weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 2° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 2° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4432
1 долар 2.1666
100 рас.руб. 3.2497
31.07.2012 10:13 ,

Патолагаанатам, які малюе

Фота: Зоя Хруцкая.

Прэпарыраванне трупаў – гэта толькі частка працы патолагаанатама. Большую частку свайго часу ён праводзіць дыягностыку, даследуючы часцінку чалавека пад мікраскопам. І ён лепш за іншых разумее, чаму медыцына – гэта філасофія.

Суразмоўца “РГ” – загадчык міжраённага патолагаанатамічнага аддзялення Мінскага абласнога патолагаанатамічнага бюро Аляксандр Бохан.
– Вы лічыце сваю працу складанай?
– Я прыехаў сюды 35 гадоў таму, тут стаялі светлавыя мікраскопы, у якія адным вокам глядзіш. І трэба было дыягностыку праводзіць. А цяпер жа такое абсталяванне! Але ў нашай працы галоўнае – веды і досвед. Да нас прыйшоў патолагаанатам, два гады адпрацаваў і звольніўся. Не змог. Гэта вельмі вялікая адказнасць. Таму што павінен даць канкрэтны і правільны адказ: гэта пухліна ці не? Рак ці не рак? І памылка тут недаравальная.
Каб стаць патолагаанатамам, трэба закончыць інстытут і інтэрнатуру, а потым яшчэ гадоў восем вучыцца. Я па ўсім Саюзе ездзіў, набіраўся вопыту – Масква, Ленінград, Харкаў. Тады сапраўды рыхтавалі.
– Цяпер у марфолагах вялікі недахоп?
– Не тое, што недахоп, іх можна па пальцах пералічыць. Тыя, хто працуе, на пенсію ідуць. Я сёлета таксама на пенсію іду. У Беларусі чатыры медыцынскія інстытуты, а маладых патолагаанатамаў я не ведаю.
–    А чаму прэпараты па анкалогіі захоў­ва­юць вечна?
– Калі раней архіўнага матэрыялу па раку за год набіралася невялікая скрыначка, то цяпер скрыня ледзь не да столі. Вы самі бачыце, чаму так, якая ў нас экалогія. Мы харчуемся жахліва, мы дыхаем жахлівым паветрам. З навуковага пункту погляду – часта даводзіцца падняць і нешта перагледзець. Даследуем выкідышы – па стане яго змесціва доктар можа аналізаваць, чаму ў жанчыны адбыўся выкідыш, прагназуе, ці варта ёй яшчэ нараджаць, якія перасцярогі варта прадугледзець.
– Вы гэта можаце зразумець, даследуючы маленечкі зрэз?
– У ім усё заключана. Мікрасвет – гэта нібы космас. Усе хваробы ўзнікаюць там, на атамарным узроўні.
– Вы бачыце карціну здароўя ўсяго горада. Што вы можаце пра яго сказаць?
– Вельмі шмат моладзі памірае цяпер ад цырозу печані. Нашы людзі не цікавяцца здароўем, хто іх і як лечыць.
– А чаму людзі не цікавяцца здароўем?
– Ведаеце, у псіхіятрыі існуе такі тэрмін – “індуцыраванне”, ці перайманне. Вось я глянуў, як вы валасы прычасалі – і мне так захацелася. Гэта натуральны стан усяго жывога. Як толькі нейкае святкаванне, адразу з’яўляецца алкаголь. У заходніх краінах існуе культура выпівання, там віно смакуюць. Яны атрымліваюць асалоду, піццё заключаецца ў гэтым адчуванні. А не так, як у нас, каб адключыць мазгі. “А калі я не буду піць,  то буду выглядаць белай варонай”. І вось гэты страх унутраны, які сядзіць у кожным з нас, боязь вылезці і паказаць сябе, бо спакайней пераймаць паводзіны іншых, робіць сваю справу. Ад гэтага, дарэчы, знікаюць многія таленты. Чалавек не асэнсоўвае, што ў кожнага ёсць пэўны тэрмін. Я дзякуючы досведу толькі па знешнім выглядзе чалавека часта магу ўбачыць, якая ў яго ёсць паталогія. Не ўсё, але, паглядзеўшы на целасклад, скуру, паводзіны, ацэньваеш, да чаго схільны чалавек.
–    А вы вывучаеце марфалагічную карціну псіхічных захворванняў?
–    Гэта вельмі складана. Канкрэтна можна даследаваць пухліну ў мозгу. А псіхічныя захворванні, напрыклад, шызафрэнія, з марфалагічнага пункту погляду могуць суправаджацца змяненнямі нейронаў, іх менее – яны паміраюць.
–    Ці дапамае  вам праца жыць напоўніцу?
–    Яна дапамагае мне жыць найперш у матэрыяльным плане. Мы зарабляем някепска, але праца патолагаанатама вельмі складаная. Медыцына дапамагае  асэнсоўваць многія рэчы, глядзець на жыццё, аналізуючы многія працэсы. Я, напрыклад, захапляюся жывапісам. Выставу маіх твораў ладзілі ў музкаледжы. Чэхаў і Булгакаў таксама былі дактарамі. Я, канешне, не параўноўваю сябе з імі. Але з досведам становіцца зразумела, што медыцына – гэта філасофія.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце