weather 17° Маладзечна
weather 17° Вілейка
weather 12° Смаргонь
weather 17° Ашмяны
weather 11° Валожын
weather 17° Мядзел
weather 12° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4279
1 долар 2.1098
100 рас.руб. 3.2157
17.11.2011 10:09 ,

У музеі распачаўся адукацыйны праект “Арт-Вілейка”

Лекцыяй аб рэалізме “Вяртанне” ў Вілейскім краязнаўчым музеі 12 лістапада распачаўся цыкл культурна-адукацыйных лекцый аб сучасным мастацтве “Арт-Вілейка”.

Першую лекцыю правёў вілейскі мастак-рэаліст Эдуард Мацюшонак. Ён зрабіў кароткі экскурс у гісторыю мастацкага накірунку, яго зараджэнне, трансфармацыю да ХХ стагоддзя і развіццё на сучасным этапе. На прыкладах расказаў, як правільна ўспрымаць творы. Падчас лекцыі Эдуард Мацюшонак дэманстраваў карціны мастакоў, напісаныя ў розныя эпохі, а таксама свае. Лекцыя адбылася ў выставачнай зале Нікадзіма Сілівановіча.

Эдуард Мацюшонак і куратар праекта Кацярына Сушко.

Ініцыятарам праекта “Арт-Вілейка” стала настаўніца  вілейскай гімназіі №2 Святлана Чабатар. У жніўні яна прыйшла з такой прапановай у музей. Дырэктар музея Сяргей Ганчар падтрымаў гэтую ідэю – на працягу трох месяцаў праект рыхтавалі, і 12 лістапада ён стартаваў. Па словах яго куратара, навуковага супрацоўніка музея Кацярыны Сушко, гэта ўнікальная для Мінскай вобласці з’ява.

– Падобныя лекцыі праходзяць у нашым рэгіёне ўпершыню. Акрамя таго, наш музей стаў пляцоўкай для сучаснага мастацтва. Традыцыйныя краязнаўчыя музеі для гэтага не прызначаныя, бо аб’екты сучаснага мастацтва бываюць даволі правакацыйнымі, нечаканымі – гэта і інсталяцыі, і перформансы, і іншае… Да таго ж мы не толькі паказваем, што такое сучаснае мастацтва, але і тлумачым, як яго трэба ўспрымаць, як зразумець глыбіню твора, якая на першы погляд нябачная, патлумачыла Кацярына Сушко.

Паводле яе слоў, “Арт-Вілейка” мае на мэце не толькі далучыць людзей да мастацтва, але і зрабіць зрэз патэнцыяльнай аўдыторыі: даведацца, хто цікавіцца мастацтвам у рэгіёне, ці многа людзей, якога яны ўзросту.

Лекцыі будуць праходзіць раз на месяц на працягу года – па суботах, пачатак у 14.30. Уваход вольны. Даты кожнай лекцыі мы будзем паведамляць дадаткова. Наступная, снежаньская, – “Венецыянскае біенале. Сучасная скульптура: кітайскі досвед”. Плануецца, што на ёй выступяць скульптар Уладзімір Слабодчыкаў і дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталля Шаранговіч. Іншыя лекцыі будуць прысвечаныя фатаграфіі, анімацыі, перформансу… Па словах Кацярыны Сушко, спецыялісты – мастакі, крытыкі, мастацтвазнаўцы – падтрымалі гэты праект і маюць вялікае жаданне правесці лекцыі ў Вілейцы.

– Навошта ім гэта патрэбна?

– Cітуацыя катастрафічная. Удзел беларускай дэлегацыі ў Венецыянскім біенале (адзін з самых вядомых форумаў сусветнага мастацтва, выстава, якая праводзіцца раз у два гады, з удзелам міжнароднага журы – рэд.) паказаў, што сучаснае беларускае мастацтва знаходзіцца на дастойным узроўні. Але ў Беларусі пра яго не ведаюць: музеі не працуюць з гледачамі. Значыць, трэба паказаць яго людзям, прычым не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёне, навучыць яго ўспрымаць, – патлумачыла Кацярына Сушко ў інтэрв’ю “РГ”.

Плануецца, што праект завершыцца ў чэрвені раённым пленэрам юных масткоў.

Святлана ЦІШКО.

Фота Віталя ПАЎЛОЎСКАГА.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце