weather 12° Маладзечна
weather 12° Вілейка
weather 14° Смаргонь
weather 12° Ашмяны
weather 12° Валожын
weather 12° Мядзел
weather 14° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3275
1 долар 1.9961
100 рас.руб. 3.1586
05.04.2012 12:42 ,

Канаву разгрэблі. Смецце цяпер на беразе (+відэа)

Канаву ў Турэц-Баярах, у якую мясцовыя жыхары доўгія гады кідалі смецце, разгрэблі камунальнікі. Але цяпер зноў паўстае пытанне, хто будзе яе чысціць у чарговы раз.

Паўтара года таму “РГ” ужо пісала пра гэту канаву. Яна праходзіць адразу за дамамі, паміж гаражамі і хлявамі. Каб бруд не трапляў у рэчку Ушу, яе перакрылі. Мясцовыя жыхары скардзіліся на тое, што бытавое смецце, якое яны ж накідалі ў ваду, не прыбіраюць улады. А сельвыканкам і раённая ЖКГ не маглі вызначыцца, хто ж адказны за гэты аб’ект.
Пасля публікацыі ў “РГ” раённая ЖКГ пачысціла канаву, але ўсё смецце пакінула адразу каля яе. Праз паўтара года смецце там так і ляжыць, а ў саму канаву жыхары накідалі яшчэ.

Такой канава была паўтары гады таму.

− Ну правільна, якім чыноўнікам гэты бруд і смецце трэба, яны ж тут не жывуць! − абураецца мясцовы жыхар Іван Парфёнаў. − Я дзе толькі не быў, нідзе такога няма! Вось прыехаў на адпачынак, працую далёка, парадак вырашыў навесці − вас запрасіў. Тут жа і дзеці бегаюць, а смурод жа…
Падводзіць да гаражоў каля свайго дома. Паміж двума радамі  панакідана пластыкавых бутэлек, цацак, розных ўпаковак. Дарога на тэрыторыі гаражоў − адзін бруд, ды яшчэ і ў ямінах. Пасля такой прагулкі боты я дома адчысціла толькі старой зубной шчоткай. А за гаражамі − хлявы, каля якіх і знаходзіцца тая канава.

Смецце паміж гаражамі.

Тут заўсёды ёсць людзі: гуляюць дзеці, гаспадары працуюць каля сваіх хлявоў, нехта проста праходзіў паблізу. Пытаюся, хто ж накідаў столькі смецця.
− Не з Маладзечна ж навезлі! − кажа мясцовая жыхарка Рая. − Смецце машына вывозіць тры разы на тыдзень. Ну што, нельга выкінуць? Я век сюды не кідала, мы заўсёды ў сметніцу выносім.
А калі б вам прапанавалі неяк усім жыхарам сабрацца і прыбраць гэта?
− Ніхто не пойдзе. Я сюды ніколі ні адной паперкі не кінула, чаго гэта я пайду? Прыбіральшчыцы ёсць, чатыры штукі, але яны толькі ля дома пройдуць і ўсё.
− Людзі таксама вінаватыя, канешне, − лічыць Іван Парфёнаў. − Але вінаватая ў першую чаргу ўлада. Злаві ды аштрафуй каго-небудзь. Я не веру, што парадак нельга навесці. Проста начальства не хоча.

Што на гэта адказвае “начальства”?
− У сакавіку гэту тэрыторыю мы замацавалі за ЖКГ, − распавядае старшыня Лебедзеўскага сель­ваканкама Леанід Семашкевіч. − Паводле рашэння сельвыканкама, канаву мусяць прыбіраць яны, калі толькі наша рашэнне не адменіць райвыканкам. Так што няхай выконваюць.
− У такіх выпадках заўсёды вінавацяць ЖКГ, − адказвае начальнік філіяла “Камунальніка” “Раённая ЖКГ” Валянцін Апяцёнак. − На балансе ў мяне гэта канава не стаіць. Паўтара года таму яе пачысцілі мы, а мясцовыя жыхары выдатна дапамагаюць зноў яе засмечваць. У гэтай канавы павінен быць уласнік − ці прадпрыемства меліярацыйных сістэм, ці сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў. Рашэння сельвыканкама я пакуль не бачыў. Калі ўбачу − буду чысціць.
− Мы тут наогул ні пры чым, нашай яна магла б быць, калі б стаяла ў полі, напрыклад, а гэта канава каля гаражоў і хлявоў, − гаворыць дыспетчар ААТ “Заскавічы” Таццяна Міцько.
− Я не магу адказаць, ці наша гэта канава, − адказвае галоўны інжынер маладзечанскага прадпрыемства меліярыяцыйных сістэм Уладзімір Горбач. − Трэба выязджаць на месца з тэхнаглядам. Але нават калі яна наша, мы не можам чысціць яе ад бытавога смецця. Мы можам вычысціць глей. Тое, што мы вычысцілі, мусім разраўняць па беразе.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце