weather 14° Маладзечна
weather 14° Вілейка
weather 15° Смаргонь
weather 14° Ашмяны
weather 15° Валожын
weather 14° Мядзел
weather 15° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.46
1 долар 2.1177
100 рас.руб. 3.2257
02.11.2011 16:37 ,

Пенсіянер загінуў з-за таксы

Пракуратура Маладзечанскага раёна перадала ў суд крымінальную справу па абвінавачанні двух мінчан, якія, па выніках папярэдняга расследавання, 26 жніўня ў адным з садовых таварыстваў да смерці збілі 74-гадовага пенсіянера.

Двое сяброў, жыхароў сталіцы, у Маладзечанскім раёне адпачывалі на дачы сужытніцы аднаго з іх. Аднаму мужчыну 42 гады, другому – 52. Першы неаднаразова судзімы. Гэта яго сужытніца запрасіла ўсіх на дачу.

Як высветліла следства, 26 жніўня 14-гадовы сын гаспадыні павёў на возера выгульваць сваіх сабак. Гэта не спадабалася мясцоваму жыхару, 74-гадоваму пенсіянеру. Маўляў, возера чыстае, на ім адпачываюць і купаюцца людзі, а сабакі забруджваюць ваду.

Спачатку састарэлы мужчына зрабіў хлопчыку заўвагу, а пасля схадзіў дамоў і вярнуўся назад з палкай. Палка яму была патрэбная, каб разагнаць сабак. Як сцвярджаў непаўналетні гаспадар жывёлін, дзядуля ўдарыў цяжарную сучку таксы палкай па мордзе.

Хлопчык вярнуўся дамоў і паскардзіўся на пенсіянера сужытніку маці і яго сябру. Каля 17 гадзін мужчыны пайшлі да дзеда на разбор. Абодва былі нецвярозыя. З сабой узялі хлопчыка.

Разбор ператварыўся ў жорсткае збіванне пенсіянера. Паводле заключэння медыцынскай судовай экспертызы, пацярпеламу быў нанесены ўдар табурэткай па галаве, удар нажом у правую руку, а таксама шматлікія ўдары рукамі і нагамі па розных частках цела.

Праз дзве гадзіны дзядуля ад траўматычнага шоку, які наступіў ад шматлікіх пераломаў касцей шкілета, памёр у Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Пракуратура кваліфікавала дзеянні абвінавачаных як “Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, здзейсненага ў адносінах да заведама састарэлага, групай асобаў, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці чалавека.

Падчас расследавання абодва мужчыны прызналі сваю віну часткова. Яны сцвярджалі: п’янымі не былі, прыйшлі да гаспадара проста пагаварыць наконт пабітай ім жывёліны. Па версіі абвінавачаных, бойку дзядуля справакаваў сам, калі кінуўся на іх з нажом.

Следства скептычна ставіцца да такой версіі здарэння. Акрамя частковага прызнання віны, яна пацвярджаецца іншымі доказамі – паказаннямі сведкаў, заключэннем экспертыз і аглядам месца здарэння.

Асноўным довадам следчых органаў сталі паказанні хлопчыка, які пацвердзіў, што заступнікі прыйшлі ў двор пенсіянера нецвярозымі. Мужчыны аклікнулі яго: “Гаспадар!”. А калі гаспадар з’явіўся перад імі, адразу пачалі экзекуцыю.

Хлопчык спалохаўся і ўцёк. Такія паказанні ён даваў і перад ўзбуджэннем крымінальнай справы, і пасля яе. Па меркаванні следства, з-за свайго ўзросту і шоку, які перанёс юны сведка, ён не можа свядома хлусіць.

Сужытніца аднаго з абвінавачаных, гаспадыня дачы, дзе адпачывалі мужчыны, ад дачы паказанняў адмовілася.

Канчатковую кропку ў гэтай гісторыі паставіць суд. Разгляд справы можа пачацца ў другой палове лістапада. Максімальнае пакаранне за такое злачынства – 15 гадоў зняволення.

Сяргей СЯЛЯЎКА, старшы следчы следчага аддзела пракуратуры Мінскай вобласці па Маладзечанскім раёне.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце