weather -1° Маладзечна
weather -1° Вілейка
weather 5° Смаргонь
weather -1° Ашмяны
weather 4° Валожын
weather -1° Мядзел
weather 5° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.425
1 долар 2.1472
100 рас.руб. 3.162
24.07.2012 11:10 ,

Мястэчка Буйвіды над Віліяй атрымала герб

Фота: Александр.

15 ліпеня ў памежным з Беларуссю мястэчку Буйвіды (Buivydžiai, Bujwidze) над Віліяй адбылося ўрачыстае асвячэнне герба і штандара паселішча.

Буйвіды некалькі гадоў запар былі адным з пунктаў на маршруце міжнароднай экспедыцыі па Віліі “Шляхамі графа Тышкевіча” – першым прыпынкам водных падарожнікаў з Літвы і Беларусі.

За правам мець сваю эмблему Буйвіды звярнуліся сёлета, паведамляе сайт delfi.lt. Працэдура праходзіла некалькі месяцаў. Намаганні уладаў гміны ўвянчаліся поспехам.

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ 23 красавіка спецыяльным дэкрэтам зацвердзіла права Буйдаў на герб.

15 ліпеня адбылося ўрачыстае асвячэнне герба і штандара Буйвідаў. Асвячэнне правёў пробашч буйвідскай парафіі кс. Рышард Пяцюн.

Герб уяўляе сабой чырвонага аленя на серабрыстым фоне, які стаіць на на задніх нагах. Пярэдняя нага абапіраецца аб чырвоны шчыт з сярэбраным геральдычным крыжам.

У геральдычным мастацтве ёсць многа сімволікі. Кожная фігура і колер маюць сваё значэнне. Серабрысты крыж сімвалізуе патрона буйвідскай парафіі св. Ежы (Юр’я) і набожнасць жыхароў гміны. Серабрысты фон – воды Віліі, на берагах якой месцяцца Бувіды. Чырвоны алень паказвае лясістасць мясцовасці і ўвогуле прыгажосць прыроды, якой так ганарацца Буйвіды. Чырвань у гербе – колер адвагі і пралітай крыві даўніх пакаленняў буйвідзянаў у барацьбе з рознымі захопнікамі і падчас розных рэлігійных пераследаванняў.  Праект гербу выканаў скульптар з Коўна (Каўнас) Роландас Рымкунас (Rolandas Rimkūnas).

Раней права на герб надаваў кароль, пазней – асоба, якая спаўняла абавязкі кіраўніка дзяржавы. У сучаснай Літве гэта прэзідэнт.

Да гэтага часу ў Віленскім раёне толькі дзве мясцовасці мелі свой герб: Мейшагола з выявай св. Антонія і Немянчын са св. Міхалам Архангелам.

Аддзел інфармацыі.

Буйвіды на нашых фота

Буйвіды. Касцёл святога Міхала Архангела. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Буйвіды. Касцёл святога Міхала Архангела. Фота Аляксандра Манцэвіча.

У ваколіцах Буйвідаў. Масток праз Вілію. Фота Аляксандра Манцэвіча.

У ваколіцах Буйвідаў. Масток праз Вілію. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Гербы беларускіх гарадоў Павілля

У Беларусі на Павіллі свае гербы маюць Астравец, Смаргонь, Маладзечна і Вілейка.

Герб Астраўца зацверджаны 14 чэрвеня 2007 г. На ім змешчаныя выявы магутнага дуба і стронгі:

Герб Смаргоні зацверджаны 1 снежня 2004 года. Уяўляе сабой выяву на сярэбраным полі мядзьведзя:

Герб Маладзечна зацверджаны ў 1999 годзе. У блакітным полі Багародзіца ў залатой кароне, блакітна-залатым адзенні і залатой мантыі з чырвоным падбоем, трымае блакітнае покрыва з трыма кавалерскімі крыжамі, стоячы на сярэбраным воблаку:

Герб Вілейкі зацверджаны ў 2001 годзе. У чырвоным полі змешчаная выява Віліі і на ёй судна, нагружанае двума цюкамі з залатым жытнім коласам:

Аддзел інфармацыі.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце