weather 7° Маладзечна
weather 7° Вілейка
weather 10° Смаргонь
weather 7° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 7° Мядзел
weather 10° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4279
1 долар 2.1098
100 рас.руб. 3.2157
23.11.2011 13:55 ,

Аляксандр Гармаза: “Ад першай лігі не адмаўляемся”

Маладзечанская “Забудова” ў гэтым сезоне скончыла чэмпіянат Беларусі па футболе ў другой лізе на чацвертым месцы. Ці заканамерны вынік выступлення? Што атрымалася, а што – не? Пра гэта мы пагутарылі з галоўным трэнерам каманды Аляксандрам Гармазой.

Аляксандр Гармаза гаворыць:

Пра вынік выступлення

Я лічу, мы выступілі і дабіліся таго выніку, да якога былі гатовыя і якога заслужылі. Вышэй за нас у турнірнай табліцы апынуліся тыя каманды, якія маюць прафесійны статус – “Ліда”, “Бяроза-2010” і “Белтрансгаз”.

Мы аматарская каманда і скончылі чэмпіянат лепш за ўсе такія самыя калектывы. Але тым не менш, гэта не тое, што мы планавалі. Хацелі ўзняцца ў табліцы вышэй. Крыху падвяла гульня ў першым крузе. Планавалі набраць 39 ачкоў, набралі ўсяго 25. У другім крузе разлічвалі на 32 ачкі, а ўзялі 33.

Пра няўдачныя матчы

У першую чаргу гэта гульні са слонімскім “Белтрансгазам”. Мой добры сябар, галоўны трэнер слонімцаў Аляксей Шубянок, у абодвух кругах “стукнуў мяне пыльным мехам па галаве”. Як гэта можна пракаментаваць? Зоркі ў тыя дні для нас не так сышліся.

А суддзі, канешне, могуць памыляцца, але тое, што яны выраблялі ў тых сустрэчах, не паддаецца ніякаму тлумачэнню. Як можна гаварыць нашым футбалістам: закрыйце рот, інакш будзеце дагульваць матч усямёх?

Не планавалі мы таксама двойчы прайграць “Зорцы-БДУ”. Але там была іншая сітуацыя. Сапернік усёй камандай садзіўся ў абарону, а мы стваралі па 10-12 цудоўных момантаў. Мяч качаўся па лініі варот мінчан, а ў выніку мы прайгравалі.

У Лідзе таксама стваралі добрыя моманты, але атрымалі два мячы ў свае вароты. Страчвалі таксама ачкі ў гульнях з не вельмі моцнымі сапернікамі – “Смалявічамі”, “Оршай”.

Пра футбалістаў

Мяне радуе, што ў гэтым сезоне прыбавілі ў сваім майстэрстве Вячаслаў Камінскі, Раман Шаўчэнка, Радзівон Брадніцкі, Вадзім Ціткоў. Добра ўпісаліся ў калектыў хлопцы, якія прыйшлі з першынства вобласці – Юры Пустаход і Аляксандр Працкевіч, хаця пэўныя праблемы ў тактычнай і псіхалагічнай падрыхтоўцы ў іх узнікалі.

Шкадую, што ў нас няма пакуль забіўнога нападаючага, сапраўднага лідара. Дакладней, такі ёсць, але мы вымушаныя ставіць яго ў абарону. Гэта Дзмітры Вышынскі. Увогуле, страта пасля леташняга сезона Сяргея Дразда і Ігара Нарожніка стала для нас істотнай. І таму першы круг рабілі ў саставе пэўныя перастаноўкі, найгравалі састаў, таму, напэўна, адразу і не “ўпісаліся” ў чэмпіянат.

Пра перспектывы

Цяпер каманда з’яўляецца падраздзяленнем аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама. Начальнік каманды Пётр Кухальскі зараз актыўна займаецца падрыхтоўкай дакументаў для афармлення “Забудовы” як футбольнага клуба. Гэта дазволіць прыцягнуць дадатковыя сродкі фінансавання.

Ад фінансавання і будзе залежаць далейшы наш лёс. Будуць грошы – можна будзе запрашаць новых футбалістаў і разлічваць на лепшы вынік, чым “драўляныя” медалі. Скажу толькі, што ад першай лігі, у якую не трапілі сёлета, мы не адмаўляемся.

Пра асабістае

Пакуль не было “разбору палётаў” па пытанні: чаму не выканалі задачу выхаду ў першую лігу. І папрокаў галоўны трэнер не атрымліваў. Але хачу сказаць: я не адношуся да сваё работы з прахалодай. Я фанат сваёй справы. Спачатку работа, пасля сям’я. Хто не верыць – няхай спытае ў маёй жонкі.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце