weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather -0° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather -1° Валожын
weather 1° Мядзел
weather -0° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4377
1 долар 2.1564
100 рас.руб. 3.2572
30.08.2012 15:39 ,

“Вольнае паветра” у тумане

Фота: Зоя Хруцкая.

Фестываль “Вольнае паветра” ўжо ў пяты раз прайшоў ля вёскі Малое Запруддзе на Валожыншчыне.

Канцэрт гэты і сапраўды незвычайны. Мясцовыя бабулі ды дзядулі павылазілі з хатаў падзівіцца на грандыёзную сцэну ля рачулкі Буянкі, намётавае мястэчка, якое разгарнулася сярод поля, ды імправізаваную стаянку для машынаў, на якіх прыехалі госці фестывалю.

Не часта тут такое сустракаецца. Да таго ж сярод выступоўцаў тут не толькі беларусы “Троіца”, “Kriwi”, ды “Гаротніца”, але і ўкраінцы “Даха-Браха” ды немцы Grine Kuzine. Праўда, хоць для мясцовых уваход на фэст і бясплатны, яны не далучаюцца да натоўпу мінчукоў, якія прыехалі патанчыць пад новае этна. Падзівіўшыся на гэты часовы Вавілон, старыя разыходзяцца па хатах. Адтуль таксама можна быць у курсе, што адбываецца на сцэне. Нават у суседніх вёсках паўночы будзе чуваць музыка.

За гэтае лета на хутары “Шаблі” прайшло тры  фестывалі – “Пікнік. бай”, “Шаманы” і, уласна, “Вольнае паветра”. Гэтым разам гарадскія жыхары маглі пазабавіць сябе на выходных не толькі якаснай фальклорнай музыкай у выкананні прафесіяналаў, але і паспаборнічаць у кіданні каровіных кізякоў, патанчыць ля дыска-сцэны, паглядзець кіно ў сапраўдным хляве, а таксама прыдбаць сабе вырабы мясцовых рамеснікаў .

Сумаваць не давялося нікому. Акрамя асноўных забаваў, ахвочым таксама прапанавалі пазаймацца ёгай ды стаць “ахвярай” сапраўднага майстра па масажы тыбецкімі чашамі.

Містычнасці этна-фэсту дадаў туман, што ўвечары ахутаў сцэну і гасцей імпрэзы.

Не адчайвайцеся, калі вам не ўдалося трапіць на “Вольнае паветра”-2012. Налета фестываль паўторыцца. І вы маеце шанец стаць ягоным госцем ды спрычыніцца да ўзнаўлення беларускіх каранёў.

– Гэта канцэрт БНФ? – пытаюцца ў нашай кампаніі на ўваходзе на хутар “Шаблі” валожынскія хлопцы.
– Не, – адказваем мы.
– Значыць, канцэрт за Лукашэнку?
– Чаму вы лічыце, што калі не БНФ, то Лукашэнка? – з цікаўнасцю запытваем іх.
– Ну, альбо адно, альбо другое, – упэўнена сцвярджаюць тыя.
– Не, гэта проста канцэрт, проста музыка. Ні за тых, ні за другіх, – супакойваем мы мясцовых хлопцаў, якія прыехалі падзівіцца на незвычайны канцэрт.

Аўгіня МАНЦЭВІЧ.
Фота Уладзіслава ЮРКОВА.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце