weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 1° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather 0° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 1° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4235
1 долар 2.1213
100 рас.руб. 3.204
03.09.2012 06:00 ,

Будзе ўсё: і песні, і вершы, і тэатр

Урачыстае адкрыццё свята “Я сэрцам пісаў сваю кожную песню”, прысвечанага стагоддзю Максіма Танка,  адбудзецца 15 верасня ў 14.00 у амфітэатры.

На святочным канцэрце выступяць паэты і пісьменнікі Мінскай вобласці, а таксама творчыя калектывы Мядзельшчыны.

Гасцей запрасілі багата. Сярод іх – салістка заслужанага калектыву дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь Валянціна Альшанская, вакальны гурт “Святкі”, лаўрэат міжнародных конкурсаў ансамбль “Грамніцы” і шмат іншых.

Мядзел прыгатаваў сюрпрызы і мерапрыемствы для гасцей. Спецыяліст аддзела культуры мядзельскага райвыканкама Аксана Хацяновіч расказала пра найважнейшыя падзеі, якія пройдуць ў межах свята.

У вёсцы Навікі запаляць агеньчык у лампадках і зайграюць на скрыпцы, калі будуць ускладаць кветкі на магілу Максіма Танка. Пасля ў Мядзеле адбудзецца цырымонія адкрыцця памятнага знака на месцы, дзе ў будучыні будзе ўсталяваны помнік.

Для ўпрыгожвання ў фае бібліятэкі імя Максіма Танка пачне працаваць выстава кветкавых кампазіцый. А таксама тут адбудзецца адкрыццё выставы па выніках міжнароднага фотапленеру “Дарогамі Максіма Танка”.

Пройдзе прэзентацыя кнігі “Усё жыццё я не любіў растанняў…”, прысвечаная паэту. Будзе працаваць пляцоўка “Літаратурна-мастацкая гасцёўня”. Пісьменнікі Казімір Камейша, Анатоль Бутэвіч, Генадзь Пашкоў, Павел Жукаў, Аляксандр Быкаў, Мікола Шабовіч, Алесь Бадак і іншыя сустрэнуцца з чытачамі паблізу амфітэатра ля палатак выдавецтваў. Тут ахвотныя змогуць задаць пытанні, якія іх турбуюць, і атрымаць адказы з першых вуснаў.

Будуць працаваць кірмашы і разнастайныя выставы вырабаў майстроў.

А тым часам у Вілейцы

 Вечарына песні і паэзіі “Я сэрцам пісаў сваю кожную песню”, прысвечаная стагоддзю Максіма Танка,  адбудзецца 20 верасня ў 18.00 у раённым Доме культуры. Уваход вольны.

– Раней у маім уяўленні існаваў Максім Танк, які змагаўся за літоўскія і беларускія землі, – дзеліцца загадчыца аддзялення бібліятэчнага маркетынгу Ганна Герко. – Цяпер жа я адкрыла яго для сябе як тонкага лірыка. У яго шмат незвычайна прыгожых песень пра каханне.

Вечарына гэтая арганізоўваецца вілейскай бібліятэкай разам з раённым Домам культуры. Таму спачатку будуць праводзіцца розныя сустрэчы з чытачамі бібліятэкі, на якіх можна будзе даведацца  пра паэта і яго творчасць. А ўжо потым у Доме культуры будуць спявацца песні, чытацца вершы і паказвацца інсцэніроўкі Максіма Танка і пра Максіма Танка.

– Публіка чакаецца розная, – кажа дырэктарка Дома культуры Вольга Шляпо. – У нас 500 месцаў, таму ўсім будзем рады і ўсіх запрашаем. Мы раскажам пра асноўныя ідэі і цікавыя факты жыцця Максіма Танка. Будзе ўсё: і песні, і вершы, і тэатр.

Даведка РГ. Максім Танк. (Сапраўднае імя Яўген Скурко) — Народны паэт Беларусі, пісьменнік і перакладчык  – нарадзіўся 17.09.1912 г. у вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна. Працаваў у абласной газеце “Вілейская праўда”. Пiсаць вершы пачаў у другой палове 20-х гадоў, будучы гімназiстам, друкавацца – з 1932 года. Педагагічны універсітэт ў Мінску носіць яго імя.

Настасся РОЎДА.

Фота narachanka.by

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце