weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 10° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 10° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.46
1 долар 2.1177
100 рас.руб. 3.2257
01.11.2011 09:34 ,

Затрыманыя меркаваныя забойцы дырэктара рыбгаса

Затрыманыя меркаваныя заказчык і забойцы дырэктара рыбгаса "Грыцава".

У мінулую суботу было 40 дзён па Дзмітрыю Бегуну. На Насілаўскіх могілках сабраліся сваякі, калегі і сябры забітага дырэктара рыбгаса «Грыцава». У гэты халодны дзень усіх сагравала памяць аб добрым чалавеку і кіраўніку. А яшчэ – усведамленне таго, што вінаватыя вось-вось паўстануць перад судом і атрымаюць па заслугах. Чацвёра падазроных за гэтыя тыдні ператварыліся ў абвінавачаных. Ужо вядомыя матывы, заказчык і канкрэтныя выканаўцы страшнага злачынства.

Нагадаем галоўныя факты. У ноч з 16-га на 17 верасня Дзмітрыя Бегуна ахоўнікі рыбгаса знайшлі каля трэцяй сажалкі. На дырэктары не было жывога месца: яго жорстка білі сталёвымі прутамі. Білі, каб забіць. Дзмітры не дачакаўся «хуткай» і сканаў на месцы, не назваўшы ні прыкметаў, ні імёнаў, ні прозвішчаў. Следчых чакала праца з чыстага ліста: падазраваць усіх і правяраць усе версіі.

– Сёння ўжо можна гаварыць аб тым, што забойства раскрыта. Мы вядзем збор дадатковых доказаў, пасля чаго справа накіруецца ў суд, – канстатуе Альфрэд Танкевіч, следчы па асабліва важных справах Генеральнай пракуратуры Беларусі. — На дадзены момант затрыманыя трое абвінавачваных у забойстве дырэктара Маладзечанскага рыбгаса і непасрэдны заказчык. Яшчэ траіх выканаўцаў цяпер актыўна шукаюць у Беларусі і Расіі. Яны абвешчаныя ў вышук.

Трэба аддаць належнае прафесіяналізму маладзечанскіх следчых: ужо да вечара 17 верасня ўдалося затрымаць дваіх меркаваных забойцаў. Заказчыка ўзялі 20-га.

– Трох з шасці выканаўцаў забойства арыштавалі 27 верасня ў Лепелі. Нам пашанцавала: яшчэ 5-6 хвілін – і злачынец схаваўся б у Расіі. Машына стаяла пад парамі, – успамінае Альфрэд Танкевіч. – На дадзены момант у СІЗА знаходзяцца чацвёра датычных да забойства Дзмітрыя Бегуна мужчын. Яны даюць паказанні і ў падрабязнасцях распавядаюць пра тое, за што і як забівалі кіраўніка рыбгаса.

Такім чынам, усе тыя, хто нападаў, не маюць ніякага дачынення да рыбнай лоўлі. Яны не браканьеры і нават не аматары. Іх проста папрасілі «павучыць розуму» незгаворлівага дырэктара. Калектыўны партрэт абвінавачаных наступны: беспрацоўныя крымінальнікі 1979-1980 гадоў нараджэння. Большасць з іх раней праходзілі па артыкулах «хуліганства» і «крадзеж». Прычым трое з шасці – блізкія сваякі. Па словах аператыўнікаў, гэта сапраўдныя адмарозкі, для якіх няма нічога святога. Цяпер яны сцвярджаюць, што збіраліся толькі прыстрашыць Бегуна: маўляў, пакачаўся б паўгода ў лякарні і вярнуўся б на працу. Але нялюдская жорсткасць і сіла, з якой наносіліся ўдары, гавораць аб адваротным. Яны прыехалі сюды забіць і не пайшлі, пакуль не пераканаліся ў тым, што місія выканана.

– Пасля апытання людзей, якія асабіста ведалі дырэктара, склалася ўражанне, што гэта быў вельмі смелы, валявы, рашучы кіраўнік. Акрамя таго, фізічна моцны чалавек, добры баксёр. Ведаючы гэта, злачынцы напалі з засады і не пакінулі яму шанцаў на абарону. Усе адбылося за нейкія 5-7 хвілін, – распавядае Альфрэд Станіслававіч. – Следства мяркуе, што гэта было заказное забойства з помсты. Помсціў Дзмітрыю Бегуну мясцовы крымінальны аўтарытэт, які мае 7 судзімасцяў. Не тое каб ён жыў з крадзенай рыбы або яна вельмі была яму патрэбна. Гэта была не асноўная крыніца ценявога заробку. Рыбгас быў сферай магчымага крымінальнага ўплыву, а вось ўплыву якраз і не было: дырэктар аказаўся вельмі моцным арэшкам. За гэта яго і забілі.

Зараз у следства дастаткова доказаў для прад’яўлення абвінавачвання. Застаецца затрымаць яшчэ трох фігурантаў справы, і тады ўсе яны разам паўстануць перад судом.

– Я выязджаў на месца і знаёміўся з работай рыбгаса «Грыцава». Ведаеце, засталося вельмі цяжкае ўражанне ад узроўню арганізацыі аховы. Фактычна яе няма зусім. Калі казаць адкрыта, то нябожчык дырэктар дняваў і начаваў на сажалках, ахоўваючы вырашчаную рыбу. Таму, калі справа будзе скончана, Генпракуратура выявіць недахопы ў арганізацыі аховы рыбагадоўчых прадпрыемстваў і ўнясе адпаведнае прадстаўленне, – кажа Альфрэд Танкевіч. – Пасля вашай публікацыі мы запыталі усю наяўную ў рэспубліцы інфармацыю аб супрацьпраўных дзеяннях у дачыненні да службовых асоб рыбгасаў. І вось чаму. Група, якая напала на Дзмітрыя Бегуна, была вельмі мабільнай. Не выключана, што гэтыя вылюдкі наслядзілі і ў іншых рэгіёнах краіны.

Што ж пагражае злачыннай шайцы? Пакуль справа ўзбуджаная па артыкуле «Прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці». Кожнаму «свеціць» да 15 гадоў турмы. Але ў следства ёсць усе падставы, каб перакваліфікаваць яго на «Наўмыснае забойства». А вось тады гаворка пойдзе пра 25 гадоў пазбаўлення волі, пажыццёвым заключэнні або выключнай меры пакарання. Як вырашыць суд.

Цікава, якое цяпер становішча ў рыбгасе «Грыцава»? Тэлефаную ВА дырэктара Сяргею Кралько.

– Вельмі шмат працы: адлоў рыбы ідзе поўным ходам, а спецыялістаў не хапае. Я і за дырэктара, і за іхтыяпатолага, і за галоўнага спецыяліста. Браканьераў не відаць – быццам адрэзала. Ахоўваем цяпер сажалкі ўпяцёх, на патруляванне выходзім толькі па двое, – распавядае Сяргей Кралько. – Людзі нарэшце супакоіліся і пачалі без страху прыходзіць на працу. А было па-іншаму… Мы ўжо чулі, што злачынцы затрыманыя. Вельмі б хацелася папрысутнічаць на судзе і паглядзець ім у вочы.

Паводле respublika.info.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце