weather 2° Маладзечна
weather 2° Вілейка
weather 3° Смаргонь
weather 2° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 2° Мядзел
weather 3° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4432
1 долар 2.1666
100 рас.руб. 3.2497
23.01.2013 08:47 ,

Рэспубліка мастацтва пад аховай анёла

З урокаў геаграфіі многія памятаюць, што існуюць карлікавыя дзяржавы.

Так, у Ліхтэнштэйне ці Андоры колькасць жыхароў меншая, чым у Маладзечне. Але як наконт асобнай рэспублікі памерам у адзін гарадскі квартал?

Менавіта такой дзяржавай і з’яўляецца Рэспубліка Зарэчча (па-літоўску – Ужупіс), якая размясцілася недалёка ад старога горада ў Вільні. І няхай рэспубліку на афіцыйным узроўні не прызнала ніводная краіна свету, гэта не замінае жыхарам Зарэчча называць сябе зарэчанцамі і сустракаць шматлікіх турыстаў.

Творчыя людзі ў творчым асяроддзі

Анёл – абаронца Ужупіса, увасабляе мастацкую свабоду гэтага месца.

Незалежная дзяржава існуе ўжо 15 гадоў. Некалі закінуты раён горада быў пад пагрозай руйнавання. Выратавалі яго неабыякавыя людзі – мастакі, артысты, пісьменнікі. Яны аблюбавалі Ужупіс і ўрэшце выкупілі яго ў гарадскога самакіравання.

Адарванасць рэспублікі ад навакольнага горада відаць няўзброеным вокам: старыя дамы не маюць каналізацыі, таму часта можна пабачыць прыбіральні ў дварах.

Для таго, каб патрапіць ва Ужупіс, трэба ўсяго толькі прайсці па мосціку праз рэчку Вялейка, якая аддзяляе Зарэчча ад Старой Вільні. Такая натуральная мяжа насамрэч стварае ўражанне адасобленасці Ужупіса ад горада.

За гады незалежнасці Рэспубліка Зарэчча займела сваю канстытуцыю, сцяг, прэзідэнта, урад, міністэрствы ўнутраных і замежных спраў, а таксама ўласнае войска. Складаецца яно з 12-і жаўнераў. Сапраўдны, а не жартаўлівы дзень незалежнасці рэспубліка святкуе 1 красавіка.

Сцяг Ужупіса – белая далонь з колам у цэнтры. У залежнасці ад часу года ў коле з’яўляецца асенні лісток, зімовая калядная зорка, вясенняя птушка альбо летняя кветка.

Прэзідэнт рэспублікі сёння – Ромас Лілейкас, літоўскі рэжысёр, паэт і музыка. Аб тэрмінах свайго кіравання ён сам дакладна нічога не ведае – кажа, што будзе займаць пасаду да таго часу, пакуль жыхары Зарэчча не супраць.

Аб тым, якім чынам гэта можа атрымацца, у праграме не гаворыцца. Але самі зарэчанцы не выключаюць такой магчымасці.

– Цягам гісторыі Зарэчча доўга было ускраінай горада, – кажа вілянчук Марыюш Антановіч. – Ужупісу заўсёды было цяжка інтэгравацца з Вільняй. Цяпер жа Зарэчча вядомае сваёй творчай атмасферай. Яно вельмі рознае само па сабе, таму і прымае тых, хто таксама хоча быць адметным. Менавіта таму мне яно вельмі падабаецца.

Міністэрства замежных спраў Ужупіса мае ў сваёй праграме цікавы пункт: далучэнне да Зарэчча Рэспублікі Беларусь.

Што наведацьу Зарэччы?

Турысты спяшаюцца ва Ужупіс, прыцягнутыя яго незалежнасцю і багемнасцю. Сапраўды, Зарэчча запамінаецца незвычайнымі малюнкамі на фасадах дамоў, дзіўнымі скульптурамі, утульнымі кавярнямі і галерэямі.

– Зайсці ў Зарэчча – вельмі добры спосаб збегчы ад вялікага горада, – заўважае Марыюш.  – Гэта крыху парадаксальна, бо Зарэчча знаходзіцца амаль у цэнтры Вільні. Тут можна паглыбіцца ў свае думкі альбо вельмі душэўна паразмаўляць з лепшымі сябрамі. Атмасфера гэтаму спрыяе. Я б не раіў хадзіць у нейкія канкрэтныя месцы. Каб адчуць Зарэчча, трэба пашпацыраваць уздоўж Вялейкі і па вулачках квартала.

Добра знаёмая для турыстаў скульптура анёла з трубой на цэнтральнай плошчы Ужупіса. Яна была ўсталяваная ў 2002 годзе і з таго часу з’яўляецца сімвалам зарэчанскай рэспублікі. Каля анёла вельмі зручна сустракацца тым, хто не вельмі добра ведае горад. Тут жа падчас зімовых святаў стаіць галоўная калядная ёлка.

Ёсць у Зарэччы і сувенірныя крамы з сімволікай рэспублікі. Яны карыстаюцца папулярнасцю ў турыстаў: пабыўшы ў сталіцы Літвы можна прывесці падарункі быццам бы з дзвюх розных мясцін – і Вільні, і Ужупіса.

Незалежная частка Вільні багатая на выставачныя пляцоўкі і майстэрні. Без іх не было б знакамітай творчай атмасферы Зарэчча.

– Я жыву ў Вільні толькі трэці год, – кажа літоўка Юргіта Стадаліене. – Але пра атмасферу мастацтва і натхнення Ужупіса я чула, нават жывучы ў Коўне. Тут кожны дом і вулачка маюць сваю непаўторную гісторыю. Тут не бывае сумна, заўсёды ёсць канцэрт ці выстава, якія можна наведаць.

Зарэчча і крымінал – ці шмат ў іх агульнага?

Як паказвае ўласны досвед, на вуліцах Рэспублікі Зарэчча не заўсёды бывае спакойна. Аднойчы, ідучы з аўтобуснага прыпынку дадому, я пазбавілася мабільнага тэлефона. На пустой вуліцы мужчына запытаўся колькі часу. Як толькі я дастала з кішэні тэлефон і паглядзела на экран, мужчына выхапіў трубку з рук і пабег. Такі выпадак вельмі напалохаў і абурыў.

Звярнуўшыся па дапамогу на рэцэпцыю аднаго з гатэляў, я пачула ад літоўкі:

– Вам яшчэ вельмі пашанцавала, што засталіся з пашпартам і грашыма! Як толькі вы дадумаліся ісці па Ужупісе ўвечары, ды яшчэ і адна?!

На пытанне, ці часта тут здараецца нешта падобнае, літоўка адказала, што Зарэчча ніяк нельга назваць спакойным раёнам горада. Яна працуе тут ужо год, і за гэты час мой выпадак – далёка не першы.

Вядома, падобныя сітуацыі здараюцца ў кожным горадзе. Наведваючы Зарэчча цяпер, я ўсё роўна не атаясамліваю яго з крымінальнай часткай Вільні. Атмасфера вузкіх падсвечаных вулачак адаганяе жахлівыя думкі прэч.

– Я таксама не аднойчы чуў розныя крымінальныя гісторыі з Зарэчча, – кажа Марыюш. – Але сам ніколі не меў там ніякіх праблем. Я ведаю ў Вільні куды больш небяспечныя раёны, чым Ужупіс, якія варта назваць самай крымінальнай часткай горада.

Канстытуцыя Зарэчча: “Чалавек мае права быць шчаслівым”

Галоўны прававы дакумент рэспублікі можа пабачыць кожны ахвотны. Канстытуцыя складаецца з 38 артыкулаў. Яе тэкст перакладзены больш чым на 20 моў і кожны з перакладаў нанесены на шыльду. Сцяна з шыльдамі стаіць недалёка ад Вялейкі. Сярод асноўных моў перакладу ў шэрагу з літоўскай, англійскай і французкай вылучаецца беларуская. Аўтар перакладу – фатограф Андранік Антанян.

1. Чалавек мае права жыць побач з Вялейкай, а Вялейка – цячы каля чалавека.
2. Чалавек мае права на гарачую ваду, ацяпленне зімою і чарапічны дах.
3. Чалавек мае права памерці, але не абавязаны.
4. Чалавек мае права на памылкі.
5. Чалавек мае права быць адзіным і непаўторным.
6. Чалавек мае права любіць.
7. Чалавек можа быць нялюбым, але гэта неабавязкова.
8. Чалавек мае права не быць знакамітым і вядомым.
9. Чалавек мае права ленавацца альбо нічога не рабіць.
10. Чалавек мае права любіць і даглядаць котку.
11. Чалавек мае права рупіцца пра сабаку да канца дзён аднаго з іх.
12. Сабака мае права быць сабакам.
13. Котка не абавязана любіць свайго гаспадара, але ў цяжкую хвіліну мусіць прыйсці яму на дапамогу.
14. Чалавек мае права часам не ведаць, ці мае ён абавязкі.
15. Чалавек мае права сумнявацца, але гэта не абавязак.
16. Чалавек мае права быць шчаслівым.
17. Чалавек мае права быць нешчаслівым.
18. Чалавек мае права маўчаць.
19. Чалавек мае права верыць.
20. Чалавек не мае права чыніць гвалт.
21. Чалавек мае права ўсведамляць сваю драбнату і веліч.
22. Чалавек не мае права квапіцца на вечнасць.
23. Чалавек мае права разумець.
24. Чалавек мае права нічога не разумець.
25. Чалавек мае права быць розных нацыянальнасцяў.
26. Чалавек мае права святкаваць або не святкаваць свой дзень нараджэння.
27. Чалавек абавязаны прыгадаць сваё імя.
28. Чалавек мае права дзяліцца тым, што мае.
29. Чалавек не мае права дзяліцца тым, чаго не мае.
30. Чалавек мае права мець братоў, сясцёр і бацькоў.
31. Чалавек можа быць свабодным.
32. Чалавек адказны за сваю свабоду.
33. Чалавек мае права плакаць.
34. Чалавек мае права быць незразумелым.
35. Ніхто не мае права зрабіць іншага вінаватым.
36. Чалавек мае права быць асаблівым.
37. Чалавек мае права не мець аніякіх правоў.
38. Чалавек мае права не баяцца.

  • Не перамагай
  • Не бараніся
  • Не здавайся

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота Аляксандры ПАРАХНІ.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце