weather -1° Маладзечна
weather -1° Вілейка
weather 5° Смаргонь
weather -1° Ашмяны
weather 4° Валожын
weather -1° Мядзел
weather 5° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.425
1 долар 2.1472
100 рас.руб. 3.162
30.06.2012 09:13 ,

Канкурсантаў "Адной зямлі" можна смела адпраўляць на Еўрабачанне

Фота: Зоя Хруцкая.

“Куды знікае талент дзяцей?” – падняў пытанне старшыня журы XIV рэгіянальнага фестывалю-конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні “Адна зямля” Эдуард Зарыцкі.

Сёлета “Адна зямля” прайшла у суботу, 23 чэрвеня, у Вілейцы, дзе сабраліся прадстаўнікі Міншчыны і Гродзеншчыны.
Пытанне мінулых гадоў аб тым, як яго скараціць, так і засталося нявырашаным. За ўвесь дзень журы паслухала 74 песні ў выкананні 37 выступоўцаў, бо кожны спяваў па дзве. Конкурс цягнуўся з 11 раніцы да 9 вечара.

Журы (злева направа): вядучы спецыяліст Гродзенскага абласнога цэнтра народнай творчасці (ГАЦНТ) Алег Комар, канцэртмайстар Белдзяржфілармоніі Леанід Шурман, народны артыст Беларусі Эдуард Зарыцкі, намеснік дырэктара ГАЦНТ  Таццяна Грыгаран, вядучы спецыяліст па музычным мастацтве Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Дзмітры Сушко.


Дзе ў гэты час былі самі віляйчане, невядома. Гледачоў было зусім няшмат – пераважна кіраўнікі і выступоўцы. Дарэчы, тут вылучыліся групы падтрымкі маладзечанцаў і валожынцаў, якія хварэлі за сваіх і нават падрыхтавалі плакаты.
Спісы выступоўцаў мяне вельмі здзівілі, таму што калі ў першай узроставай групе было заяўлена 12 удзельнікаў, то ў апошняй – усяго 5. Дарэчы, усяго груп было чатыры. Як выявілася, несупадзенне ў колькасці ўдзельнікаў зачапіла не толькі мяне. Старшыня журы выказаў сваё меркаванне адносна гэтай тэмы і фестывалю наогул.
Паўтараючы чужую песню, спявак прайграе
Народны артыст Беларусі Эдуард Зарыцкі, які ўжо быў старшынёй журы на фестывалі сем гадоў таму, пасля праслухоўвання ўсіх выканаўцаў падзяліўся сваімі ўражаннямі ад конкурсу:
− Калі параўноўваць з “Еўрабачаннем”, куды мы адбіралі дзяцей тыдзень таму, то ўзровень значна ніжэйшы. Але дзіцячае “Еўрабачанне” – гэта эталон. Сам конкурс “Адна зямля” сёлета быў вельмі ўдалы. Некалькі чалавек можна было пасылаць і на адбор “Еўрабачання”. Яны выглядалі б годна. Гэта вельмі высокая адзнака і вялікая пахвала. Дарэчы, на “Славянскім базары”, дзе я таксама прымаў удзел у адборы, сёлетні ўзровень быў вельмі слабы. Мы ледзьве змаглі кагосьці выбраць. Таму тут мне было вельмі прыемна бачыць таленавітую моладзь. З канкурсантамі яшчэ б крыху пазаймацца, паказаць ім дыханне, фразіроўку, правільнае інтаніраванне. У вашым рэгіёне зямля такая ўрадлівая на таленты. Самае галоўнае – што ў дзяцей падчас выступлення свяціліся вочы.
− А як пазбегнуць крыўдаў на журы? Кожны ж лічыць сябе найлепшым…
− Ніхто не крыўдуе на журы¸ таму што канкурсанты самі паслухалі адзін аднаго і выставілі адзнакі. Кожны ведае, хто спеў лепш, а хто горш. І той, каму штосьці не ўдалося, будзе працаваць над сваімі памылкамі і выпраўляць іх. Ён думае: “Вось я падрыхтуюся, і ўжо праз год ну пакажу клас!” Вось гэта самае галоўнае ў такіх конкурсах.
− А што наконт гран-прызёра Артура Міхайлава?
− Хлопец мне спадабаўся. Ён па праву атрымаў сваё месца. У нас у адносінах да яго было аднадушнае меркаванне. Таму і вынікі хутка аб’явілі. Я заўсёды кажу, што чым вышэй клас журы, тым карацей абмеркаванне.
− Як вы ставіцеся да песень, якія сёння прагучалі?
− Вельмі добра, што было шмат беларускіх песень. Трэба, каб гучала беларускае слова і беларуская паэзія. Але многія з іх паўтараліся. У мяне склалася адчуванне, што выступоўцы папросту не слухаюць ніякіх новых кампазіцый. Столькі конкурсаў і канцэртаў праходзіць! Трэба іх і слухаць, і глядзець. А то яны штосьці адно пачулі і адразу ж узялі сабе. А гэта ў любым выпадку пройгрыш, бо недзе ў памяці арыгінал застаецца. Таму трэба запісваць свае песні, працаваць з паэтамі і кампазітарамі.
− А чаму ў малодшай групе шмат выканаўцаў, а ў старэйшай ледзь не ў тры разы менш?
− Я заўсёды кажу: шкада, што дзеці вырастаюць. Калі яны прыходзяць дарослыя, увесь талент ужо некуды дзеўся. Вось выбралі дзесяць чалавек на дзіцячае “Еўрабачанне”, пяць з іх можна смела адпраўляць. А трэба кагосьці аднаго. Крыўдна! А калі дарослых адпраўляем… Дык вы самі бачыце нашы поспехі на дарослым “Еўрабачанні”. Што тут адбываецца? Я не магу адказаць, але гэта вялікая праблема.
− А як можна палепшыць гэты фес-тываль?
− Трэба больш строга праводзіць адбор. Хай лепш будзе на дзесяць  удзельнікаў менш, але кожны атрымае нейкі прыз. А то што з гэтага дыплома?!

Настасся РОЎДА, Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота забяспечана аўтарамі.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце