв’ю “РГ” расказала, што ў яе зарплата залежыць ад выканання плана. Па словах Святланы, у сярэднім яна зарабляе каля 1 мільёна 600 тысяч за месяц.

– Рабочыя ў нас не скардзяцца, – кажа Святлана Есмановіч, – зарплату выплачваюць своечасова – 24-25 чысла кожнага месяца, згодна з калектыўным дагаворам. Пры жаданні можна ўзяць 300-400 тысяч авансам. Даюць талоны на харчаванне, палову іх кошту аплачвае прафсаюз. Перад адпачынкам людзі атрымліваюць 175 тысяч на аздараўленне, можна ўзяць пуцёўку ў санаторый і дзецям у аздараўленчы лагер.

“Забудова” ўваходзіць у дзясятку бюджэтаўтваральных прадпрыемстваў Маладзечанскага раёна, расказала ў інтэрв’ю нашаму выданню намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы, фінансах і прамысловасці Наталля Нікіценка. Паводле яе слоў, за апошні час паміж экспартам і імпартам склалася станоўчае сальда больш за 1 мільён долараў.

– Нядаўна яны набылі новае нямецкае абсталяванне для вырабу тратуарнай пліткі. Вядзецца паспяховая работы па энэргазберажэнні. Маладое кіраўніцтва працуе па ўсіх накірунках. Нічога дрэннага пра прадпрыемства сказаць не магу, – падсумавала Наталля Нікіценка.

“Забудова” актыўна займаецца добраўпарадкаваннем мястэчка, у якім знаходзіцца. Холдынг выступіў актыўным арганізатарам будаўніцтва Дома культуры ў Чысці. Узводзіла яго будаўнічае падраздзяленне холдынга “Чысць-бау”. Цяпер “Чысць-бау” з’яўляецца генеральным падрадчыкам на рамонце мясцовай школы.

Прадпрыемства арыентаванае на экспарт. Асноўны гандлёвы партнёр чысцінцаў – Расійская Федэрацыя. Генрых Кутас расказвае, што некалькі гадоў назад Беларусь своечасова з’арыентавалася, калі з’явіўся ажыятажны попыт на прадукцыю з ячаістага бетону. Тады ў краіне былі пабудаваныя некалькі вытворчасцяў па выпуску будаўнічых блокаў. У іх ліку – “Забудова”.

Беларусы не пабаяліся вялікіх тэрмінаў акупнасці такіх прадпрыемстваў. Расія адмовілася ад іх будаўніцтваў менавіта па гэтай прычыне. Цяпер суседняя дзяржава для чысцінскай прадукцыі – добры рынак збыту. Тым больш цяпер, падчас крызісу, калі трэба зарабляць валюту.

Даведка “РГ”. Адкрытае акцыянернае таварыства “Забудова”. Больш за 50 працэнтаў акцый належыць Мінаблвыканкаму. Акцыі таксама маюць Маладзечанскі райвыканкам, юрыдычныя і фізічныя асобы. “Забудова” – прамысловае прадпрыемства, на тэрыторыі якога ў мястэчку Чысць размешчаныя чатыры вытворчасці – завод сухіх сумясяў і вапны, дрэваапрацоўчы завод, завод дахавай чарапіцы і завод будаўнічых канструкцыяў. У холдынг “Забудова” ўваходзіць некалькі прадпрыемстваў, у якіх “Забудова” з’яўляецца стопрацэнтным заснавальнікам. Гэта – будаўнічае падраздзяленне “Чысць-бау”, праекціровачны комплекс “Забудова-буд”, збытачны комплекс “Забудова-збыт” і транспартны комплекс “Забудова-аўтатранс”.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце