weather 21° Маладзечна
weather 21° Вілейка
weather 28° Смаргонь
weather 21° Ашмяны
weather 26° Валожын
weather 21° Мядзел
weather 28° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
07.11.2011 10:46 ,

У Борках адбыўся нядзельнік (фота, відэа; абноўленае)

У нядзелю, 6 лістапада, на месцы вёскі Боркі, спаленай у гады Вялікай Айчыннай вайны фашыстамі, прайшоў нядзельнік. Валанцёры добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол помніка загінулым жыхарам, высеклі кусты, устанавілі ўказальнік з надпісам вёскі.

Сярод тых, хто ахвяраваў свой выхадны дзень дзеля добрай справы, былі і супрацоўнікі “Рэгіянальнай газеты”.

Талакой працавалася лёгка. Пакуль добраахвотныя памочнікі з Ільянскага лясніцтва на чале з ляснічым Андрэем Кавалёвым выразалі кусты і дрэвы, якімі зарасла дарога да помніка, жанчыны, узброіўшыся граблямі, наводзілі парадак на прылеглай да яго тэрыторыі. Гулі пілы, пастуквалі сякеры, ракаталі маторы трактароў, на якія валанцёры грузілі апалае лісце і галлё. Звярнула ўвагу на пажылога мужчыну, які цягнуў да прычэпа вялізную яловую галіну. “Вы адкуль на нядзельнік прыехалі?” – спыталася ў яго. “З суседняй Сакалоўкі, – шчыра ўсміхнуўся мужчына. – У Боркі я яшчэ хлопчыкам бегаў. Сваякі тут у мяне жылі. Усе загінулі. А я вось павагу ім аддаю”.

Вучні 7 і 8 класаў Ільянскай школы працавалі разам са сваёй настаўніцай Людмілай Мікуліч. “Пра тое, што ў Борках збяруцца людзі, я  даведалася з газеты, – расказвае жанчына. – Кінула кліч дзецям. Маўляў, хто хоча, збірайцеся. Прывезла іх на сваёй машыне. У нашай камандзе Паліна Шымель, Валя Усціновіч, Толя Якубчык, Дзіма Мікуліч і настаўнік Уладзімір Сцяпанавіч Кажамяка”.

У ліку валанцёраў былі і старшыня Хаценчыцкага сельсавета Святлана Валовік, дэпутат раённага Савета Таццяна Косцік, кіроўца пагрузчыка Міхаіл Шышко, бард з Вілейкі Алесь Наркевіч, ураджэнец гэтых мясцін, а зараз жыхар Чысці Аляксандр Раткевіч, які стаў адным з арганізатараў гэтай акцыі.

“Боркамі я захварэў пасля таго, як прачытаў у “Рэгіянальнай газеце” матэрыял “Памру – ніхто не раскажа”, – гаворыць мужчына. – Справа ў тым, што пра лёс гэтай лясной вёсачкі я ведаў са школы. Настаўніца вадзіла сюды на экскурсіі, мы ўскладалі кветкі да помніка. І ніхто ні разу не сказаў, што аднаму чалавеку ўсё ж удалося выратавацца з таго пекла. Фаіну Сяргееўну Анасовіч, тады яна была Кучка, я адкрыў для сябе дзякуючы публікацыі ў вашай газеце. Болем у сэрцы адгукнуліся яе словы: “Нічога для сябе не прашу, зрабіце толькі дарогу да Борак, каб на машыне можна было даехаць. Ногі ўжо старыя, баюся – не дайду”.

Тады і даў сабе Аляксандр Раткевіч слова, што зробіць усё магчымае для таго, каб ушанаваць памяць загінулых і выканаць просьбу жанчыны. Старшыня Ільянскага сельвыканкама Святлана Валовік, да якой звярнуўся з просьбай аб дапамозе, падтрымала ідэю. Ды не ўсё так хутка робіцца, як хочацца. Нядзельнік змаглі арганізаваць толькі ў лістападзе. “Я стукаўся ў многія дзверы, – гаворыць Аляксандр Раткевіч. – Расчыніліся не ўсе. Тым не менш вельмі рады, што людзі сабраліся. Дарэчы, разам з намі працавалі і дзеці Фаіны Сяргееўны Кучко. Сама яна прыехаць не змагла. Здароўе стала падводзіць. А вось сына і дзвюх дачок прыслала”.

Я бачыла, як яе дочкі ўскладалі кошычак са штучнымі кветкамі да помніка загінулым. Як запальвалі свечкі, хрысціліся. За спачын душы бязвінна загінулых жыхароў вёскі Боркі.

Дарога да былой вёскі і да помніка зусім разбітая.

Працуюць вучні Ільянскай школы.

Валанцёры з Вілейкі.

Трэба паправіць агароджу вакол памятнага знака.

Галлё грузілі на прычэп і вывозілі.

У нейкі момант трактар засеў у каляіне, але яго выцягнуў магутны пагрузчык.

Ля помніка.

Мужчыны ўстанаўліваюць указальнік.

Ад’езд.

Марына СЛІЖ.

Фота Святланы ЦІШКО.

Яшчэ пра вёску Боркі

“Памру – ніхто не раскажа” (+аўдыя)

Рэпартаж з вёскі, якой няма

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце