weather 3° Маладзечна
weather 3° Вілейка
weather 1° Смаргонь
weather 3° Ашмяны
weather 0° Валожын
weather 3° Мядзел
weather 1° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4377
1 долар 2.1564
100 рас.руб. 3.2572
26.02.2012 07:03 ,

Павел Сталбавенка і ў 85 гадоў – на каньках

Павел Сталбавенка – чалавек даволі вядомы ў Маладзечне. Адны ведаюць яго як бегуна, гарадошніка, лыжніка, плыўца – спартсмена-ўніверсала, іншыя – як сябра калектываў самадзейнасці. Сёлета Паўлу Арсенцьевічу спаўняецца 85 гадоў.

Гэтай зімой Паўла Сталбавенку можна было бачыць не толькі на лыжні ў парку, але і на катку на гарадошным стадыёне. “На каньках я катаўся гадоў 70 таму, у дзяцінстве. Вырашыў успомніць, як гэта, аднавіць былыя навыкі”, – расказаў ён у размове з карэспандэнтам.

Дзяцінства Паўла Сталбавенкі прайшло на Украіне. Ён нарадзіўся ў сяле Сяргееўка Шырокаўскага раёна Днепрапятроўскай вобласці. У гады вайны яго мабілізавалі на работу на руднік Інгулец. У Беларусь разам з мамай і сястрой пераехаў за старэйшым братам Леанідам у верасні 1949 года. Леанід Сталбавенка ў Маладзечне працаваў выкладчыкам фізкультуры, трэнерам па настольным тэнісе. “Ён увогуле вельмі спартыўны быў. Дзякуючы яму я чалавекам стаў. На яго гледзячы, спортам пачаў займацца. Спачатку гарадкамі, а пасля – лыжамі, плаваннем”, – успамінае Павел Арсенцьевіч.

Ён з’яўляецца сябрам клуба аматараў бегу “Рэгіён” ад першага дня яго існавання, больш за 25 гадоў. “Я ведаю Паўла Сталбавенку вельмі даўно, каля 40 гадоў. Пазнаёміліся годзе ў 1975-1976 на заводзе “Спадарожнік”, куды я прыйшоў пасля службы ў войску, – успамінае старшыня клуба аматараў бегу “Рэгіён” Аляксандр Кавалёў. – Выступаючы на спаборніцтвах, мы з ім ці не ўвесь Савецкі Саюз аб’ездзілі. І цяпер ён некалькі разоў на год выязджае на прабегі. Павел Арсенцьевіч вельмі добразычлівы, вясёлы, аптымістычны чалавек. Да цяжкасцяў ставіцца з усмешкай. А вось да спорту – сур’ёзна. Калі ведае, што ў забегу будуць стартаваць яго сапернікі, то і рыхтуецца да спаборніцтваў, і пасля на дыстанцыі “ўпіраецца” і перамагае”.

Павел Арсенцьевіч выступае на розных дыстанцыях, бегае і 1 км, і 3-5 км, і ў бегу на адну гадзіну ўдзельнічае. На 3 кіламетры траціць 25-30 хвілін, за гадзіну прабягае 5,5-6,5 кіламетра.

Большасць яго знаёмых найперш адзначаюць яго таварыскасць. “Для нас, гарадошнікаў, ён як псіхолаг. Умее настроіць хлопцаў на барацьбу, калі трэба, – разрадзіць абстаноўку”, – расказаў намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гарадошнага спорту Аляксандр Кулак.

Ды і гарадошны стадыён у Маладзечне з’явіўся дзякуючы намаганням Паўла Сталбавенкі і Аляксандра Сучко. “У гарадкі тады на гарадскім стадыёне гулялі, – успамінае Павел Арсенцьевіч. – Там бальніца побач – хворыя скардзіліся. А тут пустка была. Мы з Сучко дабіліся, каб дазволілі на ёй абуладкаваць пляцоўкі для гарадкоў. Гуму слалі, навесы рабілі – паступова пабудавалі. Цяпер гэта каштавала б надзвычай дорага”.

Сам ён выканаў нарматыў майстра спорту па гарадошным спорце, з’яўляецца шматразовым пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў спартыўных таварыстваў “Зеніт” і “Ураджай”. Вядзе здаровы лад жыцця. Не курыў у юнацтве і маладосці. А ў тым, што не варта і пачынаць, упэўніўся аднойчы ў шахце. Яго калегі селі перакурыць, а ён адышоў убок. Якраз у гэты момант у шахце здарыўся завал – усе курцы загінулі.

“Навошта мне трэба спорт? Неяк моцна не задумваўся пра гэта… Напэўна, найперш дзеля здароўя. Медыкі кажуць, што сярод тых, хто не займаецца фізкультурай, вельмі шмат людзей з ракавымі захворваннямі. Фізкультура ўвогуле вельмі карысная: я і сплю добра, нягледзячы на ўзрост, і сілы ёсць на іншыя захапленні”, – расказаў Павел Сталбавенка.

Што тычыцца іншых захапленняў, то іх у Паўла Арсенцьевіча шмат. Ён удзельнічае ў самадзейнасці, спявае ў хоры ветэранаў Дома культуры чыгуначнікаў, выдатна дэкламуе вершы. І на вечары танцаў “Для тых, каму за…” ходзіць. І агародніцтвам займаецца. “У мяне памідоры ў парніках растуць, цыбулі летась пасадзіў шэсць градак – мора цыбулі: мне хапае, дачка есць, унукам перадае… Мяне не хвалюе, што нейкія прадукты падаражэлі. У мяне ўсяго хапае”, – падзяліўся ён.

А каля свайго пад’езда ён зрабіў кветнік. “У нашым сяле была вельмі добрая самадзейнасць. Хлопец адзін арганізаваў. Я прыехаў у Маладзечна і думаю: чым бы мне такім, для душы, заняцца. І зрабіў клумбы каля дома: насіў зямлю, садзіў кветкі…” – успамінае Павел Арсенцьевіч.

Жыццё на месцы не стаіць, трэба быць пастаянна ў руху, – лічыць ён. Цяпер Павел Сталбавенка рыхтуецца да адкрыцця летняга сезона спаборніцтваў па бегу. Першы прабег адбудзецца 18 сакавіка ў Жодзіне. “Рыхтуюся. Каб нікому з сапернікаў не саступіць. Сёлета ў мяне юбілей – хачу ўтрымаць першынство”, – сказаў ён.

Павел Сталбавенка ў кастрычніку 2011 года выйшаў на старт забегу на адну гадзіну (відэа).

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце