weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 2° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 2° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4432
1 долар 2.1666
100 рас.руб. 3.2497
02.09.2012 08:00 ,

“Дай грошай на туалет”. Што назіраюць дворнікі каля смеццевых кантэйнераў

Надзея Чаеўская ўжо два гады працуе дворнікам недалёка ад гімназіі №6. Я сустрэла яе, калі ў чарговы раз жанчына збірала ў каробку раскіданае смецце, а потым засыпала яго назад у кантэйнер.

Не думайце, што я памылілася. Справа ў тым, што кожны дзень бамжы вытрасаюць з кантэйнера смецце і пакідаюць у двух метрах ад яго. Уявіце, што жанчыне даводзіцца збіраць смецце і кідаць яго ў кантэйнер  амаль кожны дзень.

− Гэтыя людзі кожны дзень сюды прыходзяць, − расказвае Надзея Чаеўская. − У іх тут і прыбіральня. Я спрабавала штосьці казаць, але яны толькі кідаюць: “Дай грошай на туалет”. На базары ж платны. Тут ужо проста немагчыма знаходзіцца. Ходзяць і ўсё бутэлькі шукаюць, ды яшчэ што паесці. Кручкамі дастаюць. Страх! Стала казаць, каб адышлі крыху, бо немагчыма ж смецце збіраць. А яны мне: “Венік узяла ў рукі і працуй! Паспееш яшчэ прыбраць”. 

− Адны і тыя ж прыходзяць?

− Амаль адны і тыя. Маладыя людзі яшчэ: жанчыны, мужчыны. Але ногі, відаць, хворыя. Аднаго спытала, колькі яму гадоў, дык сказаў, што на пенсіі. А астатнія зусім маладыя.

− Няўжо яны ніяк не рэагуюць на заўвагі?

− Ой, вы што! Не, канешне. Аднак здараецца, ідзеш на працу, а яны табе: “Прывітанне, прывітанне”. Мне здаецца, ніколі б не дапусціла, каб дзіця пайшло на сметніцу. Ну што яны тут могуць знайсці? А хутка зіма прыйдзе. Раней у падвал лазілі, цяпер ізноў палезуць? Панасцеляць сабе пад балконамі і там і будуць жыць. Дзе міліцыя? Чаму не глядзіць?

Як ратуюць ад бамжоў

Намеснік дырэктара па камунальных пытаннях прадпрыемства “Камунальнік” Аляксандр Осіпаў пагадзіўся, што праблема з бамжамі існуе. Дакладней з тым, што яны выкідваюць смецце з кантэйнера і пакідаюць яго  на зямлі. Перыядычна камунальнікі іх ганяюць, але вынікаў ад гэтага няшмат. Гісторыя паўтараецца зноў і зноў.

Старэйшы ўчастковы інспектар Віктар Усціновіч патлумачыў, што раскіданае смецце сапраўды павінен прыбіраць альбо дворнік, альбо камунальнік. Але заўсёды можна выклікаць міліцыю. Тады за раскідванне смецця прыгавор будзе выносіць адміністратыўная камісія ці начальнік РАУС, а за дробнае хуліганства – суд.

Смела званіце ў міліцыю

Пра тое, як не ўмешвацца ў асабістае жыццё і пры гэтым захаваць грамадскі парадак, распавёў пракурор Маладзечанскага раёна Роберт Зубаіраў.

− Забраць бамжа складана, таму што гэта чалавек без пэўнага месца жыхарства. Ён, можа, недзе і зарэгістраваны, але там не жыве. Чалавек, па простаму, жабрак. Але адказнасць за парушэнне правіл добраўпарадкавання існуе. Напрыклад, калі чалавек раскідвае смецце. А спраўленне сваіх натуральных патрэб у неадпаведным месцы наогул лічыцца дробным хуліганствам. Натуральна, што людзі будуць абураныя, калі ўбачаць гэта.

Такімі справамі павінна займацца міліцыя. Яна прыцягвае да адказнасці. За раскіданне смецця таксама можа быць адмістрацыйная адказнасць. Як правіла, гэтым таксама займаецца або міліцыя, або камунальныя службы. Можа займацца санітарная інспекцыя, калі гэта не бытавое смецце, а розныя аб’едкі, якія гніюць і псуюцца, і такім чынам могуць выклікаць эпідэміялагічную сітуа­цыю.

− Значыць, дворнік смела можа звяртацца па дапа­могу?

− Дворнік павінен патэлефанаваць у 102 і сказаць: “Бомж  раскідвае смецце і спраўляе свае патрэбы ў канкрэтным двары. Прашу прыняць меры”. Называйце рэчы сваімі імёнамі. Таму што, калі чалавек тэлефануе ў 102, размова запісваецца на дыктафон. Міліцыя павінна зрэагаваць. Бо кожны дзень потым ідзе праверка ўсіх званкоў. А калі раптам міліцыя не рэагуе, то тады прамым ходам да мяне. Бо гэта ўжо невыкананне іх абавязкаў. Але чалавеку трэба правільна агучваць, што здарылася. Калі ён скажа, што бомж капаецца ў сметніцы, нічога не будзе, бо гэта не з’яўляецца правапарушэннем. Калі б мне патэлефанавалі і сказалі, што бомж капаецца ў сметніцы, я б таксама трубку паклаў. Гэта асабістае жыццё чалавека. Раптам яму пахі падабаюцца. Густы ж розныя. Сыр з плесенню, напрыклад. Я жартую, канешне.

− А ці з’явіцца якая начлежка для бам­жоў?

− Мы хочам стварыць цэнтр па рэабілітацыі бамжоў. Але пакуль што не хапае сродкаў. Такі  праект ініцыіруецца менавіта праваахоўнымі органамі. У жыцці можа здарыцца ўсё, што заўгодна. А куды дзецца, калі няма ні працы, ні жылля, ні дакументаў. Пачынаюць падпрацоўваць, співаюцца. Мы хочам, каб было месца, куды б чалавек мог прыйсці, памыцца, пагаліцца, памыць бялізну. Каб яму там аказалі псіхалагічную і юрыдычную дапамогу.

Цяпер людзям у такім становішчы прыйсці няма куды. У нас ёсць праграмы, якія дазваляюць і аднавіць дакументы, і прайсці медкамісію, і ўладкавацца на працу. Але ж калі абадраны, смярдзючы чалавек прыйдзе ва ўпраўленне па занятасці насельніцтва, яго выставяць за дзверы. Хаця яны могуць яму дапамагчы. Мы хочам, каб ён спачатку прыйшоў, памыўся, а потым ішоў у тое ж упраўленне па занятасці. А адміністрацыйнай адказнасці за тое, што чалавек бомж, не існуе.

Настасся РОЎДА.

Фота Настассі РОЎДЫ.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце