weather 18° Маладзечна
weather 18° Вілейка
weather 20° Смаргонь
weather 18° Ашмяны
weather 18° Валожын
weather 18° Мядзел
weather 20° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3426
1 долар 2.0542
100 рас.руб. 3.0768
10.09.2011 08:18 ,

Чыркава – цэнтр Вілейкі

Мікрараён Чыркава пабудавалі для работнікаў завода “Зеніт” у 80-х гадах. Раней тут была заба­лочаная мясціна, а цяпер – геаграфічны цэнтр Вілейкі.

− На заводзе “Зеніт” у 80-х працавала каля пяці тысяч работнікаў, якім было неабходнае жыллё, − расказвае гісторыю Чыркава галоўны архітэктар Вілейскага раёна Галіна Кажарновіч. − Таму завод і даў заказ на будаўніцтва дамоў і памяшканняў грамадскага прызначэння. Пад новы мікрараён тады выбралі два ўчасткі: той, дзе цяпер знаходзіцца вуліца 17 Верасня і паралельна − свабодную ад будынкаў мясцовасць, каб не трэба было затрачваць сродкі на знос дамоў. У пачатку 80-х падрыхтавалі першы праект забудовы.

Гэтая мясцовасць была забалочаная. Таму давялося падсыпаць грунт, зрабіць ліўнёвую каналізацыю. У 1988 годзе праект забудовы адкарэк­тавалі. Сёння Чыркава − геаграфічны цэнтр Вілейкі, у якім пражывае 5768 жыхароў у 1648 кватэрах.

Чаму “Чыркава”?

Некаторыя віляйчане гавораць, што назва мікрараёна пайшла ад слова “чыркі” − птушак, якія вадзіліся тут, калі мясцовасць была забалочаная. Намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама па будаўніцтве Аляксандр Сталыга з гэтай версіяй не згодны.

− Я сам жыву ў Чыркаве, а ў дзяцінстве гуляў там у футбол, тады гэтую мясціну называлі “Чарткова”, − расказвае ён. − Гэта было не суцэльнае балота, а забалочаная мясціна. І чыркі не маглі быць дамінуючым відам. Версія, што “Чыркава” паходзіць ад слова “черта” таксама сумніўная, бо гэта рускае слова. Хутчэй за ўсё, яго назва звязаная са словам “чэрці”, бо па народных павер’ях балоты − месца, дзе вадзілася розная нечысць. На жаль, спецыяльна гэтае пытанне ніхто не даследваў.

Магазін, у які ходзяць у тапках

Цяпер у мікрараёне ёсць банк, два дзіцячыя садкі, краязнаўчы музей, аптэка, цырульня, магазін жаночай бялізны, будаўнічых матэрыялаў і аўтазапчастак.

На вуліцы ў Чыркаве.

− Калі я засяліўся сюды ў 2000 годзе, ледзь не праз паўгорада хадзіў за малаком для дзяцей, − узгадвае прадпры­мальнік Дмітрый Круглік. − Таму і вырашыў паставіць магазін, бо ў мікрараёне не было ніякага гандлю. Звярнуўся па дапамогу да мясцовых уладаў, і мне пайшлі насустрач. Аляксандр Сталыга прапанаваў назваць яго так, як гістарычна завецца гэтая мясціна − “Чыркава”. Гады два займаўся дакументацыяй, паціху пабудаваў і адкрыў у 2003 годзе прадуктовы магазін, у які пакупнікі прыходзяць проста ў тапках.

З цягам часу пашыраўся асартымент, і Дмітрый зразумеў, што хоча стварыць гандлёвы комплекс, у якім чыркаўцы маглі б купіць усё неабходнае і адпачыць. Да прадуктовай часткі прыбудаваў прамысловую, дзе гандлююць беларускай трыкатажнай бялізнай, цацкамі, касметыкай.

У прадпрымальніка дзве дачкі, таму ён добра ведае аб тым, што чыркаўскай моладзі няма дзе адпачыць у сваім мікрараёне. Паступова да магазінаў дабудаваў кафэ, дзе адпачываюць сем’ямі, ладзяць выпускныя дзіцячых садкоў і нават нешматлюдныя вяселлі. Спіртным кафэ не гандлюе. Каля комплексу абсталяваў дзіцячую пляцоўку, а восенню плануе перавесці прадуктовую частку комплексу на самаабслугоўванне.

Дзмітры Круглік.

Шатландцы хацелі працаваць у “Логасе”

Не ўсе ў рэгіёне ведаюць пра Чыркава, а вось гімназія “Логас” на слыху ў многіх. Намесніца дырэктара па вучэбнай рабоце Ала Патапава расказвае, што гімназія ўтварылася ў 1991 годзе на базе сярэдняй школы №2. Каб падтрымліваць сваё званне, неабходна было даказаць сваю адметнасць.

− Паступова ў нас з’явіліся тры “фішкі”, − гаворыць Ала Патапава. − Гэта паглыбленае вывучэнне замежных моў і супрацоўніцтва з англійскімі, нямецкімі, французскімі ўстановамі адукацыі. Мы адны з першых у вобласці пачалі выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі не толькі на ўроках, але і ў рабоце адміністрацыі. А таксама распрацавалі культурна-эстэтычны цыкл: кожны вучань выбірае музычны інструмент, на якім вучыцца іграць у нашай гімназіі.

У канцы навучальнага года, у маі, гімназія “Логас” прымала дэлегацыю з Шатландыі. За дзесяць дзён госці так захапіліся установай адукацыі, што некаторыя нават сур’ёзна прасіліся застацца і працаваць тут.

Дэлегацыя з Шталандыі ў «Логасе».

Франтавік чакае зімы

Чыркава забудавалі шматпавярхоўкамі, пакінуўшы на мяжы мікрараёна прыватныя дамы. У адным з іх жыве пенсіянер Іосіф Малажавы. Ён нарадзіўся ў вёсцы Дубоўцы Валожынскага раёну. Калі хлопцу ішоў 17-ы год, прызвалі на фронт. Там атрымаў раненне і быў кантужаны, а вяртацца з вайны не было куды − хату спалілі. Пасля 1945 года адслужыў шэсць з паловай гадоў у арміі.

Правучыўшыся ў Магілёве год на пажарнага, атрымаў накіраванне на працу ў Маладзечанскую вобласць. Так і асеў у Вілейцы. Атрымаў дом каля пажарнай службы, якая знаходзілася на месцы цяперашняга музея, працаваў начальнікам варты.

Іосіф Малажавы.

Сёння вырошчвае на сваім агародзе бульбу, моркву, цыбулю, кветкі.

− Шкада, што нашы дамы не знеслі, а людзей не перасялілі ў кватэры, − уздыхае Іосіф Малажавы. − Да зімы рыхтавацца будзе цяжка.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце