weather 18° Маладзечна
weather 18° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 18° Ашмяны
weather 19° Валожын
weather 18° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.312
1 долар 1.9886
100 рас.руб. 3.1609
13.11.2011 06:19 ,

Адпачніце ад будзёнасці ў тэатры

Два спектаклі ў двух тэатрах.

Месяц таму ў школе мне прапанавалі наведаць тэатр імя Максіма Горкага ў Мінску. Здаўшы грошы, я пацікавілася, навошта купляць білеты за тры тыдні да спектакля? У Маладзечне практычна заўсёды можна прыйсці ў тэатр за дзень да пачатку прадстаўлення і набыць іх.

Як аказалася, у сталіцы шансы купіць білет нават за два тыдні да паказу нікчэмна малыя.

П’есу “Утаймаванне свавольнай” некаторыя глядзяць і па чатыры разы

Выезд у тэатр праз турыстычнае агенцтва арганізавала выкладчыца гісторыі ў гімназіі-каледжы мастацтваў Нэлі Аванесянц. Нэлі Лявонаўна глядзела спектакль “Утаймаванне свавольнай”, куды мы і ехалі, ужо тры разы. Але хацела ўбачыць і чацверты. З гэтага і пачалася наша з ёю размова.

– Скажыце, калі ласка, што ж так моцна прыцягвае вас ў гэтай пастаноўцы?

– Спектакль мне сапраўды вельмі падабаецца. Па-першае, гэта п’еса Вільяма Шэкспіра, вялікага драматурга, якога я вельмі люблю за тое, што ён падымае ў сваіх п’есах філасофскія, вечныя пытанні, на якія нельга даць адназначны адказ. Такія пытанні, якія былі актуальныя і 200, і 100 гадоў таму, і застаюцца такімі цяпер.

– Нэлі Лявонаўна, якое галоўнае пытанне менавіта ў п’есе “Утаймаванне свавольнай”?

– Я лічу, што адносіны паміж мужчынам і жанчынай. Колькі стаіць Зямля і чалавечае грамадства, столькі, напэўна, гэтае пытанне будзе галоўным.

– А як вы ставіцеся да формы спектакля?

– Вядома каля 400 пастановак гэтай п’есы. У гэтай мяне прыцягвае  менавіта жанр мюзікла. Мне вельмі падабаецца музычная частка гэтага спектакля. Пачутыя матывы круцяцца ў галаве яшчэ некалькі дзён.

Спектакль «Утаймаванне свавольнай”.

– Нэлі Лявонаўна, акцёрскі склад, па-вашаму, мае значэнне?

– Акцёрскі склад выдатны. Недзе восем гадоў таму, калі я ўпершыню патрапіла на гэты спектакль, мы казалі пра галоўных акцёраў: Сяргея Чэкерэса і Вераніку Пляшкевіч яшчэ маладых. Можа быць, цяпер іх нельга назваць пачаткоўцамі, але харызматычнасць Сяргея Чэкерэса проста зачароўвае.

– А тэатр у Маладзечне вы часта наведваеце?

– Даволі часта. З’яўляюцца новыя спектаклі – імкнуся бываць. У гэтым сезоне яшчэ не выбралася, хоць і адкрыццё адбылося. Я лічу, што ў Маладзечне даецца не вельмі шмат магчымасцяў, каб развівацца духоўна, але наш тэатр з’яўляецца менавіта такой крыніцай.

Утаймаванне дзеля гармоніі

Паўтары гадзіны шляху – і вось мы ўжо ў Мінску. Распрануліся ў фае тэатра і падышлі да залы, дзе праходзіў спектакль. Празвінеў першы званок, і мы ўжо павольна аглядаемся і шукаем свае месцы. Час яшчэ ёсць, таму я пачала разглядаць публіку. Трэба сказаць, яна была разнастайнай: ад неардынарных прадстаўнікоў маладога пакалення да заможных дам. Але было відавочна, што ўсе прыйшлі сюды выключна па сваім жаданні і з мэтай культурна адпачыць і атрымаць задавальненне ад прагляду.

Трэба адзначыць, што п’еса сцвярджае ідэю не “раўнапраўя”, а “раўнацэннасці” мужчыны і жанчыны. У эпіцэнтры “драматычнага твора ў жанры мюзікла”, зразумела, працэс ўтаймавання. Але не дзеля ўласнага задавальнення, не з шаленства, не з мужчынскага самадурства. А дзеля гармоніі. У аснове якой – сапраўднае каханне.

Паперкамі ад цукерак ніхто не шамацеў, а значыць гледачоў зацікавіла тое, што адбываецца на сцэне. Час прагляду праляцеў у адно імгненне. Калі скончылася прадстаўленне, зала не адпускала акцёраў. На сцэну гледачы неслі кветкі. Гэта значыць, што доўгія рэпетыцыі былі не марныя і акцёры данеслі асноўны сэнс пастаноўкі. Калі ўся зала пляскае стоячы – гэта, на думку саміх акцёраў, найвышэйшая ўзнагарода. І яны яе атрымалі.

Вачыма тэатральнага гледача

Пасля спектакля, ужо вяртаючыся, я пацікавілася ўражаннямі тэатралаў гімназіі-каледжа мастацтваў.

“Я лічу, што гэта п’еса карыстаецца поспехам дзякуючы сваёй маляўнічасці, сваім песням, пышнай пластыцы галоўнай гераіні, харызме галоўнага героя! – усхвалявана кажа  Даша Лявіцкая. – Калі разглядаць з рэжысёрскага пункту гледжання, то пасля прагляду паўсталі некаторыя пытанні. У цэлым, спектакль добры, але задоўгі”.

“Маё знаёмства з п’есай адбылося на першым курсе (цяпер я на трэцім) тэатральнага аддзялення, – кажа Хрысціна Салаўёва, – і пакінула цалкам негатыўныя ўражанні. Мяне здзівіла, як ставіліся да жанчын у даўнія часы. Быццам яна – прадмет, неабходны ў гаспадарцы, як дом ці плуг. Пабываўшы на спектаклі ў чарговы раз, я была прыемна здзіўленая. Напэўна, вырашальную ролю сыграў галоўны выканаўца ролі Петручыа Сяргей Чэкерэс, які часам з гуллівай пяшчотай, а часам даволі жорстка ставіўся да сваёй маладой жонкі. Але нават у хвіліны яго агрэсіі глядач міжволі адчуваў, што Катарына значыць для Петручыа вельмі шмат. “Сіла жанчыны – у яе слабасці” – асноўная ідэя спектакля. Музыка амаль уся цудоўная, шкада, што не змагла знайсці яе ў Інтэрнэце. Аднак пакідае жадаць лепшага дыкцыя некаторых акцёраў”.

Да прадстаўлення – дзень, але білеты яшчэ ёсць

Натхнёная праглядам выдатнай п’есы ў Мінску, я вырашыла наведаць Мінскі абласны драматычны тэатр і ў нашым горадзе. Прагледзеўшы ўсе афішы, спынілася на пастаноўцы «Псіхааналітык для псіхааналітыка». Без доўгіх роздумаў купіла білет (нягледзячы на ​​тое, што спектакль павінен быў адбыцца на наступны дзень, яны ўсё яшчэ былі). Мне дасталася месца ў апошнім радзе. Але, на шчасце, зала ў тэатры ў Маладзечне такая, што і з апошняга ўсё выдатна відаць.

Апынуўшыся ў фае, разглядаю стэнды і размаўляю з работнікамі тэатра.

З гутаркі я зразумела, што акцёры нашага тэатра вельмі запатрабаваныя. Іх пастаноўкі з радасцю наведваюць жыхары іншых гарадоў. Падчас апошніх гастроляў з асаблівай павагай нашых акцёраў прынялі ў Віцебску. Самі жыхары горада сказалі, што пастаноўкі свайго тэатра рэдка наведваюць, але калі да іх прыязджае маладзечанскі тэатр, то скупляюць усе білеты, прычым імкнуцца зрабіць гэта загадзя.

Вяртаючыся да спектакля “Псіхааналітык для псіхааналітыка”, важна сказаць, што не толькі ігра акцёраў была выдатнай, але і дэкарацыі, і асвятленне. Неапісальнае захапленне выклікаў танец у выкананні Аляксея Карпца, гнуткасць і пластыка якога здзівіла і прымусіла залу пахвалявацца. Дарэчы, калі я ўзяла кнігу, у якой гледачы маглі пакідаць свае пажаданні і каментары, сярод апошніх запісаў была падзяка яму за цудоўны танец. Таму, калі вы яшчэ не былі на спектаклі, то абавязкова схадзіце – у вас застанецца маса ўражанняў.

Мне запомнілася фраза, сказаная адным з герояў пастаноўкі: “Ружовыя акуляры заўсёды б’юцца шклом ўнутр”. П’еса ўтрымлівае ў сабе ўрок, выснову з якога кожны павінен зрабіць сам. І хай нешчаслівы канец у спектаклі, так больш падобна на рэальнасць нашага жыцця.

Меркаванні могуць быць розныя, але акцёр, не важна, у якім месцы ён выступае, усё роўна застаецца акцёрам. І яго галоўная задача – рассмяшыць гледача або прымусіць яго плакаць. З гэтым акцёры маладзечанскага тэатра выдатна спраўляюцца.

Настасся РОЎДА.

Фота забяспечана Настассяй РОЎДАЙ.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце