weather 21° Маладзечна
weather 21° Вілейка
weather 28° Смаргонь
weather 21° Ашмяны
weather 26° Валожын
weather 21° Мядзел
weather 28° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
03.11.2011 14:59 ,

Турыстычнаму бізнесу пайшла б на карысць перазагрузка

Турыстычныя выставы трэба цалкам перафарматаваць, лічыць аўтар кніг пра беларускую кухню, гісторык і гаспадар аграсядзібы ў Валожынскім раёне Алесь Белы. На яго думку, "беларускае грамадства вельмі моцна зажралася".

Растлусцелі яго «вяршкі» – асноўныя кліенты турфірмаў. І вельмі хутка скапіявалі замашкі Элачка-людаедкі з 12 крэслаў. Дух ўсіх гэтых мексіканскіх тушканаў, шанхайскіх барсаў – Калгаснага Гламуру – увесь час лунаў над гэтымі выставамі.

На турвыставах 60-70% экспанентаў павінны складаць рэзідэнты з мясцовым жа прадуктам. Прытым каб удзельнічалі не толькі турфірмы, але і ініцыятыўныя групы рэгіёнаў, якія  прасоўвалі б рэгіён у комплексе.

Алесь Белы.

Назіраў гэта 2 тыдні таму назад на ключавой польскай турвыставе “Tour Salon–2011” у Познані. Упор там робіцца менавіта на гэта, хоць і стэнды экзатычных краін там таксама ёсць. Але мяне цікавілі стэнды менавіта польскіх рэгіёнаў – а там былі прадстаўлены і цэлыя асобныя ваяводствы (Вялікапольскае, Падляшскае і г.д.), і невялікія мікрарэгіёны накшталт гістарычнага княства Свідніцкага, графства Клодскага і г.д. Ці, да прыкладу, Торуньскі музей перніка рабіў інтэрактыўную прэзентацыю – кожны ахвотны мог спячы пернік з прапанаванага набору кампанентаў. Тое ж самае рабіў музей мыла (здаецца, з Быдгашча). Група гістарычнай анімацыі з Познані давала магчымасць прадставіць сябе і сфатаграфавацца ў выглядзе Вялікапольскага паўстанца 1919 г., чым я, вядома, не прамінуў скарыстацца.

На тыповым стэндзе мікрарэгіёна былі рэчы, асабліва дарагія майму сэрцу: буклет аб рэгіянальнай кухні (якасны) і буклет са схемай велатрасы рэгіёну (часта таксама трас пешых, конных, водных). Інфармацыя пра культуру рэгіёна, пра яго музеі, аграсядзібы і г.д. У некалькіх выпадках арганізатары таго ці іншага стэнда былі прадстаўлены як lokalna grupa dzialania (мясцовая група дзеянняў) – гэта значыць, супольнасць мясцовых энтузіястаў, якія ведаюць і любяць свой край і прасоўваюць яго ключавыя «фішкі». Прасоўваюць не толькі на выставе, а перш за ўсё «на мясцовасці», гэта значыць, пастаянна пераўтвараючы культурны і фізічны ландшафт адпаведнага краю, і толькі перыядычна на тых жа выставах «даючы справаздачу аб праведзенай працы». Не столькі перад уладамі, колькі перад канчатковым спажыўцом прадукту, якому ёсць з чаго выбіраць. Не будзе цікава – не паедзе.

Вось такім «мясцовым групам дзеянняў» і трэба аддаваць дзве траціны пляцаў на турвыставах. Можна пачаць ужо з гэтай вясны. Выдаткі маглі б узяць на сябе часткова мясцовыя ўлады (там, дзе яны сапраўды зацікаўленыя ў развіцці турызму. Тут не павінна быць “абязалаўкі”, іначай убачым 118 стэндаў ад кожнага раёна, у кожным па два штучных «зялёных маршруты» і іншая дробязь). Часткова – нацыянальнае агенцтва па турызме. Часткова – самі гэтыя lokalne grupy dzialania.

Калі шчыра, то беларускае грамадства вельмі моцна зажралася. Растлусцелі яго «вяршкі» – асноўныя кліенты турфірмаў.

Вось у гэтым – асноўная прычына няўдачы выставы. І наступная будзе яшчэ горшай, калі канцэпцыя не зменіцца. Прытым падкрэсліваю: выставы – гэта толькі вяршыня айсберга. Яны толькі падсумоўваюць працяглую крэатыўную працу ў рэгіёнах.

Аляксандр Белы, «Марцінова Гусь» (з нагоды выставы «Турбизнес-2011», якая прайшла 26-29 кастрычніка ў Мінску).

P.S. Добра было б нашай Валожынска-Івянецкай супольнасці як след падрыхтавацца да вясновай выставы, каб па-сапраўднаму там «запаліць».

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце