weather 21° Маладзечна
weather 21° Вілейка
weather 29° Смаргонь
weather 21° Ашмяны
weather 26° Валожын
weather 21° Мядзел
weather 29° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
01.11.2011 13:02 ,

Памёр доктар Франц Світо

Памёр доктар Франц Світо. Кандыдат медыцынскіх навук, даследчык гісторыі медыцыны нашага краю.

Франц Іосіфавіч Світо нарадзіўся ў 1928 годзе ў вёсцы Уздрыгалавічы Мядзельскага раёна. У 1954-м скончыў Мінскі медыцынскі інстытут.

Працоўную дзейнасць у Маладзечне пачаў у 1957 годзе ў якасці галоўнага доктара Маладзечанскай абласной станцыі пералівання крыві, якая з 1960 года перайменаваная ў Мінскую абласную станцыю пералівання крыві. Працаваў і хірургам у гарадской бальніцы.

У лабараторных умовах службы крыві, якую ўзначальваў, сумеў распрацаваць лекавы прэпарат мачавіны для ін’екцый, якога ў былым Савецкім Саюзе не было (меўся толькі ў ЗША) і які так патрэбны быў пры чэрапна-мазгавых траўмах, без якога паміралі людзі.

На працягу пяці гадоў прэпарат вырабляўся ў Маладзечне і забяспечваў 92 клінікі былога Савецкага Саюза. Было адпраўлена звыш васьмі тысяч камплектаў. Выраб гэтага прэпарата быў пастаўлены на прамысловую аснову на Украіне. Адпраўляўся ён і на Кубу, у Карэю, Манголію.

У 1968 годзе Франц Іосіфавіч абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме свайго вынаходніцтва. Меў два аўтарскія пасведчанні на вынаходніцтва, якія ўкаранёныя, сем пасведчанняў на рацыяналізатарскія прапановы галіновага значэння, апублікаваныя 42 навуковыя працы і манаграфія “Служба крыві і донарства Міншчыны”.

Ужо будучы на пенсіі марыў стварыць музей гісторыі медыцыны Маладзечаншчыны. Збіраў матэрыял пра сваіх калег, пра развіццё медыцынскіх паслуг у рэгіёне. Многія матэрыялы Франца Іосіфавіча Світо друкаваліся і на старонках “Рэгіянальнай газеты”.

Пахавалі Франца Іосфавіча 31 кастрычніка на яго радзіме – у Мядзельскім раёне.

Калектыў «Рэгіянальнай газеты» прыносіць свае шчырыя спачуванні родным і блізкім Франца Іосіфавіча.

Франц Світо і ветэран падпольнага антыфашысцкага руху ў Маладзечне Рэгіна Астравух.  2003 год, Маладзечна.

Фота Аляксандра Манцэвіча.

Чытай публікацыю Франца Світо:

Лёс гімназісткі з Маладзечна

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце