weather 19° Маладзечна
weather 19° Вілейка
weather 25° Смаргонь
weather 19° Ашмяны
weather 21° Валожын
weather 19° Мядзел
weather 25° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
10.11.2011 12:07 ,

Пры пакупцы валюты мэту куплі не пазначаюць

Калі купляеш валюту па новых правілах, мэту пакупкі ўказваць не трэба. У гэтым карэспандэнт "РГ" упэўнілася сёння, 10 лістапада, на ўласным вопыце.

Навіна аб тым, што касіры ў абменніках пазначаюць мэту нават пры пакупцы 1 долара, з’явілася ўчора ў інтэрнэт-выданнях. У маладзечанскіх філіялах банкаў сёння, 10 лістапада, гэтую інфармацыю абверглі. Уласны досвед таксама паказаў, што падобных пытаннях у абменніках не задаюць.

Карэспандэнту «РГ» прадалі 5 долараў у адным з падраздзяленняў «Белінвестбанка» – спыталі толькі пашпарт. Як патлумачыла намеснік кіраўніка маладзечанскага аддзялення (№932) «Белінвестбанка» Таццяна Федчанка, мэта валюта-абменнай аперацыі не пазначаецца. «Гэта, напэўна, нейкае непаразуменне», – сказала яна.

Такую ж інфармацыю дала і намеснік дырэктара маладзечанскага філіяла №601 «АСБ Беларусбанк» Данута Поташ.

«Прадаючы замежную валюту фізічным асобам, банк рэгіструе прозвішча, імя і імя па бацьку пакупніка, назву дакумента, які пацвярджае асобу, серыю і нумар дакумента, асабісты нумар фізічнай асобы або дату нараджэння, калі такі нумар адсутнічае. Дакументам, які пацвярджае асобу можа быць пашпарт, пасведчанне бежанца або від на жыхарства. З якой мэтай купляецца валюта, не ўказваецца – Пастанова Праўлення Нацыянальнага банка гэтага не патрабуе. Магчыма, у першы дзень праграмнае забеспячэнне было так наладжанае, таму і з’явілася такая інфармацыя», – патлумачыла яна.

Ад 9 лістапада ў Беларусі ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6.10.2011 №449 «Аб некаторых пытаннях ажыццяўлення валютна-абменных аперацый фізічным асобам» валюта прадаецца па пашпарце. Як грамадзянам Беларусі, так і грамадзянам іншых краін. Інфармацыя аб пакупніку паступае ў аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму «Разлік».

«АСБ Беларусбанк» адзначае ў сваім прэс-рэлізе, што ад пачатку лістапада банк штодня прадае каля 2,4 мільёна долараў ЗША ў эквіваленце ўсіх валют. Аб’ём купленай валюты складае каля 4,8 мільёна долараў ЗША. Насельніцтва больш здае валюты, чым купляе, – адзначае прэс-служба банка.

У Маладзечне сёння, 10 лістапада, купіць долары ці еўра не было праблемай. У абменніках меліся і дробныя, і буйныя купюры. У адной з кас каля рынка была магчымасць набыць і 1 долар, і 5, і 100 – на любы даход. У чарзе з карэспандэнтам стаялі яшчэ чалавек пяць – пераважна здавалі валюту: 20 долараў, 50 са 100 долараў. У абменніках, якія размешчаныя далей ад рынка, чаргі не было, але выбар не такі багаты: у наяўнасці былі купюры вартасцю ад 5 еўра і 10 долараў і больш.

Святлана ЦІШКО.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце