weather 16° Маладзечна
weather 16° Вілейка
weather 17° Смаргонь
weather 16° Ашмяны
weather 14° Валожын
weather 16° Мядзел
weather 17° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.46
1 долар 2.1177
100 рас.руб. 3.2257
01.11.2011 14:15 ,

Лёс гімназісткі з Маладзечна (архіў «РГ»)

Фота: Александр.

Даваенная выпускніца маладзечанскай гімназіі імя Тамаша Зана Рэгіна Астравух арганізавала ў час вайны падпольную школку для мясцовых дзетак-палякаў. Піша Франц Світо. Архіў "РГ", публікацыя ў газеце 6 чэрвеня 2003 года.

Не ўсе ветэраны вайны стаяць на ўліку ў ваенкаматах і ў саветах ветэранаў. Больш таго, многія пасля вайны не маглі знайсці работы па спецыяльнасці, адпаведна адукацыі і магчымасцям. Але яны унеслі не меншы уклад у тое, каб на нашай зямлі запанаваў мір. Маладзечанку Рэгіну Астравух прызнала ветэранам 24 лютага 2000 года Рада Міністраў Польшчы. Падстава – удзел гэтай мужнай жанчыны ў падпольнай асветнай дзейнасці ў Маладзечне. Рэгіна Астравух на свой страх і рызыку арганізавала ў вайну школу для дзетак, якіх патаемна навучала чытаць і пісаць – не вечна ж на нашай зямлі было панаваць акупантам.

Рэгіна Захараўна – той чалавек, які збярог для нашчадкаў адзін з нумароў гімназічнага часопіса “Прамень“, пра штот пісала наша газета. Яна – даваенная выпускніца маладзечанскай гімназіі імя Тамаша Зана.

Нарадзілася Рэгіна Захараўна 12.12 (25.12) 1918 года на станцыі Зябкі Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і чыгуначніка. Бацька яе, Захар Сямёнавіч, 1894 года нараджэння, працаваў аглядчыкам вагонаў на чыгунцы. Родам ён быў з вёскі Кухцічы непадалёк ад станцыі  Негарэлае Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Маці, Алімпія Пятроўна, з Лагіновічаў, нарадзілася ў 1893 годзе ў вёсцы Баршчы, што каля Палачан Маладзечанскага раёна. У сям’і Захара Астравуха, апроч Рэгіны, было яшчэ трое дзяцей: Гэлена (1915 г.н.), Ян (1921 г.н.) і Таіда-Зузанна (1925 г.н.).

Вялікія цяжкасці  перанесла сям’я і яе блізкія  ў гады першай сусветнай вайны. Аповяд пра гэты перыяд патрабуе асобай увагі і апісання ў асобным артыкуле.

У 1921 годзе бацькі купілі ўласны дом каля  чыгуначнай станцыі ў Маладзечне на Завані, цяпер вуліца Новы Свет. Жыццё наладжвалася. У сям’і было ўжо чацвёра дзяцей. Сумаваў Захар Сямёнавіч па сваёй радзіме і родных, што апынуліся за савецка-польскай мяжой пасля мірнага Рыжскага дагавора ад 18.03.1921 года, і вырашыў нелегальна наведаць Бацькаўшчыну. Летам 1925 года ён перайшоў “зялёную мяжу” (яе ў той час пераходзілі многія) і дамоў не вярнуўся. Толькі цудам удалося вызваліцца яму з турмы праз некалькі гадоў. Працаваў рабочым у Іркуцку, на Урале, потым — у Маскве. У 1929 годзе спрабаваў пераслаць па пошце 100 рублёў для сям’і ў Польшчу. У пісьмовай форме яму было ў гэтым адмоўлена.

Толькі ў чэрвені 1941 года, за два дні  да пачатку вайны, ён змог вярнуцца ў сваю сям’ю. Здароўе было моцна падарвана, хварэў і 20 чэрвеня 1943 года памёр ва ўзросце 59 гадоў. Жыць сям’і без бацькі было вельмі цяжка. Дапамагалі родныя Алімпіі Пятроўны.

Пасля заканчэння чатырох класаў паўшэхнай (усеагульнай) школы Рэгіна паступае ў 1929 годзе ў другі клас Маладзечанскай польскай гімназіі (у першы клас гімназіі прымалі вучняў  ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў, якія паспяхова закончылі  тры класы пачатковай школы). Вучылася добра.  Ад платы за навучанне была вызваленая. Кошт навучання каштаваў 75 злотых ў паўгоддзе. Звальненнем ад уплаты  карысталіся вучні з бедных слаёў насельніцтва, выдатных паводзін і з добрымі поспехамі ў навуцы.  Падчас вучобы ў VI-VIII класах Рэгіна ўжо мела і свае заробкі за практычныя заняткі на даму з вучнямі малодшых класаў, якія адставалі ў вучобе.

У 1936 годзе Рэгіна паспяхова заканчвае Маладзечанскую гімназію і паступае ў Крамянецкі дзяржаўны педагагічны  ліцэй (Заходняя Украіна). Тут таксама вучылася паспяхова.  Ад платы за вучобу і знаходжанне ў інтэрнаце з забяспечаным харчаваннем яна была таксама вызвалена. Актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці ліцэя і інтэрната. За вучобу на такіх варунках у ліцэі пасля яго заканчэння яна абавязана была адпрацаваць  не менш двух гадоў у школе,  вызначанай школьнымі ўладамі.

У 1938 годзе яна накіроўваецца на пасаду  настаўніцы пачатковых класаў у 7-класную  паўшэхную школу ў вёсцы Крымна, што каля Ковеля. У гэтай школе разам з ёй працавалі чатыры настаўнікі. Адпрацавала год. Цешылася сваёй прафесіяй. Вельмі дружныя і цёплыя былі адносіны з калегамі, з насельніцтвам.

Пачалася другая сусветная вайна. Працу ў гэтай школе не пакідала. Другі навучальны год адзначыўся зменамі калектыву, дырэктар школы і два настаўнікі былі арыштаваныя, сем’і іх вывезеныя ў глыбіню СССР. Працаваць стала цяжка. Пасля заканчэння навучальнага года атрымала дазвол на пераезд у Маладзечна.

У перыяд нямецкай акупацыі школы былі зачыненыя. Трэба было з чаго жыць, а значыць, працаваць. Была прынятая на пасаду перакладчыцы нямецкай мовы ў базавую службовую прадуктовую кантору. Тагачасны гімназічны курс забяспечваў грунтоўныя веды па замежных мовах, якія дазвалялі даволі паспяхова мець зносіны  з іншаземцамі. Акрамя гэтага выпісвала асабістыя пасведчанні  — “Personal-ausweis”, дапамога многім людзям у гэтай справе была для іх вельмі значнай. Апроч гэтага яна арганізавала і праводзіла ў гэты перыяд тайнае навучанне дзяцей на польскай мове па праграме  пачатковай школы.

У 1943 годзе загінуў брат Ян, які працаваў чыгуначнікам у Аляхновічах.

Пасля заканчэння вайны з працай настаўніцы ў школе па вядомай прычыне прыйшлося развітацца. Выратавалі агульнаадукацыйныя веды, атрыманыя ў гімназіі і ліцэі, а таксама напружаная  штодзённая праца… На працягу 48 гадоў працавала ў якасці рабочай  пры аднаўленні чыгуначнай станцыі і чыгуначных пуцей, касірам на гэтай жа станцыі (1944-1947), кантралёрам вячэрняй касы дзяржбанка (1948), учотчыкам, эканамістам на швейнай фабрыцы (1949-1956). Жыла разам з маці. Два гады знаходзілася ў Польшчы ў сваёй старэйшай сястры. Адкрывалася перспектыва  педагагічнай працы. Угаварыць маці выехаць у Польшчу не змагла. Мусіла вярнуцца ў Маладзечна. Потым увесь час шкадавала аб гэтым.

Працавала на заводзе штучнага каракулю бухгалтарам, майстрам завода, эканамістам камбіната (1958-1964), на швейнай фабрыцы — майстрам-закройшчыцай, прыёмшчыцай (1965-1987). Пасля выхаду на пенсію да мая 1999 працавала  прыбіральшчыцай на фабрыцы індывідуальнага пашыву адзення.

У ліпені 1989 года памерла маці. З таго часу і жыве адна. Адзінокай сябе не лічыць. Уласны дом, агарод, сад патрабуюць  бесперапыннай  працы і догляду. Любіць кветкі. Шмат чытае. Дапамагае авалодваць польскай мовай моладзі, якая рыхтуе сябе для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Польшчы. Ёй шчыра дапамагае вядомая сям’я роднай  сястры Таіды Акуневіч, муж якой  Тадэвуш Станіслававіч з’яўляўся  інжынерам праекта і кіраўніком будоўлі ў Маладзечне новага касцёла Святога Юзафа, узведзенага ў 1997 годзе.

З цеплынёй успамінае  і дзякуе былым сваім кіраўнікам па працы – дырэктарам швейнай фабрыкі Івану Сяргеевічу  Грыбу, Ганне Фёдараўне Буравай, Аляксандру Аляксандравічу  Пулькіну за чалавечнасць, дабрыню і спагаду.

Неаднойчы было і так, калі начальнік установы, дзе патрэбны былі працаўнікі розных спецыяльнасцяў, на просьбу Рэгіны прыняць на працу запісваў звесткі з пашпарта, назначаў дату наступнай сустрэчы, а потым казаў, што прыняць на работу “не имеет возможности”.

Самыя светлыя дні ў жыцці былі для Рэгіны Захараўны ў гады навучання ў гімназіі і ліцэі. Яна ўспамінае пра іх з асаблівым уздымам, запалам, нават гонарам, як чалавек, які атрымаў з незабыўнай духоўнай крыніцы  тую чалавечую каштоўнасць, якая не растрачвалася на працягу  ўсяго жыцця. Гэтую каштоўнасць перадавалі гімназістам таленавітыя дырэктары Уладзіслаў Ваўрыка, Уладзіслаў Люро і настаўнікі Антон Анцэвіч, Марыя Свянткоўская, Уладзімір Арлоў, Павел Барыслаўскі, Часлаў Юрэвіч, школьны лекар Пётр Маслоўскі і іншыя.

“Настаўнікі ў гімназіі, – распавядае Рэгіна Захараўна, — былі людзі асобага гарту, з’яўляліся сапраўднымі выкладчыкамі, усе былі на сваім месцы. Яны ўсімі сваімі паводзінамі, адносінамі да працы, да навучэнцаў, да жыцця наогул ставіліся ўзнёсла і аддана. Выходзілі з гімназіі людзі інтэлігентныя. Акрамя стварэння  ўмоў для атрымання ўсеагульных ведаў (канферэнцыі, лекцыі, заняткі ў кабінетах, розных гуртках), стваралася для моладзі асаблівая духоўная  атмасфера, асаблівы стыль выхавання, патрабавальнасць, абавязковасць”.

Рэгіна Захараўна цудоўна дэкламуе па памяці вершы многіх паэтаў аб дружбе, дабрыні, каханні, патрыятызме, чалавечай годнасці на польскай мове, лацінскія афарызмы, а таксама “гаудэамус” – сярэдневяковую песню студэнтаў на лацінскай мове, якая была вельмі папулярнай сярод студэнтаў розных краін. Гэтая песня ўхваляла жыццё, маладосць і навуку, адраджаецца сярод студэнтаў у апошнія гады і ў нашай краіне.

У размове Рэгіна Захараўна распавядае пра сябе: “Я пражыла доўгае, складанае, цяжкае, поўнае выпрабаванняў жыццё, аднак і змястоўнае. Багацця не нажыла. Жыла з верай у бога і заўсёды працавала, не ўхілялася ад ніякай работы. Яшчэ з гімназіі запомніла лацінскую прыказку “Ora et labora” (маліся і працуй). Ва ўзаемаадносінах да людзей на рабоце і ў быце паводзіла сябе так, каб ніколі не ўнізіць гонару, пачуцця ўласнай годнасці і годнасці іншага чалавека. Дапамагала ўсім, чым магла. Гэтым і была шчаслівая.

Для таго, каб выжыць у змрочныя часы, трэба  было працаваць. А такая патрэбнасць, як вядома,  не знае адпачынку. Акрамя гэтага, каб пражыць і выжыць нашаму пакаленню, трэба было засвоіць  і іншыя правілы: “працуй, слухай, глядзі, маўчы, запамінай”.

Сустракала розных людзей. Дасканала памятаю ўсе ўчынкі тых, хто быў добры да людзей і да мяне. Сярод добрых людзей і жыць было лягчэй.

Нягледзячы на абставіны, якія прыніжаюць многія чалавечыя каштоўнасці, кожны чалавек, а тым больш інтэлігент, павінен заўсёды знаходзіцца на высокім маральным узроўні“.

Разумныя, пранікнёныя словы, стрыманасць, абаяльнасць, прыветлівая ўсмешка, тактоўнасць, шчыры позірк добрых вачэй – сведчанне яе высокай інтэлігентнасці і багатай жыццёвай мудрасці. Пераконвае тое, што жыццё такіх людзей заўсёды з’яўляецца асэнсаваным, з крытычным усведамленнем з’яў, што адбываюцца ў грамадстве.

Рэгіну Захараўну цікавяць хуткія змены ў жыцці краіны і свету. Шмат чытае. У яе мноства падшывак газет, часопісаў і айчынных, і польскіх, кніг, энцыклапедычных выданняў. Яна заўважае час, адчувае яго прабег. Думае аб будучым. Упэўнена, што грамадству не патрэбна адварочвацца ад усяго добрага і прыгожага, што зроблена людзьмі раней, адмаўляцца ад яго толькі таму, што яно старое, былое, што нашу моладзь трэба выхоўваць з павагай да працы, спасціжэння дабра, справядлівасці, прыстойнасці.

Дзяржаўных узнагарод Раіса Захараўна за працу не мае. Ёй уручалі ганаровыя граматы і падзякі з  месца працы. Яна і не шкадуе аб гэтым. Самай вялікай падзякай для яе з’яўляецца любоў, павага і ўдзячная памяць людзей за яе дабро, зробленае для іх.

Франц СВІТО,

кандытат медыцынскіх навук.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце