weather 18° Маладзечна
weather 18° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 18° Ашмяны
weather 19° Валожын
weather 18° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.312
1 долар 1.9886
100 рас.руб. 3.1609
03.11.2011 09:53 ,

У абноўленым смаргонскім раддоме ўжо нарадзілася 50 дзяцей

У акушэрска-гінекалагічным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы, якое адкрылася пасля рамонту ў канцы кастрычніка, ўжо нарадзілася 50 дзяцей.

Пацыенты пачалі паступаць яшчэ да афіцыйнага адкрыцця аддзялення. За гэты час тут прынялі 41 роды, зрабілі 10 аперацый кесарава сячэння.

На рамонт раддом зачынілі ў маі. За гэты час за два з паловай мільярды рублёў не толькі зрабілі капітальны рамонт даху, уцяплілі будынак “шубай”, паставілі шклопакеты, але і перапланавалі.

− Я працую тут больш за 10 гадоў, таму ведаў, што і як неабходна ўладкаваць у аддзяленні, − расказвае загадчык акушэрска-гінекалагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Алег Малаха.Узяў чарцёж і падумаў, дзе трэба паставіць сцяну, дзе дабавіць пакой. Рамонт пачалі ў час падаражання, і тое, што я запланаваў закупіць на 500 мільёнаў рублёў, ужо каштавала паўтара мільярда. Аб’яўлялі тэндар, шукалі больш выгадныя ўмовы. Пры такіх абставінах было б зразумела, калі б мы пайшлі на ўступкі. Але вырашылі, што ў раддоме павінна быць новае ўсё  − ад медыцынскага абсталявання да бялізны.

Уся мэбля, апаратура  −  беларускай вытворчасці, акрамя кардыёманітора коштам у 80 мільёнаў рублёў. У аддзяленні з’явіліся новыя лямпы, неабходныя для аглядных кабінетаў, тры кальпаскопы і тры каагулятары.

Цяпер пацыенты кожнага з трох аддзяленняў  − родавага, гінекалагічнага і паталогіі − трапляюць у бальніцу праз асобныя прыёмныя пакоі. Замест адной аперацыйнай цяпер дзве: адна для гінекалагічных аперацый, а другая  −  для правядзення кесаравых сячэнняў. У адрамантаваным раддоме стала больш зручным сумеснае знаходжанне  −  для дзетак закупілі пластыкавыя ложкі на колах, а дзверы ў палаты паставілі  са шклом, каб за станам маці і немаўляці медыкі назіралі, нават не заходзячы ўнутр.

Першая паездка дадому.

На першым паверсе знаходзіцца гінекалагічнае аддзяленне на чатыры палаты, адна з іх платная − з тэлевізарам, халадзільнікам і асобнай прыбіральняй. Тут жа гардэроб, прыёмныя пакоі, ардынатарская, сталоўка, пакой для бялізны, фізіякабінет, аперацыйная.

На другім паверсе  −  родавае аддзяленне на шэсць палат па два чалавекі, аперацыйная, перадродавыя і радзільная зала, сталоўка, паталагічнае аддзяленне на чатыры палаты.

Штат работнікаў застаўся тым жа − загадчык аддзялення, два доктары, старэйшая акушэрка, медсёстры і санітаркі  −  усяго 40 чалавек.

Першыя пацыенты

Першыя пацыенты адзначаюць, што асабліва іх уразіла сучаснае абсталяванне прыбіральняў. У кожнай − ракавіна, унітаз, бідэ і душавая кабінка.

− Я тут проста як на курорце, − смяецца пацыентка Леанарда Апанасовіч.

Леанарда Апанасовіч ляжыць у гінекалагічным аддзяленні ўпершыню. Гаворыць, што яна тут нібы на курорце.

Палаты для парадзіх абсталяваныя двума ложкамі для маці і двума − для дзяцей. Спавівальныя столікі мяккія, абабітыя светлай скурай. Не паспелі толькі прымацаваць жалюзі ў радзільным аддзяленні, таму вокны пакуль закрываюць пялёнкамі.

Маладая мама Вера Сінкевіч нарадзіла хлопчыка ў суботу, 29 кастрычніка. Гэта былі яе першыя роды, таму прыгадаць, які раддом быў раней, яна не можа.

Маладая мама Вера Сінкевіч трымае першынца Мікіту, які з’явіўся на свет у абноўленым раддоме.


− Але і так бачна, што тут усё новае і сучаснае, − гаворыць жанчына. − Родныя ўсё ходзяць і ходзяць на Мікітку паглядзець праз акенца. Таму я зусім не сумую, мне тут камфортна, у тым ліку і дзякуючы персаналу − ім жа таксама больш прыемна працаваць стала. Адчуваем сябе добра, вучуся быць мамай, а дапамагаюць мне цяпер работнікі раддома.

Праца працягваецца

Патрэба ў рамонце аддзялення, па словах Алега Малахі, была відавочнай. Ды і санстанцыя нярэдка рабіла ўстанове заўвагі.

− Гэты аб’ект быў пад асаблівай увагай. Бо тут нараджаецца жыццё, − гаворыць Алег Малаха. − Старшыня райвыканкама Мечыслаў Гой асабіста прыходзіў сюды і кантраляваў, як падрадчыкі “Будаўніча-мантажнага трэста №41” выконваюць работы па рамонце. Галоўны доктар раённай бальніцы Уладзіслаў Галяк даўно дамагаўся рамонту, заказчыкам стала ўпраўленне капітальнага будаўніцтва. Дапамагалі сродкамі гарадскія прадпрыемствы і прыватныя прадпрымальнікі.

Алег Малаха заўважае, што мадэрнізацыя раддома не закончылася з завяршэннем рамонту. У бліжэйшы час усталююць сістэму аснашчэння кіслародам. Ёсць патрэба і ў некаторым медыцынскім абсталяванні. У прыватнасці, у раддоме няма апарата УГД (ультрагукавога даследавання). Неабходныя новыя кувезы − прыстасаванні для выходжвання неданошаных дзяцей. Павысілі б якасць гінекалагічных кансультацый і аперацый гістэраскоп і лапараскоп, якіх пакуль у раддоме няма.

Аглядны кабінет.

Новая аперацыйная.

Усе прыбіральні ў акушэрска-гінекалагічным аддзяленні абсталяваныя сучаснай сантэхнікай.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

Даведка “РГ”. Гістэраскоп − прыбор для даследавання поласці маткі. Лапараскоп − інструмент для дыягностыкі і аперыравання праз праколы, а не парэзы. Кардыёманітор − прыбор для назірання за дзейнасцю сэрца. Кальпаскоп − прыбор для дыягностыкі паталогіі шыйкі маткі. Каагулятары − апарат для лячэння эрозіі шыйкі маткі.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце