weather 25° Маладзечна
weather 25° Вілейка
weather 20° Смаргонь
weather 25° Ашмяны
weather 22° Валожын
weather 25° Мядзел
weather 20° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
12.11.2011 06:01 ,

Таісія Лянкевіч: “Я нават тэлевізар гляджу як гісторык”

У музей яна прыйшла 30 гадоў таму. І вырасла. Ад малодшага навуковага супрацоўніка да дырэктара. Кажа, што віной таму цяга да старых рэчаў, якія любіць з дзяцінства.

Госць “РГ” дырэктар Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне Таісія Лянкевіч.

− Вы родам з Маладзечна?

− Не, я нарадзілася ў вёсцы Мышкі Пастаўскага раёна. Там да сягонняшняга дня стаіць наш прыгожы дом, які будаваў для сям’і бацька, расце стары сад. З задавальненнем езжу туды летам. Люблю палюбавацца вялікімі дубамі, якім больш за сто, а мо і дзвесце гадоў, якія растуць недалёка ад хаты. Думаю, раней там была нечая сядзіба.

− Кім былі вашы бацькі?

− Тата, яго звалі Леанід, усё жыццё працаваў на станку ў Варапаеўскім дрэваапрацоўчым камбінаце, а маці, Валянціна, – у варапаеўскім саўгасе.

− У што гулялі ў вашым дзяцінстве?

− Гульняў было шмат. “Ручаёк”, хованкі, “Пікер” – гэта нешта тыпу “гарадкоў”, калі трэба збіваць прадметы палкай. Тады было ў вёсцы вельмі шмат дзяцей. Мы збіраліся каля школы, асабліва летам, і там забаўляліся, пакуль не клікалі дадому бацькі. Цяпер у Мышках ёсць маладыя сем’і, але ў большасці жыхары, як кажуць, дажываюць. Здаецца, мы былі здаравейшымі дзецьмі, чым цяперашнія. І справа не толькі ў чыстым паветры і натуральнай ежы, у нашым жыцці не было спешкі. Проста, спакойна збіраліся ў школу, ніколі не спазняліся. Не было напружання, боязі, быццам нешта не паспееш. Таму і стрэсаў не было.

− Што найчасцей гатавала ваша маці?

− Мы з пляменнікамі да гэтага часу ўспамінаем яе “бабку” і “бульбянкі” з печы, якія былі неверагодна смачныя.

− Хадзіць у школу даводзілася далёка?

− Пачатковая была ў Мышках, а потым хадзіла ў пасёлак Варапаева, за кіламетр ад нашай вёскі.

− З самага дзяцінства марылі стаць гісторыкам?

− Гісторыя падабалася мне заўсёды. Але пэўны час я моцна захаплялася матэматыкай. Гэта дзякуючы нашай настаўніцы Валянціне Іванаўне, яна была дастаткова неардынарным, цікавым педагогам. Потым у нас змянілася настаўніца, запал да матэматыкі знік, і я пераключылася на гісторыю. Вырашыла, што буду паступаць толькі на гістфак. І толькі ў БДУ, таму што педагогам я сябе не бачыла. Дакладна з самага дзяцінства была цікаваць да старых рэчаў: а што гэта, а чаму такое?

− Таму што ў доме бацькоў было шмат такіх прадметаў?

− Гэтая цікавасць пачалася з кніг, я вельмі шмат чытала. І цяпер удзячная бацьку, што ён мяне навучыў. Не памятаю, як вучыў, але і цяпер узгадваю, як чакала, калі ён прыйдзе з працы, мы сядзем і пачнём займацца. У выніку ў першым класе мне не было чаго рабіць, і настаўнікі хацелі  адразу перавесці ў другі, ці ў трэці, але не дазволілі ў аддзеле адукацыі.

− У студэнцкія гады вучыцца было лёгка?

− Матэрыяльна лягчэй чым цяпер, бо на той час мы атрымлівалі добрую стыпендыю. Спачатку 40 рублёў, потым у мяне была павышаная – 60. Гэта былі ўжо грошы, вядома, і бацькі дапамагалі, не без гэтага. А вучыцца цяпер нашмат прасцей у тым плане, што пра ўсё можна даведацца праз інтэрнэт, не выходзячы з дому. Мы ж у той час шмат канспектавалі ў бібліятэках. Да бацькоў старалася ездзіць раз на месяц. Вучыліся і па суботах, таму пасля заняткаў садзілася на цягнік, а вечарам у нядзелю вярталася ў Мінск.

− Як праводзілі канікулы?

− Пасля першага курса ў нас была археалагічная практыка ў Рагачове, капалі гарадзішча. Было вельмі гарачае лета. Жылі ў школе, а практыкай кіраваў прафесар Эдуард Загарульскі, які ў нас выкладаў. Мы працавалі ўсім курсам і вельмі шчыравалі. Кожную горстку зямлі пераціралі ў пальцах, каб не прапусціць магчымую знаходку. Адшукалі некалькі цікавых рэчаў.

На пятым курсе адбылася музейная практыка ў Ленінградзе. Мы два тыдні займаліся тым, што наведвалі самыя лепшыя музеі – Эрмітаж, Музей рускага выяўленчага мастацтва і гэтак далей.

− А пасля было размеркаванне…

− Так, я закончыла інстытут з чырвоным дыпломам. Накіроўвалі ў Горкі, але ў выніку туды паехала маладая сямейная пара аднакурснікаў, а мяне пераразмеркавалі на Гродзеншчыну. У вёсцы Дашкавічы, што на мяжы з Польшай, я адпрацавала настаўніцай гісторыі тры гады – тады быў такі тэрмін. Са мной прыехалі яшчэ чатыры маладыя настаўніцы, нам выдзелілі каля школы фінскі домік, дзе мы і жылі разам. Далі восьмы клас, ён і стаў маім першым выпускам. Тады школа была яшчэ з дзесяцігадовым навучаннем.

Супрацоўнікі музея ў 1982 годзе з Генадзем Каханоўскім.

− А як вы трапілі ў Маладзечна?

− У мяне тут жылі сваякі, і я яшчэ падчас сесій жыла ў іх. Хацела перавесціся сюды з Дашкавічаў, але мне на дазволілі. Прыехала ў горад, калі адпрацавала па размеркаванні, хацела ўладкавацца ў музей. Але месца не было, таму год настаўнічала ў Выверскай школе. Потым выклікалі ў райана, каб прапанаваць пасаду намесніка дырэктара адной з раённых школ. І ў гэты час раздаўся тэлефонны званок. Разумею, што гаворка ідзе пра мяне, работнік райана кажа: “Вось тут у мяне яна сядзіць”. Аказваецца, тэлефанаваў Генадзь Каханоўскі. У музеі, дзе ён тады працаваў дырэктарам, з’явілася месца, і Генадзь Іванавіч запрасіў мяне. Гэта было ў 1981 годзе, так што сёлета ў жніўні адзначалі 30 гадоў маёй працы ў гэтай установе.

Выстава маладзечанскага мастака Кастуся Харашэвіча, канец 90-х гадоў. Былая загадчыца аддзела культуры Надзея Сідарэнка, паэтэса Таіса Трафімава, выкладчыца дзіцячай мастацкай школы Вера Дворак, Кастусь Харашэвіч, Таіса Лянкевіч, навуковы супрацоўнік музея Ірына Усава.

− Ці ёсць у вас, як у гісторыка, любімыя перыяды ці гістарычныя асобы?

− А як жа! Ва універсітэце ў нас было размеркаванне па кафедрах, і я выбрала “Гісторыю СССР дасавецкага перыяду”. Сучасная гісторыя мяне прыцягвала менш. А на трэцім курсе размеркавалі на кафедру “Гісторыя БССР”. Тут і пайшла гісторыя Беларусі. І я пачала рабіць для сябе адкрыцці, таму што ў школе мы практычна не вучылі гісторыю Беларусі.

− Як гэта не вучылі гісторыю Беларусі?

− У школе вучылі гісторыю СССР, і ў падручніках пра Беларусь не было амаль нічога. Мы не ведалі ні Вітаўта, ні Міндоўга, ні Сымона Буднага, ні як утварылася Вялікае княства Літоўскае. Тады і ва універсітэце не выкладалі гісторыю так, як цяпер. Змены адбыліся толькі ў 90-ыя гады. Асабіста я найбольш даведалася з гісторыі Беларусі дзякуючы працы ў музеі, бо даводзілася пастаянна з ёй сутыкацца.

Навуковы супрацоўнік музея Ірына Усава і Таісія Лянкевіч.

Выязны савет дырэктараў дзяржаўных музеяў Мінскай вобласці. Брэсцкі абласны краязнаўчы музей.

Лепшы адпачынак для Таісіі Лянкевіч – экскурсіі і наведванне музеяў. У Камянецкай вежы.

− Як трапляюць у музей экспанаты?

− Шляхоў некалькі. Нешта набываем у антыкварных магазінах. Часам экспанаты прыносяць людзі, ці мы ведаем, у каго можна набыць пэўную рэч. Раней мы часта выязджалі ў экспедыцыі на некалькі дзён ці нават тыдзень. Музей абласны, таму ехалі ў розныя раёны, пыталіся, што ў каго ёсць падыходзячае. Нярэдка нас спачатку сустракалі насцярожана, а потым прыносілі да машыны за грошы ці проста дарылі ручнікі, прадметы побыту. Акрамя гэтага, самі сочым за жыццём. Напрыклад, калі ў Маладзечне былі “Дажынкі”, збіралі друкаваныя матэрыялы, фотаздымкі. Многія каштоўныя экспанаты трапляюць у выніку археалагічных раскопак.

− Але спансіраваць археалагічныя раскопкі – гэта пэўная рызыка для музея.

− Так, мы не можам ведаць, што атрымаем у выніку раскопак. Напрыклад, экспедыцыя прафесара Вадзіма Шадыры ў вёсцы Сялява Крупскага раёна, якую аплочваў наш музей, цягнулася некалькі гадоў, мы атрымалі унікальныя рэчы, некаторыя з іх цяпер уключаныя ў новую пастаянную экспазіцыю “Гісторыя Міншчыны”. Аднак здараецца, што спадзяванні не спраўджваюцца. Па нашай просьбе археолаг вёў раскопкі ў вёсцы Гарадок. У час папярэдніх раскопках там знайшлі цікавыя фрагменты кафлі 16-17 стагоддзя, але калі раскопкі вялі мы, то такіх знаходак не атрымалі. З іншага боку, тое, што часам людзі не лічаць вартым увагі, можа аказацацца каштоўным. Памятаю, мы ездзілі ў вёску Стыцкі на Валожыншчыне. Там жыў адзін дзядуля, які збіраў усе дакументы, як казалі, яшчэ “за польскім часам”. Сваякі збіраліся іх выкідаць, а там жа квіткі па выплаце падаткаў, пасляваенныя дакументы. Мы гэта потым выкарыстоўвалі і на выстаўках, і ў лекцыях.

− Чым займаюцца работнікі музея?

− Наш музей – нібы айсберг. Наведвальнікі бачаць толькі яго вяршыню – выставы, экскурсіі. Але асноўная частка – “падводная”. Музейны супрацоўнік павінен гэтыя экспанаты знайсці, напісаць навуковы пашпарт, а на апісанне некаторых рэчаў можа спатрэбіцца і месяц. Зрабіўшы выставу, мусім падрыхтаваць да яе экскурс, рыхтуем лекцыі, якія чытаем ва ўсіх навучальных установах.

− Як часта абнаўляюцца выставы?

− У музеі каля 50 тысяч адзінак асноўнага фонду, плюс каля 30 тысяч – навукова-дапаможнага. Усё гэта мы павінны паказваць наведвальнікам. Таму на год ладзім прыкладна 30 выстаў. А пакуль экспанаты чакаюць сваёй чаргі на выставу,  кожны з  іх знаходзіцца пад індывідуальным шыфрам у фондасховішчы, якое знаходзіцца ў будынку Цэнтральнай бібліятэкі. Цяпер мы хочам перамясціць фондасховішча ў будынак архіва на вуліцы Лібава-Роменскай. Архіў пераехаў, а ў былым будынку ў 20-30-ыя гады была турма. Усе экспанаты размеркаваныя на 36 калекцый. Напрыклад, экспанаты нумазматычнай калекцыі – кожная манета ў сваёй адтуліне, пад сваім шыфрам. Ёсць калекцыі археалагічныя, мэблі, скарбаў, брашур, кніг, баністыкі, ці грашовых знакаў, сфрагістыкі, ці пячатак, і іншыя. І для кожнай калекцыі прадуглежаныя свае ўмовы захоўвання.

− Якія самыя каштоўныя прадметы фондаў абласнога музея?

− Дакладна я магу назваць самую старую кнігу – “Опусы” Маціаса Фабера 1643 года. Шмат старадрукаў да нас трапіла дзякуючы Генадзю Каханоўскаму, які працаваў у Вільні і набываў цікавыя кнігі ў букеністычных магазінах. Але не менш каштоўныя “Тлумачэнні да твораў Цыцэрона” 1762 года, і можа нават больш значныя для нашага музея, таму што наддруканая ў Нясвіжскай друкарні Радзівілаў. У нас ёсць унікальнае залатое скроневае кальцо дрыгавічоў, залататканы слуцкі пояс, георгіеўскія крыжы. Што з іх самае каштоўнае, адразу не скажаш, усе яны – адзінкавыя экзэмпляры ў Беларусі ці наогул адзіныя.

− Гэты год асаблівы не толькі таму, што вы адзначылі 30 гадоў працы ў музеі, але і таму, што ў новым будынку адкрылася першая пастаянная выстава.

− Так, мы пераехалі ў новы будынак музея ў 2006 годзе, і ўвесь гэты час дэманстравалі толькі часовыя выставы. Гады два экспазіцыю “Гісторыя Міншчыны” рыхтавала каманда самых вопытных работнікаў: намеснік дырэктара па навуковай працы Наталля Палтавец, старшыя навуковыя супрацоўнікі Алена Гаськова, Лідзія Курыловіч, Людміла Дайноўская. Мы некалькі разоў мянялі навуковую канцэпцыю, потым на наступным этапе неаднойчы мянялі мастацкае рашэнне. Урэшце, усё атрымалася, і мы чуем станоўчыя водгукі, падзяку, бачым, што некаторыя наведвальнікі стаяць і разглядаюць прадметы проста ўсутыч са шклом. А тое, што я працую ў музеі 30 гадоў, лепш за ўсё сведчыць аб тым, як мне падабаецца мая праца.

Як гісторыкі ўтрымліваюць у памяці усе даты, падзеі, імёны?

− Ведаеце, я нават тэлевізар гляджу як гісторык. Нейкая гістарычная база закладваецца ў школе, а потым яна сілкуецца ўсё жыццё новымі ведамі. Калі глядзіш перадачы ці фільмы, дзе ўзгадваюцца пэўныя падзеі ці асобы, калі чытаеш кнігі. Існуе так шмат белых плямаў, і ўсё гэта надзвычай цікава. Вось, напрыклад, мы ведаем, што ўпершыню Маладзечна ўзгадвае Дзмітрый Альгердавіч у 1388 годзе. Але што было да гэтага года?

− Вы штосьці калекцыяніруеце?

− З дзяцінства я калекцыяніравала маркі, паштоўкі, фатаграфіі, значкі. Але існуе негалосная музейная этыка: калі ты становішся работнікам музея, то перастаеш быць калекцыянерам. Таму я перастала.

− Як вы любіце адпачываць?

− У бацькоўскім доме, а таксама падарожнічаць па іншых музеях, на экскурсіях. Мне падабаецца фатаграфаваць. Бацькі падарылі фотаапапарат, калі я была ў 6 ці 7 класе. І з таго часу гэта маё захапленне. Люблю фатаграфаваць архітэктуру. Потым свае здымкі выкарыстоўваю ў лекцыях.

− Якое свята ваша любімае?

− Новы год. Прыязджаюць мае пляменнікі Андрэй і Анастасія з Мінску, мы збіраемся за сталом, і на гэтыя некалькі дзён у доме пануе зусім іншая, крыху чароўная атмасфера роднасці.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота з альбома Таісы ЛЯНКЕВІЧ.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце