weather -6° Маладзечна
weather -6° Вілейка
weather -3° Смаргонь
weather -6° Ашмяны
weather -5° Валожын
weather -6° Мядзел
weather -3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4132
1 долар 2.1262
100 рас.руб. 3.1849
12.09.2011 12:54 ,

Пішам песню з Віталём Качатковым

Калі маладзечанец Віталь Качаткоў гаворыць пра сябе, пачынае з таго, што стараецца ні да чаго не адносіцца вельмі сур’ёзна і ўсё жыццё гуляе. Спачатку гуляў у бізнэс − і знайшоў крыніцу заробку. Потым пачаў гуляць у шахматы − і стаў майстрам спорту міжнароднага класа.

А цяпер задумаў новую гульню − арганізаваў праект “Напішам песню разам”.

Віталь Качаткоў.

− Шахматы і музыка ў вас лёгка паразумеліся?

Параўноўваць шахматы і музыку − тое самае, што супастаўляць розум і эмоцыі. Паспрабуйце вызначыць, что важней. У шахматах, у адрозненне ад музыкі, ёсць аб’ектыўнасць. Прыйшоў, убачыў, сеў за стол і выйграў. Усё. Ніякіх сумненняў, хто мацнейшы.

У музыцы пануюць эмоцыі, але каб добра зрабіць штосьці − ці напісаць мелодыю, ці разыграць выдатную партыю, неабходна мець спецыяльную адукацыю. Шахматыст павінен навучыцца гуляць: засвоіць хады, дэбюты, схемы, тактыку і стратэгію. Тое самае і з музыкай − трэба авалодаць пачуццём рытму, гармоніі, інтанавання. Толькі калі засвоіш адукацыйную базу, можаш пачаць тварыць.

− Вы не верыце, што ствараць могуць і самародкі?

− У вельмі-вельмі рэдкіх выпадках магчыма, але гэта выключэнні.

Мне заўсёды смешна, калі гавораць “кампазітар, які думае”. Кампазітар думаць не павінен, вось для гэтага і неабходна вучыцца. Вы ж не задумваецеся, як пісаць літары, калі пішыце сваё імя. А прыгадайце, у першым класе выводзілі кожную палачку і кручок. Вы тады навучыліся пісаць, каб цяпер не задумвацца, як гэта робіце. Уявіце сабе вадзіцеля, які ўсю дарогу думае, дзе ў яго педаль тормазу.

Да песні ёсць сур’ёзныя патрабаванні, бо ў ёй прысутнічае слова. Я называю словы кнопкай. Самыя раскручаныя “кнопачныя” песні маюць каманды. Памятаеце, Дзіма Білан праспяваў “Believe me” − і Еўропа паверыла.

− Чаму вы вырашылі заняцца музыкай?

− Захацелася нечага для душы. І ў чэрвені распачаў новы праект пад кодавай назвай “Новая гульня”. Ідэя ўзнікла не на пустым месцы. Я скончыў сем класаў музычнай школы, чатыры гады музвучылішча. Потым служыў у арміі, у тым ліку адзін год у Маскве, ва ўзорным аркестры ганаровай варты. Бачыў прэзідэнта ЗША Рональда Рэйгана, як цябе цяпер.

Усё гэта стала маёй школай. Потым музыка затаілася на некаторы час, але нікуды не знікла.

− Прайшло некалькі месяцаў, вы бачыце прадуктыўнасць праекту?

− З моманту нашага першага сходу з музыкантам Сяргеем Урбановічам у чэрвені мы камандай напісалі каля 20 песень. І я лічу іх не нейкімі там “песенькамі”, а моцнымі творамі. Ёсць яшчэ сотня напрацовак.

Падрыхтавалі песню для радыё, рыхтуем яшчэ каля дзесяці.

Прызнаюся, што ўступаючы ў гульню, я недаацэньваў яе сур’ёзнасць. Дзейнічаў па прынцыпе: хачу, магу − значыць, зраблю.

− Раскажыце, як ствараюць песню?

− Для гэтага патрэбны музыкант і паэт, якія твораць разам. У нас крыху інакш. Я трубач, а труба − сольны інструмент. Спачатку я ствараю мелодыю.  Зрабіць яе гарманічнай мне дапамагае Сяргей Урбановіч. Потым пачынае працаваць паэт.

Адкрыю сакрэт. Мы пішам тэкст на музыку, а не наадварот. Адсюль асаблівая меладычнасць і прыгажосць нашых песень. Я не прыніжаю значнасць вершаў. Аўтар Аксана Ярашонак, якая працуе з намі, гэта “мой” паэт. Яна добра адчувае музыку, у яе ёсць музычная адукацыя. Дзяўчына стварае цудоўныя вобразы. У выніку мы атрымліваем выдатны сінтэз музыкі і слова.

− А хто спявае?

− Аксана прапанавала спяваць мне. Паспрабаваў, запісаў. Многім спадабалася, і мне таксама.

Разумееце, я стаўлюся да голасу як да нечага, што даў бог. Гэта інструмент, якім трэба ўмець валодаць. Сур’ёзна спяваць пачаў каля месяца таму. Вось і вырашыў вучыцца ў выкладчыка сольных спеваў музвучылішча Георгія Юрэвіча.

Вучуся я хутка, але пакуль спяваю на галасавых звязках. Цяжка, хутка стамляюся, звязкі садзяцца. Але калі навучуся спяваць інакш, можа атрымлівацца з іншай тэмбравай афарбоўкай.

Сучасныя тэхналогіі напісання песень дазваляюць запісваць іх і з маім майстэрствам, а паралельна вучыцца. Нямала вядомых гуртоў і спевакоў, якія спяваць “жыўцом” не ўмеюць, і выдатна сябе адчуваюць.

− Хто разам з вамі займаецца стварэннем песень?

− Калі ў нас ёсць гарманічная мелодыя са словамі, яе пачынаюць апрацоўваць аранжыроўшчыкі. Можна сказаць, што яны прыводзяць твор у сучаснае гучанне. Аранжыроўшчыкі таксама кампазітары, яны павінны ведаць і адчуваць стылі, інструменты, партытуры мелодыі, гармоніі.

Цяпер са мной працуюць аранжыроўшчыкі Аляксандр Усовіч і Сяргей Бажко, абодва з Маладзечна. Кожны з іх − гэта нешта асаблівае.

− Вы разлічваеце, што творчасць будзе прыносіць вам прыбытак?

− Я бізнэсмэн, мне з гэтым прасцей. Магу займацца музыкай для душы. Разумею мастакоў і музыкантаў, у якіх грошай няма. Ім цяжка. Але на колькі хопіць грошай у мяне? Таму трэба шукаць прыхільнікаў, мецэнатаў. Вось і я чакаю сваіх.

− Вы задаволеныя сваімі песнямі?

− Я ўвесь час задаю сабе пытанне, ці добра ў мяне атрымліваецца. Ці прыгожа? Ці таленавіта?

Любы мастак не можа ацаніць свае працы аб’ектыўна. Яны павінны спадабацца людзям. Таму пастаянна запрашаю знаёмых паслухаць творы, каб ацанілі. Па іх рэакцыі лаўлю ўражанне, настрой, эмоцыі і раблю вынікі, каб знайсці наступны ход.

Цяпер мне мая музыка падабаецца. Яна прыгожая − так гавораць слухачы. А мне самому падабаецца ёй займацца.

− Якім будзе ваш наступны ход?

− Я зразумеў, што ўсяго, што я раблю, мала, каб музыка дайшла да слухача. Таму галоўная гульня толькі пачынаецца − у прадзюсарства. Яна не менш захапляльная, са сваімі правіламі, якіх пакуль не ведаю. Ніхто не расказвае.

Збіраемся пусціць у радыёэфір песню “Наша сям’я”. Яна пра розных людзей, мужчыну і жанчыну, якія, нягледзячы на тое, што розныя, разам.

Хочам зняць на яе кліп. Сцэнарый мой. Патрэбна пяцёра дзяцей, жонка-прыгажуня, кот з сабакам, якія сябруюць, прыгожы катэдж і “Мэрсэдэс”.

− У вас ёсць задумы новых праектаў?

− Я іграю на трубе, і ведаю, што на розныя святы бацькі просяць дзетак, якія наведваюць музычную школу, штосьці сыграць. Атрымліваецца так сабе. У мяне самога трое дзяцей − Сямён, Аліса і Эдуард.

Аліса, пакуль яшчэ наведвала музычную школу, таксама часам іграла. Тады ў мяне нарадзілася ідэя запісаць дыск фонавай музыкі. Уключыце дыск, і пад яго скрыпка ці флейта дзіцяці проста запяюць.

Але каб здзейсніць усё запланаванае, мне патрэбная каманда. Вось я і шукаю таленавітых людзей, якім сапраўды хочацца займацца творчасцю.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота забяспечана Віталём КАЧАТКОВЫМ.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце