weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 1° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 1° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4235
1 долар 2.1213
100 рас.руб. 3.204
30.04.2012 02:01 ,

Ксёндз Анатоль пазычыў вілейскаму музею слуцкі пояс (дапоўнена, +відэа)

Слуцкі пояс пазычыў ксёндз Анатоль Парахневіч з Альковічаў на час выставы ўнікальных здымкаў Вілейшчыны 20 стагоддзя.  Адбылося гэта ў дзень адкрыцця выставы ў суботу, 28 красавіка, у выставачнай зале Сілівановіча вілейскага краязнаўчага музея.

У дзень адкрыцця выставы «Вілейшчына: падарожжа ў часе» арганізатары правялі экскурсію для наведнікаў, а ў перапынках паміж расповедамі вілейскі дудар Алесь Бакіноўскі іграў на дудзе.
Здымкі для першага стэнда кіраўнік вілейскай суполкі “Таварыства аховы помнікаў” Дзяніс Канецкі атрымаў у перапісцы са спадчынніцай маёнтка ў Гануце (цяпер Ручыца) Ядвігай Наінскай, якая цяпер жыве ў Польшчы.

Адзін з арганізатараў выставы, кіраўнік вілейскага Таварыства аховы помнікаў Дзяніс Канецкі распавядае пра здымкі, якія забяспечыў ён.

– Спадчынніца перадала мне калекцыю старых фамільных здымкаў, усяго каля 20, – распавядае Дзяніс Канецкі. – На першым фота – маёнтак у Гануце, гэты здымак зроблены да 1915 года. Калі прыгледзецца, мы ўбачым, што вісіць яшчэ герб Агінскіх, хаця Валовічы маёнтак ўжо выкупілі. А вось на гэтым здымку аб’ект, які мала дзе сустракаецца: лямусы – будынак, у якім на першым паверсе размяшчаўся гаспадарчы інвентар, а на другім жылі парабкі.
Ксёндз Анатоль Парахневіч з Альковічаў распавядаў пра частку здымкаў выставы са свайго архіва, якія перадаў яму Анджэй Багдановіч – апошні прадстаўнік роду. Ён падзяліўся, што ў яго архіве вельмі шмат старых фота, і большасць з іх прысвечаная сям’і Багдановічаў, што жылі ў Стайках.

Ксёндз Анатоль Парахневіч. На час выставы ён пазычыў музею слуцкі пояс са сваёй калекцыі.

 

Ксёндз акцэнтаваў увагу на фота партрэта лоўчага ваяводства Мінскага, галоўнага суддзі княства Літоўскага Тадэвуша Багдановіча, які пабудаваў драўляны маёнтак у сярэдзіне 18 стагоддзя ў Стайках. Фота другога партрэта – Вікенція Багдановіча, гэта прадзед Анджэя. Арыгінал партрэта Анджэй нядаўна прадаў адной польскай галерэі.
На выставе шмат фота, на якіх шляхціцы сфатаграфаваныя “ў жыцці” – яны не проста стаяць перад камерай, а ілюструюць нейкі момант, напрыклад, гульні ў карты. На адным з такіх здымкаў можна пабачыць апошнюю ўладарку Мацькаўцаў Марыю Багдановіч, якую, паводле слоў ксяндза Анатоля, у 1942 годзе арыштавала гестапа і расстраляла па дарозе ў Вілейку.
– У маёнтку ў Стайках самым каштоўным быў слуцкі пояс, – кажа ксёндз Анатоль. – А я вам з маёй уласнай калекцыі даю фрагмент слуцкага пояса, каб людзі бачылі, што гэта наогул такое. Так што на час выставы я вам яго пазычаю, бо мяне вельмі ўсцешыла тое, што тут ёсць сігналізацыя.
Сябра Таварыства аховы помнікаў Аляксей Лужынскі не толькі расказваў аб здымках, але і заахвочваў дапамагаць дзейнасці Таварыства і музея.

Сябра Таварыства аховы помнікаў Аляксей Лужынскі яшчэ і запрашаў усіх прысутных далучацца да краязнаўчай працы.

– У кожнага з вас дома ёсць старыя рэчы – ручнікі, фота, – тлумачыць Аляксей. – Але пакуль яны недзе пыляцца, яны не выхоўваюць нас, не працуюць. Таму, калі ласка, прыносьце такія рэчы ў музей ці перадавайце нам, будзем ладзіць з імі выставы.
Фота з архіва музея і калекцыі краязнаўцы Яўгена Петрыкевіча  паказваюць старыя будынкі Вілейкі, панараму горада ў розныя гады, адметныя будынкі раёна. Пра іх расказваў дырэктар музея Сяргей Ганчар.

Дырэктар музея Сяргей Ганчар распавядае гісторыю здымкаў з архіва музея.

Краязнаўца Анатоль Капцюг выказваў свае заўвагі да многіх фота. Напрыклад, што лямусы былі зручныя тым, што інвентар у такіх будынках ахоўваўся парабкамі.

Анатоль Капцюг.

– Выстава будзе доўжыцца да 27 мая, – кажа Аляксей Лужынскі. – У дзень закрыцця а 13 гадзіне будзе цікавая лекцыя па гісторыі. А яшчэ я вас хачу зацікавіць вось чым. У час выставы мы будзем замяняць фотаздымкі, так што ў дзень закрыцця можна прыйсці і знайсці 20 адрозненняў.
Подпіс пад здымкам: «Пан Рачкевіч, пан Крупскі, пані Марыя Багдановіч (уладарка Мацькаўцаў), пан Левіцкі, пані Крыстына Багдановіч (сястра ўладара в. Стайкі). Фота з архіва ксяндза Анатоля Парахневіча».

Вілейскі дудар Алесь Бакіноўскі каля слуцкага пояса.

Наведвальнікі выставы.

 

Зоя ХРУЦКАЯ.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце