weather 21° Маладзечна
weather 21° Вілейка
weather 23° Смаргонь
weather 21° Ашмяны
weather 23° Валожын
weather 21° Мядзел
weather 23° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
09.11.2011 16:03 ,

У Ашмянах вынесены прыгавор літоўцу, які вёз у Беларусь наркотыкі

Дзесяць гадоў пазбаўлення свабоды з канфіскацыяй маёмасці. Такі прыгавор вынес 2 лістапада суд Ашмянскага раёна 27-гадоваму грамадзяніну Літвы, якога абвінавацілі ў перавозцы праз мытны пункт “Каменны Лог” дзесяці кілаграмаў гашышу.

Пакаранне літовец па прыгаворы суда павінен адбываць у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. На момант здачы матэрыялу ў друк прысуд не ўступіў у законную сілу. Абвінавачаны на працягу дзесяці сутак з дня ўручэння копіі прыгавору мае права абскардзіць яго ў суд Гродзенскай вобласці.

У судовым пасяджэнні было ўстаноўлена: 6 жніўня ў 1 гадзіну 50 хвілін абвінавачаны, які ехаў з Літвы ў Беларусь на аўтамабілі “Лінкольн” праз мытны пункт “Каменны Лог”, схаваў ад мытнага кантролю наркатычнае рэчыва гашыш агульнай вагой 10 кілаграмаў 730 грамаў.

Аб перамяшчэнні наркотыку вадзіцель іншамаркі не заявіў супрацоўнікам памежнай службы і мытні. Гашыш быў упакаваны ў восем палімерных скруткаў і схаваны за спінкай задняга пасажырскага сядзення і пад абшыўкай поласці кузава аўтамабіля.

Падчас праезду іншамаркі праз “чырвоны канал” мытнай мяжы беларускія памежнікі і мытнікі знайшлі скруткі з рэчывам і не пусцілі яго ў Беларусь.

На судзе абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну. Ён расказаў: напярэдадні, 5 жніўня, у Вільні знаёмы, якога зваць Ігар, прапанаваў яму за 500 долараў перавезці наркотык з Літвы ў Беларусь.

Для гэтага гаспадар “Лінкольна” пакінуў свой аўтамабіль у Вільні каля тэлевізійнай вежы, дзе наркадзялкі “начынілі” яго гашышам. Абвінавачаны сцвярджае: якая колькасць наркотыку і ў якім месцы машыны схаваная, ён не ведаў. А пагадзіўся на гэту сумніўную работу з-за свайго цяжкага матэрыяльнага становішча.

У той жа дзень вадзіцель “Лінкольна” забраў машыну каля тэлевежы і ў ноч на 6 жніўня рушыў да пункта “Каменны Лог”. У дарозе на свой мабільны тэлефон перавозчык зелля атрымаў паведамленне: ехаць не трэба, бо на мяжы праводзіцца ўважлівы агляд транспартных сродкаў. Але было позна. “Лінкольн” у гэты час ужо заехаў на тэрыторыю “Каменнага Логу”.

Праехаць праз “зялёны канал” не атрымалася. Мытнікі перамясцілі машыну на “чырвоны канал”, дзе літовец заявіў у дэкларацыі толькі аб увозе на тэрыторыю Беларусі аўтамабіля маркі “Лінкольн”. Пасля праходжання ўсіх відаў кантролю на выездзе з тэрыторыі паста машыну спынілі і накіравалі ў бокс для паглыбленага агляду аўтамабіляў. Там і знайшлі ўсю партыю наркотыкаў.

Перавозчык паспеў адправіць сваім заказчыкам sms-паведамленне з тэкстам: “Знайшлі”. Пасля чаго яму забаранілі карыстацца мабільным тэлефонам. У зале суда літовец чыстасардэчна раскаяўся ў злачынстве.

Акрамя прызнання віны абвінавачаным, яе даказваюць паказанні сведкаў, якімі выступілі мытнікі, і заключэнне комплекснай хіміка-крыміналістычнай экспертызы. Згодна з гэтымі вынікамі, рэчыва расліннага паходжання, якое было ў скрутках, з’яўляецца небяспечным наркотыкам – гашышам.

Таксама ў мабільным тэлефоне перавозчыка аператыўнікі знайшлі ўваходныя sms-паведамленні, адпраўленыя ў час агляду машыны. Можна меркаваць, што іх адпраўлялі заказчыкі. Вось тэксты гэтых паведамленняў: “Маўчы, выключы тэлефон. Кажы, што купіў у цыганоў”. І яшчэ: “Спытай, колькі грошай”.

У віну перавозчыку гашышу суд паставіў незаконны абарот наркатычных сродкаў у буйным памеры, а таксама перамяшчэнне праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў. Прыгавор быў вынесены па сукупнасці двух злачынстваў. У выніку – 10 гадоў зняволення. Да таго ж суд канфіскаваў аўтамабіль “Лінкольн” як прыладу злачынства.

Аляксандр ЛЯХ, памочнік пракурора Ашмянскага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце