weather 23° Маладзечна
weather 23° Вілейка
weather 23° Смаргонь
weather 23° Ашмяны
weather 21° Валожын
weather 23° Мядзел
weather 23° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
08.11.2011 08:35 ,

Фотапаляванне на дзікоў

Канец снежня выдаўсяў той год надзвычай марозны. Дзікі, не вытрымаўшы лютых халадоў,пайшлі на падкормку. Паляўнічыя ведалі гэта і практычна кожны дзень высочвалі іх звышак, не даючы ім спакойна падсілкавацца. Інстынкт самазахавання падказаў лясным жыхарам, што час падкормкі трэба мяняць. І пачалася гульня ў “кошкі-мышкі”. Хто каго перасядзіць і перахітрыць.

Часта паляўнічыя, правёўшы на марозе гадзін гэтак шэсцьсем, вярталіся дадому апоўначы і ні з чым. А прыехаўшы раніцай на падкормачную пляцоўку, пераконваліся, што дзікі тут усё ж былі. Праўда, глыбокай ноччу. Не скажаш, што шэнціла толькі лясным насельнікам. Бывала, людзі іх усё ж высочвалі. І везлі дадому ў багажніках машын, радуючыся паляўнічай фартуне. Тады дзікі зноў мянялі тактыку і сталі выходзіць карміцца на калгасныя палі яшчэ завідна. У валках саломы, што засталіся з восені, яны шукалі нявымалачаныя зярняты.

Вечар ля вёскі Пляшчаны

Неяк праязджаючы ля вёскі Пляшчаны, я ўбачыў на полі статак дзікоў-сяголеткаў. Палюбаваўся імі спачатку з акна машыны, пасля дастаў фотаапарат і зрабіў некалькі кадраў. Да жывёлін было метраў 90, але яны на мяне не зважалі. Спакойна хадзілі па полі, падсілкоўваліся. Заўважыў, што ля парасят няма маці. Яна, па ўсім бачна, загінула ад рук паляўнічых, і цяпер малыя самі распараджаліся сваім жыццём. Крыху падумаўшы, вырашыў ісці да іх у адкрытую, спадзеючыся на маскіроўку свайго белага халата. Невялікі вецер дзьмуў мне ў твар, што было вельмі важным момантам. Значыць, дзікі мяне не пачуюць.

Прыгнуўшыся, наблізіўся да іх метраў на 30. Кабанчыкі вялі сябе спакойна. Яны па чарзе падымалі свае лычы ад саломы, углядваліся ў белы аб’ектыў, але асаблівага неспакою не праяўлялі, хутчэй – цікавасць. Я стаў на калені і пачаў паціху да іх набліжацца. Больш за ўсё мяне ў гэтыя хвіліны хвалявала наступленне густых прыцемкаў. Прыйшлося нават адключыць аўтафокус камеры, бо ён толькі бегаў туды-сюды, не фіксуючыся на аб’екце. Уручную навесці рэзкасць таксама аказалася не так проста. Тым больш, што на марозе відэашукальнік ад частага майго дыхання перыядычна даводзілася праціраць. Рашаюся адкрыць фотаўспышку, таму што без яе вынік здымкаў будзе ніякі. Раблю кадр і здзіўляюся, што дзікі не ўцякаюць. Шчоўкаю яшчэ і яшчэ, стараюся навесці на рэзкасць. Некаторыя парасяты ўжо знаходзяцца на адлегласці 15-20 крокаў ад мяне і не змяшчаюцца ў відэашукальнік. Відаць, ім вельмі цікава, што за белы “кабан” корміцца на іх полі. Я пачынаю адступаць, стараючыся не нарабіць шуму і не спужаць іх.

Так працягваецца хвілін 10, на працягу якіх мая камера перыядычна шчоўкае з успышкай. Зразумеўшы, што большага, чым я сфатаграфаваў, зняць не атрымаецца, я паціху адыходжу да машыны і ад’язджаю, а дзікі застаюцца на полі.

Сустрэчы ў Лагойскім раёне. Дзень першы

Наступныя мае сустрэчы з дзікамі адбыліся ў Лагойскім раёне, куды я перыядычна езджу нафотапаляванні. На полі, якое знаходзіцца ўдалечыні ад праезных дарог, першы раз іх убачыў я ўгадзін 16. Гэта былі шэсць сяголеткаў, якіх мне вельмі хацелася зняць. Крыху пастаяўшы і агледзеўшыся, вырашыў падысці да іх, улічыўшы накірунак ветру, па меліярацыйнай канаве. Пакуль назіраў за парасятамі, з лесу выйшлі яшчэ дзікі, у тым ліку і дарослыя. Сярод іх знаходзіўся сякач, якога я вызначыў па клінку з пучка доўгіх валасоў у вобласці жывата. Падысці да жывёл я змог блізка. Аддзялялі нас крокаў 15, не больш. Высунуўшыся з канавы галаву, зрабіў серыю здымкаў. Дзікі паглядзелі на мяне даволі здзіўлена, а затым адбеглі да іншых кабаноў і пачалі разам з імі шукаць зярняткі ў валках саломы. Маўляў, іншага клопату нам няма, як табе пазіраваць. Крыху пачакаўшы, пачаў прыбліжацца да ўсёй кампаніі. Дарослых жывёлін зацікавіў і насцярожыў шум снегу пад маімі нагамі, і як толькі я зрабіў некалькі здымкаў на фоне прыгожага захаду сонца, усе яны, грозна ўхнуўшы, збеглі з месца кармлення. Рэчку пераходзілі па лёдзе. Над ім, у прамерзлым да 15 градусаў паветры, клубіўся пар туману ад незамерзлай палонкі.

Дзень другі

На наступны дзень гэта месца мы наведалі зноў. Дзесьці ў 15.40 з лесу выйшлі ўсё тыя ж шасцёра сяголеткаў і актыўна ўзяліся за ежу. Мароз мацнеў, і жывёліны вымушаныя былі выходзіць на харчаванне ўсё раней і раней. Апусціўшы морды ў салому па самыя вушы, дзікі рухаліся ўздоўж валкоў па полі, перыядычна падымаючы галаву, каб прыслухацца і ўбачыць небяспеку. Вецер у гэты дзень быў процілеглы, і я пачаў хавацца ў знаёмай канаве, толькі з другога яе боку. Ад сярэдзіны дарогі ўжо ішоў па сваіх учарашніх слядах, што значна паскарала мой рух. Літаральна праз 10 хвілін я ўжо стаяў за 15 крокаў ад статка і стараўся сфатаграфаваць не хвасты, а морды. Выглянуў, зрабіў некалькі кадраў, і тут рэзкі парыў ветру крутануў ад мяне пах і панёс у іх бок. Адзін з дзікоў ухнуў іраптам, сарваўшыся змесца, пабег уздоўж канавы ў бок моста. Насустрач яму да замерзлай канавы, прапускаючы для пераходу праз лёдсваіх сяголеткаў першымі, спускаўся яшчэ адзінстатак. Мне зноў прыйшлося ісці схілам канавы метраў 300. Зрабіў некалькі здымкаў, але дарослыя дзікі штосьці пачулі і асцярожна ўчатырох пачалі адыходзіць задарогу на больш бяспечнае месца. Сярод іх выдзяляўся вялікі сякач ідзве дарослыя свінаматкі. Сяголеткі засталіся карміцца, бо трывожных сігналаў ім ніхто не падаваў. Дзень быў надзвычай пахмурны. Цемра насоўвала сваю шапку на навакольны лес даволі хутка. Зноў прыйшлося здымаць з успышкай. Але перад гэтым паставіў звычайны аб’ектыў, каб захапіць большую панараму. Пасля двух кадраў парасяты не вытрымалі імпульсіўнага святла, сарваліся з месца і, перабегшы насыпную дарогу, далучыліся да дарослых. Я выйшаў на гравійку і пайшоў да машыны, пакінуўшы на сёння дзікоў у спакоі.

Сустрэча на Вадохрышча

Наступны дзень выбраў на Вадохрышча. Прыехаўшы ў пачатку чацвертай гадзіны, на адным полі ўбачыў трох парасят, а праз дарогу ў трохстах метрах – статак з пяці дарослых дзікоў. На машыне прыехаў прама на мосцік праз рачулку і, хаваючыся ў замерзлай канаве, вырашыўсфатаграфаваць статак з пяці кабаноў. Апрануты ва ўсё белае, хутка пайшоў па моцным лёдзе, але параўняцца з жывёламі не паспеў. Выглянуўшы з канавы, пачуў папераджальнае вурчанне. Так і ёсць,у зарасніках сухой крапівы, каранямі якой вельмі любяць ласавацца дзікі, стаіць адзін дарослы кабан і ўважліва глядзіць у мой бок. Чалавека, які ішоў па мерзлым снезе, ён, канешне, пачуў, але бачыць не мог. Таму, агледзеўшыся, пачаў зноў сілкавацца, павольна рухаючыся ў мой бок. Я разумеў, што па любым сцэнарыі шлях яго будзе ісці праз гэту вялікую замерзлую меліярацыйную канаву, перабраўшыся праз якую, можна трапіць на скошанае збожжавае поле. Акрамя гэтага, каля канавы паласой у 10 метраў вырас за цёплую восень азімы рапс, сакавітыя зялёныя сцёблы якога вельмі падабаюцца дзікам. А гэтым часам першая пяцёрка ўжо дайшла да сярэдзіны поля і паспяхова падсілкоўвалася. Прымаю рашэнне чакаць гэтага адзіночку, тым больш, што ракурс здымкаў з ніжняй кропкі, паколькі знаходжуся ў канаве, павінны быць цікавы.

Праходзіць хвілін 10. Кабан супакойваецца і ідзе ў мой бок, але не прама, а крыху правей. Відаць, прыродная асцярожнасць усё ж  падказала яму абысці падазронае месца і, магчыма, высветліць, адкуль усё ж ішоў шум. Мне гэтай адлегласці было дастаткова, і я, як толькі звер выйшаў з зарасніку, пачаў здымаць. Шчаўчкі затвора на марозе спынілі кабана. Ён стаяў з паднятай угору нагой і не рухаўся. Не здымаў у гэты час і я. Бачыў, што гэта дарослая свіння ва ўзросце 3-4 гадоў глядзіць быццам скрозь мяне і, не бачачы канкрэтнай небяспекі, працягвае падыходзіць да канавы. Гэта працавала мая белая маскіроўка на снезе. Звер не разумеў, адкуль ідуць шчаўчкі. Не даваў яму інфармацыі і вецер, які дзьмуў збоку. У момант, калі дзік рухаўся, стараўся здымаць кожны крок. Але ён раптам развярнуўся і пабег у іншы ад мяне бок. Дзеля эксперыменту і смеху пачаў па-свінячы рохкаць. І во, дзіва, дзік разварочваецца і ідзе ў мой бок. А пасля некалькіх кадраў літаральна з 20 крокаў бяжыць галопам у зараснікі. Я выходжу з канавы і пераключаю ўвагу на статак, але ён ужо перайшоў у іншае месца і рыецца ля другой меліярацыйнай канавы. Накіроўваюся назад да машыны і назіраю за сваёй знаёмай свінкай, якая перайшла канаву і ідзе ў мой бок для высвятлення новага аб’екта. Станаўлюся на калені за невяліrім кусцікам, устанаўліваю фотаапарат з мона-падам і трымаю аб’ект, што набліжаецца, у рэзкасці. З невялікімі  прыпынкамі свінка набліжаецца да мяне метраў на 35, прынюхваючыся і прыслухоўваючыся, і ў адным з месцаў, пачуўшы ўсё ж мой след, уцякае ў бліжэйшы лес. А я тым часам бачу іншую карціну: з лесу выйшаў яшчэ адзін статак і павольна набліжаецца да маёй машыны. Раблю некалькі цікавых фотаздымкаў, аступаюся, стукаю фотаапаратам па кузаве машыны. Пачуўшы незразумелы гук, дзікі бягуць ад машыны ўполе. Але я разумею, што, калі захачу, то і заўтра застану іх на гэтым жа полі. Моцныя маразы не дадуць жывёлам паляжаць на днёўцы. Яны будуць выходзіць у поле і шукаць сабе ежу…

Віктар КАЗЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце